Беларускі рух салідарнасьці «Разам» правёў 1 сакавіка ў Гомелі ўстаноўчы сход па стварэньні рэгіянальнай структуры, паведамляе БелаПАН. У сходзе ўзялі ўдзел кіраўнік руху Вячаслаў Сіўчык, ягоны намесьнік Алесь Макаеў, прадстаўнікі Мазыра, Сьветлагорска і Калінкавічаў. Рэгіянальным каардынатарам абраны сьветлагарчанін Юры Ляшэнка.
«Цяпер паўстала неабходнасьць узмацніць работу, ствараць структуры, каб аб’ядноўваць людзей для супольнага адказу выклікам сучаснасьці, такім як вострыя праблемы ў ІП у сувязі з указам № 222, — казаў прадпрымальнік Алесь Макаеў. — Будзем ствараць структуры ў рэгіёнах, правядзем рэспубліканскі сход.
Дзейнасьць руху грунтуецца на падтрымцы беларускай мовы, культуры і гісторыі, прадпрымальніцтва, патрабаваньняў аб вызваленьні палітычных зьняволеных, а цяпер гэта Міхал Жамчужны і Андрэй Бандарэнка».
Макаеў адзначыў, што раней на Гомельшчыне былі асобныя людзі, якія падтрымлівалі рух і праводзілі акцыі, напрыклад, у памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсіяў.
На сходзе былі прынятыя рэзалюцыі: «У падтрымку беларускіх прадпрымальнікаў», «Свабоду Андрэю Бандарэнку і Міхаілу Жамчужнаму», «Зварот да грамадзян Беларусі з заклікам уступіць у рух салідарнасьці „Разам“» і «Да кангрэсу дэмакратычных сіл».
Ляшэнка заявіў, што скіруе сваю дзейнасьць на каардынацыю працы па рашэньні праблем прадпрымальнікаў, якіх цяпер «агромністая армія», але пакуль разьяднаная і пасіўная.
«Разам» з «Пэрспэктывай» ці канкурэнт «Пэрспэктывы»?
Рух салідарнасьці «Разам» дзейнічае ўжо 10 гадоў, згадвае палітычны актывіст Вячаслаў Сіўчык у гутарцы з карэспандэнтам Свабоды, рух зарэгістраваны ў Чэхіі, Польшчы і Літве, мае структуры ва Ўкраіне, праводзіць акцыі па ўсёй Беларусі. На рэспубліканскім аргкамітэце будзе прынятае рашэньне пра ўдзел ці няўдзел у парлямэнцкіх выбарах (імі, кажа Сіўчык, як і раней, могуць скарыстацца дзеля адстойваньня інтарэсаў прадпрымальнікаў). Цяпер ладзіцца рэарганізацыя руху, будзе зьмененае кіраўніцтва, а стварэньне рэгіянальных структураў праводзіцца таму, што раней гэтыя структуры не былі фармалізаваныя.
Адна з рэзалюцыяў — пра прадпрымальнікаў. Іншыя дзьве — з заклікам далучацца і кансалідавацца, яшчэ адна пра палітвязьняў. Ці значыць гэта, што рух салідарнасьці «Разам» хоча заняць месца грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва», якое адстойвае інтарэсы прадпрымальнікаў, альбо што рух хоча далучыцца да «Пэрспэктывы»?
«Нашыя калегі з Гомеля ніяк не зьмянялі традыцыйную пазыцыю руху салідарнасьці „Разам“, мы заўсёды дапамагалі барацьбе беларускіх прадпрымальнікаў за свае правы, рэзалюцыя традыцыйная для руху салідарнасьці, — кажа Сіўчык. — Удзельнікі сходу падтрымлівалі патрабаваньні прадпрымальнікаў, прынятыя падчас мітынгаў на Кастрычніцкай плошчы 15, 22 і 28 лютага, яны ня вераць у дзеяздольнасьць працоўнай групы пры Міністэрстве эканомікі і падтрымліваюць прапанову па яе роспуску і стварэньні новай перамоўнай групы. І, натуральна, падтрымалі акцыю 14 сакавіка ў Менску, бо рух салідарнасьці „Разам“ падтрымліваў любыя акцыі, накіраваныя ў абарону беларускіх прадпрымальнікаў.
Няважна, якая з грамадзкіх арганізацыяў спрабуе адстойваць інтарэсы беларускіх прадпрымальнікаў, а важна, якая адбылася трагедыя для беларускага грамадзтва — зьнішчаецца гэты важны для Беларусі пласт, ІП, што ўжо прывяло да масавай міграцыі людзей у Расею. Мы губляем найлепшых нашых людзей! І гэтая трагедыя мусіць кансалідаваць усіх, як прадпрымальніцкіх лідэраў, так і любыя беларускія грамадзкія сілы».
Некаторыя прадпрымальнікі стаміліся ад двух месяцаў страйку і спрабуюць на свой страх і рызыку выходзіць на працу. Ці ня позна прымаць рэзалюцыі ў падтрымку ІП?
«Яшчэ ў сьнежні мы зьвярталіся да ўсіх лідэраў прадпрымальніцкага руху, іншых арганізацыяў, каб яны разам сабраліся і разам вызначылі фармат вулічных дзеяньняў, дату правядзеньня Плошчы, — нагадвае Сіўчык. — Ужо ў лістападзе было зразумела, што ўлады ня будуць саступаць і што патрэбныя вулічныя акцыі. На жаль, нас ніхто не пачуў і падзеі пайшлі іншым шляхам. Сапраўды, ужо вельмі вялікія страты нанесеныя беларускаму грамадзтву».