Плянавалася, што сёньня, 22 сакавіка, усе яны возьмуць удзел у чарговым пасяджэньні працоўнай групы па Беларусі парлямэнцкай асамблеі Ўсходняга Партнэрства (Эўранэст).
Як паведаміў Свабодзе старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, уся дэлегацыя павінна заўтра раніцай вяртацца ў Менск. Вылет — з Брусэльскага аэрапорту Zaventem, дзе 22 сакавіка адбыліся выбухі, у выніку якіх ёсьць ахвяры.
«Адчуваецца агульная напружанасьць. У кавярнях на тэлеэкранах паказваюць кадры з аэрапорту», — сказаў Янукевіч.
«Цяпер мы знаходзімся каля ўваходу ў Эўрапарлямэнт, стала вядома пра новыя выбухі ў мэтро. Сытуацыя мяняецца вельмі хутка — зьявілася вельмі шмат узброеных салдат. Да таго ж нам затрымліваюць выдачу пропускаў у будынак. Мы спадзяемся, што ўсе заплянаваныя мерапрыемствы адбудуцца, але з улікам падзеяў цяжка сказаць, што будзе адбывацца далей», — дадаў Янукевіч.
Палітык даў таксама ацэнку ранішнім падзеям у Брусэлі, назваўшы іх тэрарызмам і экстрэмізмам:
«Мы бачым, што экстрэмізм і тэрарызм памнажаюцца ў Эўропе, сёньня была зробленая сэрыя атак на сталіцу Эўропы — Брусэль. У гэтай сытуацыі трэба заклікаць да міжнароднай салідарнасьці, да гуртаваньня Эўропы вакол яе традыцыйных каштоўнасьцяў».