Касьмічны карабель «Саюз ТМА-18м» з экіпажам Міжнароднай касьмічнай станцыі на борце прызямліўся ў сераду каля горада Джэзказган у Казахстане, паведамляе Цэнтар кіраваньня палётамі.
Амэрыканскі астранаўт Скот Кэлі і расейскі Міхаіл Карніенка вярнуліся на Зямлю, правёўшы амаль год у космасе.
Кэлі і Карніенка зьяўляюцца ўдзельнікамі першага ў гісторыі існаваньня МКС амаль гадавога палёту. Яны абляцелі вакол Зямлі 5440 раз, пераадолелі 143 мільёны міль на працягу 340 дзён у космасе. Яшчэ адзін астранаўт з Расеі Сяргей Волкаў быў зь імі ў космасе апошнія 182 дні.
Для прадстаўніка ад ЗША — гэта самы доўгі час знаходжаньня ў космасе. Скот Кэлі раней апублікаваў на сваёй старонцы ў Instagram цудоўныя фатаграфіі Зямлі з космасу.
Мэта палёту — праверыць рэакцыю чалавека на доўгае знаходжаньне ў космасе ў рамках падрыхтоўкі да пілятуемай місіі на Марс у бліжэйшыя гады.
Да гэтага працяглыя экспэдыцыі на арбіту праводзілі на расейскай арбітальнай станцыі «Мір» амаль дваццаць гадоў таму. Расея працягвае ўтрымліваць сусьветны рэкорд па працягласьці знаходжаньня ў космасе — 438 дзён.
Чарговая экспэдыцыя на МКС выправіцца 19 сакавіка.