Гэтай справе ўжо больш як паўтара года. Яшчэ ў чэрвені 2014 году Генпракуратура Беларусі распачала крымінальную справу адносна службовых асобаў Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі па фактах злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Ганну Шарэйку пазбавілі недатыкальнасьці і ўзялі 15 жніўня 2014 году пад варту. Зьвестак пра тое, што за час сьледзтва ёй зьмянілі меру стрыманьня, у афіцыйных крыніцах не было.
Паводле Генпракуратуры Беларусі, кіраўнікі Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, якія ўваходзілі ў конкурсную камісію, прымалі рашэньні аб закупах кармоў і кармавых дабавак у замежнай камэрцыйнай структуры па завышаных цэнах, што прывяло да шкоды птушкафабрыцы памерам больш як 4 мільярды рублёў. Незаконныя загады сябрам конкурснай камісіі прызнаць пераможцам конкурсу адну з замежных кампаніяў, нібыта давала Ганна Шарэйка. Паводле сьледзтва, «сэнатарка» была ў сяброўскіх адносінах з кіраўніцтвам замежнай кампаніі, якой аказвала падтрымку. Але рабіла гэта не бескарысьліва: у справе фігуруе катэдж Ганны Шарэйкі плошчай 240 квадратных мэтраў, абсталяваны дарагой бытавой і электроннай тэхнікай.
Калі суд прызнае Ганну Шарэйку вінаватай у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, ёй будзе пагражаць пазбаўленьне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.
Сястра «сэнатаркі» Ніна Васільеўна распавядала карэспандэнту Свабоды ў жніўні 2014 году:
«У Віцебску шмат катэджаў яшчэ лепшых, чым у яе. Можна ж зьезьдзіць і паглядзець, якія там катэджы. Яна ў нас у сясьцёр у 2011 годзе пазычыла грошы. У майго сына, які ў Маскве працуе, пазычыла на гэтую будоўлю. У яе няма дзяцей, і яна працавала дзеля гэтага дома».
Ці прызнае Ганна Шарэйка сябе вінаватай? Дакладна пра гэта стане вядома на першым судовым паседжаньні, прызначаным на 22 лютага. Раней у мэдыях зьяўлялася інфармацыя, што Ганна Шарэйка тлумачыць выбар замежнага вытворцы камбікармоў, якія закупляла Віцебская птушкафабрыка, добрай якасьцю гэтай прадукцыі. Паводле некаторых адмыслоўцаў выходзіла, што, купляючы даражэйшыя, але і больш якасныя ў параўнаньні з айчыннай прадукцыяй замежныя кармы, кіраўніцтва Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі не растраціла, а яшчэ і зэканоміла грошы прадпрыемства ды вывела яго ў перадавыя. Паводле гэтай вэрсіі, прэтэнзіі да Ганны Шарэйкі зыніцыяваныя айчынным лобі вытворцаў камбікармоў, якія зацікаўленыя ў манаполіі.
Ганна Шарэйка нарадзілася ў 1960 годзе ў вёсцы Антопальле Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці. Скончыла Віцебскі вэтэрынарны інстытут, Усерасійскі навукова-дасьледчы і тэхналягічны інстытут птушкагадоўлі. Кандыдат сельскагаспадарчых навук.
Працавала ў саўгасе «Сьлідчаны» Чашніцкага раёну, у аб’яднаньні «Белсельгастэхніка». Кар’еру на Віцебскай бройлернай птушкафабрыцы пачала з пасады апэратара.
Два гады таму віцебскае выданьне «Народныя Навіны Віцебску» праз галасаваньне чытачоў прызнала Ганну Шарэйку «Чалавекам году Віцебску-2014».
Працэс над Ганнай Шарэйкай выклікаў вялікую зацікаўленасьць прэсы. Як паведамілі ў Вярхоўным судзе Беларусі, для асьвятленьня працэсу акрэдытавалася 20 журналістаў розных мэдыяў.