Наста Грышчук
Ёсьць паэты, паэткі, паэтэсы, пііты, песьняры, вершаплёты, вэрсыфікатары, графаманы. Яшчэ ёсьць мэнэстрэлі. Напрыклад, Андрэй Хадановіч.
Многія сучасныя аўтары жаляцца на неспрыяльныя ўмовы працы. Страшна падумаць, што сталася б зь імі ў Сярэднія вякі. А вось Андрэй Хадановіч, як мне здаецца, пачуваўся б у тых варунках надзвычай добра. У яго ёсьць усе таленты і ўменьні, неабходныя тагачаснаму паэту. Валоданьне музычным інструмэнтам, бо хто ж стане слухаць «голы» тэкст?.. Ёсьць. Неадольны аптымізм, бо цяжка не апусьціць рукі пасьля таго, як грубая публіка закідае гнілой гароднінай?.. Ёсьць. Востры розум, дасьціпнасьць і схільнасьць да штукарства, бо як іначай убачыць сьвятло між змроку ды згладзіць магчымы канфлікт з уплывовым сэньёрам?.. Гэтаксама ёсьць. Да ўсяго, тэрмін «мэнэстрэль» блізкі да «жанглёра», які ў Сярэднявеччы быў «зацейнікам усякага роду»: музыка, апавядальнік, пацешнік, штукар, акрабат (апошняе можна выкрасьліць).
Думаецца таксама, Хадановіч някепска дружбаваў бы з Франсуа Віёнам. Характарыстыкі творчасьці апошняга лёгка кладуцца на вершы першага, у тым ліку — з новай кнігі «Цягнік Чыкага-Токіё»: рэалізм (выкарыстоўвае побытавыя вобразы для стварэньня кантрастаў і камічнага эфэкту), нязьменная іронія, парадыйнасьць, адсутнасьць грамадзянскіх матываў — хіба жартам (але ў кожным жарце...), пры гэтым — глыбокі лірызм. У Хадановіча ён перадусім выяўляецца ва ўвазе да чалавека. Яго падарожжа па Францыі, Галяндыі, Ісьляндыі, Штатах, Гішпаніі, Японіі, Паўднёвай Карэі ды іншых няродных куточках пераўтварылася ў галерэю партрэтаў. Сярод іх галоўныя, вядома ж, жаночыя. І людзі ўсюды аднолькавыя: хочуць любові і ня хочуць верыць у сьмерць.
Між тым «Цягнік Чыкага-Токіё» нічога новага пра самога Хадановіча ня скажа. У гэтым сэнсе цягнік ідзе па даўно пракладзеных мастацкіх рэйках. Але як «падарожная кніжка» сярод іншых падобных яна ўнікальная: хоць бы тым, што ў ёй не адчуваецца дух «тутэйшасьці». Можна было б сказаць, што Андрэй Хадановіч, ня раз адмаўляючы межы і час, паўстае паэтам-касмапалітам, але самое азначэньне «касмапаліт» зьвяртае ўвагу на тое, што межы ўсё-ткі ёсьць. Тут справа ў іншым: Хадановіч іх не заўважае.
«Усё ўмоўна» — першы прыпынак. Прыпынак другі — «Make love, not war». Тут цягнік стаіць вельмі доўга, так што можна спаліць безьліч плянаў (наш «лірычны герой» і яго спадарожнікі займаюцца гэтым даволі часта). І недзе далёка-далёка, так што і ня верыцца ў яго існаваньне, ― канцавы прыпынак; між тым голас машыніста нагадвае: «Memento mori».
Праз гэта Андрэй Хадановіч упарта зьвяртае ўвагу толькі на найлепшыя праявы жыцьця, так званыя сьветлыя бакі. Так званыя — бо дзе сьвятло, там і цені, і цені паэт таксама вымалёўвае. Дзякуючы ім накіды з натуры (нярэдка аголенай) выглядаюць праўдзіва і жыцьцёва, што называецца, true story.
Аднак за гэтай жыцьцярадаснасьцю немінуча паўстае адчуваньне, што сьвет недасканалы, а часам і папросту бязглузды; разуменьне, што як бы весела ні было цяпер — на ўзьбярэжжы Сены, на матацыкле каракаскага палісмэна, у літаратурным бары недзе ў Амэрыцы — канцавы прыпынак будзе, дый ад сябе нікуды не падзенесься. І чым гучнейшы сьмех, тым вастрэйшае гэта адчуваньне.
Адкрытасьць усяму сьвету і гульні са словамі выдаюць у аўтары вялікае дзіця, літаратурнага Пітэра Пэна. Зрэшты, ня ён адзін застаецца дзіцём. Разуменьне сьвету як закрытай прасторы, у якой мусяць «прылюдняцца» і шукаць сваё шчасьце дзеці ва ўзросьце ад аднаго да ста і болей гадоў, у большай ці меншай ступені заўважнае ў многіх тэкстах. Напоўніцу ж мэтафара разгортваецца ў вершы «Музэй дзяцей» («Museo de los niños»), адным з самых глыбокіх і трагічных вершаў кнігі.
Было б цікава аднойчы пабачыць зборнік самых сумных вершаў Хадановіча. Такая кніга дала б многа большае разуменьне яго як мастака. Цікава, ці ня бачыў ён самога сябе ў радках Яцака Качмарскага:
З тых паломнікаў чвэрць
Пра тваю мараць сьмерць,
Рэшце трэба прыколаў і жартаў.
Ты ня пастыр іх душ,
Дык пакінь іх і руш
Па-за контуры мечаных картаў.
Мэдыйнасьць Андрэя Хадановіча адбіваецца на яго вершах. З аднаго боку — на іх гучаньні, так што тэксты лёгка кладуцца на музыку (да ўсяго, у зборніку маюцца пераклады песенных тэкстаў, якія адпавядаюць настрою зборніка — вясёлы сум і сумная весялосьць). Зь іншага — у імкненьні аўтара да эфэктнасьці радка, так што вершы літаральна начыненыя алюзіямі, а зьнешняе падабенства слоў робіцца нагодай для перакідваньня сэнсавых масткоў між імі. У адным выпадку сапраўды раскрываецца новы сэнс. У іншым за гульнёй нічога няма — акром аўтарскага жаданьня выклікаць усьмешку ў чытача.
Гумар Андрэя Хадановіча і майстэрства апавядальніка (перадусім у занатоўваньні парадоксаў) вельмі б прыдаліся ў малой прозе. Магчыма, герой верша «Доўгая дарога дадому» меў рацыю, даючы аўтару нахабную параду «ты толькі не пішы пра гэта верш [...] Лепш апавяданьне накатай!»?..
Разьдзелы ў кнізе сфармаваныя быццам бы па геаграфічным прынцыпе: «Музэй Сярэднявечча» — парыскае жыцьцё, «Амэрыканскі футбол» — зразумела, «Падарожжы тралейбусам трыццаць восем» — гэтаксама зразумела, «Гейзэр, які заўсёды з табой» — гарачыя ўражаньні ад халоднай Ісьляндыі. Больш стракатыя «Парк атракцыёнаў», які сягае ад Гішпаніі да Калюмбіі, і «Ехаць да мора» — збольшага паэтычная Прыбалтыка, але з раптоўным падарожжам у Грузію. Вядома ж, падзел фармальны, і створаны ён хутчэй для таго, каб не палохаць чытача вялікай колькасьцю тэкстаў. Істотна іншае: першы, «парыскі», разьдзел ― самае сапраўднае выпрабаваньне для паэтычнага таленту. Як укласьці энэргію Парыжу ў радок?.. Мастацтва вымушанае супернічаць з рэчаіснасьцю і заведама прайграе: самы кепскі футбол каля музэю Радэна аказваецца цікавейшым за найдасканалейшы твор. Другаснасьць мастацтва ў параўнаньні з жыцьцём — яшчэ адна нагода для роздуму ў Хадановіча, які мякка іранізуе з творцаў у цэлым і зь сябе ў прыватнасьці. Паэт — вечны вучань жыцьця.
«Цягнік Чыкага-Токіё» — асалода для аматараў загадак, дэшыфроўшчыкаў ад літаратуры, закладнікаў постмадэрнізму. З пазлаў іншых літаратурных твораў і з культурных знакаў розных краін Андрэй Хадановіч зьбірае сваю карцінку. Не да ночы хай будзе сказана, «Цягнік Чыкага-Токіё» — постмадэрнісцкія казкі для дарослых, у якіх выснова заўжды адна.
Жыві пакуль жывецца.