«Лукашэнка вярнуўся з Сочы і загадаў браць курс на Захад» — гэтак назваў свой блог на «Эхе Масквы» расейскі палітоляг Дзьмітры Балкунец. Нагодай сталі заявы, зробленыя кіраўніком Беларусі падчас сустрэчы з міністрам замежных справаў Уладзімерам Макеем. Аляксандар Лукашэнка загадаў актывізаваць перамовы з МВФ, сказаўшы, што перамовы зь Фондам трэба весьці «з улікам нашых пазыцый», аднак дадаўшы, што МВФ ня ўносіць Беларусі «незразумелых і непатрэбных прапановаў», а тыя, што ўносіць трэба рэалізоўваць «як бы ні было складана».
Паводле тлумачэньняў міністра Макея, падчас яго сустрэчы з Лукашэнкам надавалася асаблівая ўвага пэрспэктывам нармалізацыі адносінаў з Захадам, у першую чаргу з ЭЗ і ЗША, «кіраўнік дзяржавы даў канкрэтныя даручэньні па разьвіцьці ўсебаковага супрацоўніцтва з ЭЗ, у тым ліку ў такіх адчувальных сфэрах, як праваабарончая тэматыка, праца з АБСЭ па падрыхтоўцы выбараў і гэтак далей».
Гэтыя рухі цела афіцыйнага Менску выклікалі раздражненьне расейскага экспэрта, ён прыгадвае лёс кіргіскага прэзыдэнта Курманбека Бакіева, які спрабаваў гандлявацца амэрыканскай базай у Кіргістане, браў грошы з расейцаў за яе закрыцьцё, а з амэрыканцаў — за працяг яе функцыянаваньня, і скончыў даволі кепска.
У айчынных СМІ ёсьць звычка падаваць тыя ці іншыя меркаваньні, выказаныя ў расейскіх мэдыя, як думку Крамля, і рабіць з гэтага далёкасяжныя высновы.
Зразумела, прозьвішча блогера «Эха Москвы» — ня Пуцін. У айчынных СМІ ёсьць звычка падаваць тыя ці іншыя меркаваньні, выказаныя ў расейскіх мэдыя, як думку Крамля, і рабіць з гэтага далёкасяжныя высновы. Але меркаваньне спадара Балкунца цікавае і як паказьнік настрояў пэўных расейскіх грамадзкіх і палітычных колаў, і як нагода паразважаць, як далёка можа зайсьці Лукашэнка ў тым «курсе на Захад».
Думкі, падобныя развагам расейскага экспэрта, выказваюць і некаторыя беларускія палітыкі і грамадзкія дзеячы. Выступаючы нядаўна на канфэрэнцыі ў Маскве, кіраўнічка грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач сказала, ці то ўхвальна, ці то папярэджваючы расейцаў: «На захад рухацца яму (Лукашэнку) нішто не перашкаджае... Для эўрапейскіх палітыкаў вельмі важны прагрэс: быў карупцыянэр — перастаў быць карупцыянэрам, быў дыктатар — перастаў быць дыктатарам. Таму больш шчыльныя ўзаемаадносіны, інтэграцыя і праца з праўладнымі элітамі — гэта цалкам эўрапейская палітычная парадыгма».
Супраца — так, інтэграцыя — не
Нішто не перашкаджае Лукашэнку рухацца на Захад як далёка? Так падаецца, што і расейскі экспэрт, і беларускі палітык крыху перабольшваюць ступень заходняга цынізму. Не, ня ў тым рэч, што там былі і ёсьць адно анёлы і адэпты маралі ў палітыцы, проста заходні цынізм не распаўюджваецца на інстытуцыйнае супрацоўніцтва. У часы брутальнага супрацьстаяньня з СССР Захад прыўлашчваў Ціта, Чаўшэску і Мао, якія рабілі больш ці менш значныя крокі ўбок ад лініі Крамля, але нікому не прыходзіла ў галаву запрашаць іх, скажам, у НАТО ці ў іншыя арганізацыі Захаду. І ім гэта было ня трэба, і для Захаду і ня трэба, і немагчыма.
Ну а цяпер, калі нават пуцінская посткрымская Расея — гэта ўсё ж не Савецкі Саюз, і пагатоў. Да ўласна інтэграцыі з Эўразьвязам не запрашаюць нават «выдатнікаў» праграмы «Ўсходняга партнэрства» — Грузію, Малдову і Ўкраіну. Пагадненьні аб зоне свабоднага гандлю, падпісаныя зь імі, ёсьць сапраўды ўсяго толькі пагадненьні аб больш спрыяльных умовах гандлю. Не запрашаюць іх і ў НАТО, на саміце Альянсу ў 2008 годзе Грузіі і Ўкраіне было адмоўлена ў плянах падрыхтоўкі да ўступленьня ў альянс і дагэтуль гэтае рашэньне не пераглядалася.
Дык пра што можа ісьці гаворка адносна Беларусі? Так выглядае, прыкладна пра той узровень і форму стасункаў, якія маюць з Захадам такія дэспатыі, як, скажам, Азэрбайджан.
Дык пра што можа ісьці гаворка адносна Беларусі? Так выглядае, прыкладна пра той узровень і форму стасункаў, якія маюць з Захадам такія дэспатыі, як, скажам, Азэрбайджан і саюзны Беларусі і Расеі Казахстан: ніякіх санкцыяў — пэрсанальных ці эканамічных — няма, ніякіх перашкодаў для камунікацыі на найвышэйшым узроўні няма, інстытуцыйнага супрацоўніцтва ў ваеннай сфэры няма, ўмовы гандлю — стандартны рэжым найбольшага спрыяньня без асацыяцыі і зоны вольнага гандлю, заходні капітал ня мае асаблівых перашкодаў, але і асаблівых прэфэрэнцыяў у параўнаньні, скажам, з расейскім, кітайскім ці турэцкім. У прынцыпе такія, усяго толькі нармальныя, адносіны Захад мае з пераважнай большасьцю дзяржаваў сьвету, літаральна па пальцах можна пералічыць тыя, зь якімі стасункі ў Захаду горшыя за гэтую норму. Дарэчы, ў Казахстану такія стасункі спалучаюцца са шчыльным саюзьніцтвам з Расеяй і не ўступаюць у супярэчнасьць зь сяброўствам Казахстана ў Эўразійскім саюзе і ў АДКБ.
І дасягненьне гэтага ўзроўню стасункаў стала б геапалітычным землятрусам для Беларусі? Чаму? Больш шчыльнымі за цяперашнія адносінамі — так, сталі б. Санкцыі ёсьць — санкцыяў няма, бар’еры ў гандлі і камунікацыі на вышэйшым ўзроўні ёсьць — бар’ераў няма: розьніца відавочная. Але гэтыя стасункі былі б менш шчыльнымі, чым тыя, якія былі ў самой Расеі з Захадам да Крыму: «Васьмёрка», рада ЭЗ-РФ, чатыры прасторы паглыбленага супрацоўніцтва Эўропы і Расеі. Ну так, цяпер гэта гучыць, як сівая легенда, але было ж такое.
Дзе палягае «чырвоная рыса» Расеі для Беларусі?
Але магчыма, што менавіта ў посткрымскіх стасунках паміж Расеяй і Захадам і рэч. І ня выключана, што сапраўдная пазыцыя Крамля (менавіта яго, а не асобных экспэртаў і палітолягаў) гучыць менавіта так: Лукашэнку ня будзе дазволена стаць, фігуральна кажучы, нават Назарбаевым у сэнсе стасункаў кіраваных імі краінаў з Захадам.
Чаму? Ну, напрыклад, таму, што Расея цяпер у стасунках з Захадам перайшла ад ранейшых адносінаў суперніцтва-партнэрства да прамой канфрантацыі. І гіпатэтычныя нармальныя стасункі з Захадам Беларусі — гэта зараз недасягальна для самой Расеі. Ці таму, што Беларусь — калі не Эўропа, то, прынамсі, у Эўропе. Да Масквы некалькі сотняў кілямэтраў па прамой, мяжа з НАТО, украінскі канфлікт побач.
Наколькі небясьпечнай для сябе лічыць Масква нармалізацыю стасункаў Беларусі з Захадам?
Але калі пазыцыя такая, то наколькі небясьпечнай для сябе лічыць Масква нармалізацыю стасункаў Беларусі з Захадам? Гэта ня вельмі пажаданы варыянт ці, як мяркуе беларускі палітоляг Арсені Сівіцкі, «чырвоная лінія»? Апошняе паняцьце дэвальвавалася, як і ўсе іншыя, але першапачаткова — гэта пагроза фундамэнтальным інтарэсам дзяржавы, пагроза, якая павінна быць прадухіленая любой цаной. Для параўнаньня: ЗША не падабалася і не падабаецца кастраўская Куба і яе стасункі з СССР. За гэта Куба атрымала гандлёвае эмбарга, апэрацыю ў Затоцы сьвіней і шмат чаго іншага. Але калі СССР завёз на Кубу ядзерныя ракеты, Вашынгтон быў гатовы ўжо на любыя крокі, каб іх адтуль выдаліць. Усіх, на шчасьце, не спатрэбілася, але гатоўнасьць была.
Дык вось у сэнсе стасункаў з Захадам варыянт «Беларусь — гэта Казахстан у Эўропе» — гэта для Расеі як тыя ракеты на Кубе для ЗША ў 1962 годзе? Альбо бліжэйшая аналёгія — як зьмена ўлады ва Ўкраіне на Эўрамайдане для самой Расеі?
Адказ на гэтае пытаньне мы даведаемся неўзабаве ў тым выпадку, калі Эўразьвяз не працягне замарозку санкцыяў адносна Беларусі, а скасуе іх. Калі расейскі ціск будзе ўзрастаць у геамэтрычнай прагрэсіі, калі будуць новыя гандлёвыя і інфармацыйныя войны, гэта будзе сьведчыць пра тое, што для Масквы нават нармалізацыя стасункаў Менску і Брусэлю — «чырвоная рыса». Калі працягнецца млявае «баданьне», гандаль, магчыма, нават выдача «перніка» ў выглядзе доўгачаканага расейскага крэдыту — гэта будзе сьведчыць хутчэй пра тое, што такі сцэнар для Крамля непажаданы, але не крытычны.