1. Пазычэнцы
Першым партызанам у гісторыі чалавецтва быў цар Давід. Гэта адбылося падчас ізраільска-філістымскай вайны, яшчэ да таго, як Давід пераняў карону з рук свайго папярэдніка, цара Саўла. І як яно зазвычай вядзецца ў Бібліі, гісторыя старазапаветнага партызанства — ня толькі займальная байка, але і добрая навука.
Такім парадкам. Філістымляне ўрываюцца ў Ізраіль. Частковая акупацыя тэрыторыі. Улада ў краіне ірвецца паміж сьвятарамі, кіраванымі апантаным сваім мэсіянствам прарокам Самуілам, ды сьвецкім лобі з псыхічна неўраўнаважаным царом Саўлам на чале. Давід, у цывільным жыцьці — пастух і гусьляр — за ратныя вычыны, сярод якіх вылучаецца перамога ў дуэлі над Галіяфам, даслужыўся да пасады тысячніка, то бок генэрала. Аднак цяпер Давід (у Скарыны — «Давыд») мусіць сысьці са сваімі людзьмі ў лясы, то бок у пячоры на беразе Мёртвага мора. Адтуль ён ладзіць набегі на рэгулярнае войска ворага. Хаваецца ў пячорах Давід ня толькі ад акупантаў, але таксама ад Саўла, які ня можа зжыцца з узвышэньнем былога пастуха ў народзе. Вось як пра пачатак таго партызанства ў перакладзе Васіля Сёмухі:
«І выйшаў Давід адтуль і ўцёк у пячору Адаламскую, і пачулі браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага і прыйшлі да яго туды. І сабраліся да яго ўсе прыгнечаныя, і ўсе пазычэнцы, і ўсе засмучаныя душою, і стаўся ён начальнікам над імі: і было зь ім каля чатырохсот чалавек». («Першая Кніга Царстваў» 22:1)
Біблія сваіх падазрэньняў не хавае.
Адно слова тут муляе, чапляецца, зьвініць абрыдлівым званочкам. Далібог нешта не ў парадку ва ўсёй гэтай гісторыі. Нешта-нейкае, якое не стасуецца зь іміджам народных мсьціўцаў. «Пазычэнцы». Людзі, якія пазычылі і не вярнулі. Адным словам, уцекачы ад даўгоў і, часам, правасудзьдзя. Так чытача апякае першае прызнаньне: Давід — не зусім Туўя Бельскі, што павёў у Налібацкую пушчу і выратаваў ад жахаў другой сусьветнай дзяцей і старых. Бадзяньне па цясьнінах і пячорах чатырохсот мужчын, сярод якіх ня толькі салдаты, заўзятыя патрыёты і пацярпелыя ад вайны, але таксама крымінальнікі, як мінімум насьцярожвае. І Біблія сваіх падазрэньняў не хавае.
2. Тры царскія абліччы
Увогуле, стаўленьне Бібліі да Давіда паводле прыязнасьці можна падзяліць на тры роўныя часткі. У пачатку «Першай Кнігі Царстваў» яе тон узьнёслы і захоплены — Давід паганьбіў філістымлянаў, забіўшы асілка Галіяфа. Давід змагаецца з дэспатычным царом Саўлам — тон Бібліі яшчэ больш ўзьняты і хваласьпеўны. У гэты пэрыяд Давід пасьпяхова «ўваходзіць і выходзіць». «Уваходзіць і выходзіць» — выраз, які даўні іўрыт ашчадзіў для найвышэйшых павадыроў ды які азначае «кіраваць, быць на чале, весьці публічную палітыку». У гэты першы пэрыяд любыя маральныя хібы і кепствы Давіда надзейна прыкрытыя фразай «бо Гасподзь быў зь ім».
Паслаўшы баявога таварыша Урыю ў самае пекла бітвы, Давід выракае таго на пэўную сьмерць, толькі каб здабыць ягоную жонку Вірсавію.
Апошняя ж, трэцяя, частка Давідава жыцьцяпісу вытрыманая ў асуджальным тоне. Біблія нават не спрабуе схаваць узьніклай пагарды да новага цара. Паслаўшы баявога таварыша Урыю ў самае пекла бітвы, Давід выракае таго на пэўную сьмерць, толькі каб здабыць ягоную жонку Вірсавію. Падрабязна смакуецца дэбашырства Давіда падчас транспартыроўкі сьвятыні, каўчэга запавету, у Ерусалім, а яшчэ — блазенскія танцы перад прасталюдзінамі, а таксама публічная сварка з жонкай, царыцай Мэлхолай. У самым канцы жыцьця Давіда Біблія — стасоўна манарха колісь стрыманая — дык ўвогуле скочваецца да ўзроўню жоўтай прэсы. Калі да лядашчага Давіда ў ложак прыдворныя дагодліва кладуць маладую і прыгожую цнатлівіцу, дык чытачу зьедліва паведамляецца, што «цар не спазнаў яе» («Трэцяя Кніга Царстваў» 1:4).
І вось, паміж гэтымі дзьвюма часткамі — захапленьнем пэрспэктыўным памазанцам і троленьнем састарэлага манарха — партызанскі эпізод. Пераходны адцінак, дзе Біблія сухая, неэмацыйная. Хутчэй інфарматыўна дае неўхарошаны і амаль бесстароньні аповед. У практычнай плашчыні, зь веданьнем справы, Біблія ўзброеная трапнымі назіраньнямі з натуры. Не ствараючы, не ўхваляючы, а хутчэй разбураючы і нават дэмантуючы міт партызанкі. Разам з тым, агаліўшы сутво, Біблія ня скочваецца да галаслоўных ганьбаваньняў і асуды. Біблія ўздымае дылемы, зь якімі абавязкова будуць мець справу наступныя пакаленьні лясных братоў.
3.«І зрабіў Давід сабе імя»
Па-першае, кажа Біблія, усякая партызанка сутыкаецца з балючай праблемай лягістыкі. Гэтая праблема настолькі сур’ёзная, ажно заданьне накарміць байцоў почасту змушае рабіць маральны выбар, які дапякае ня менш востра, чым дылемы на перадавой.
Цэлы 25-ы разьдзел «Першай Кнігі Царстваў» прысьвечаны ўзаемаадносінам цывільнага насельніцтва з партызанамі. Да Навала, багатага гаспадара авечкавай фэрмы, Давід пасылае дзесяць байцоў зь весткай. Вестка дужа вымоўная і калярытная, таму дазволім сабе падаць яе цалкам:
«Мір табе, мір дому твайму, мір усяму твайму! Сёньня я пачуў, што ў цябе стрыгуць авечкі. Вось, пастухі твае былі з намі, і мы ня крыўдзілі іх, і нічога ў іх не прапала за ўвесь час, пакуль яны былі на Карміле. Спытайся ў слуг тваіх, і яны скажуць табе. Дык вось, знойдуць хлопчыкі ўпадабаньне ў вачах тваіх, бо ў добры дзень прыйшлі мы. Дык дай рабам тваім і сыну твайму Давіду, што знойдзе рука твая».
О, як жа былі знаёмыя гэтыя пяшчотныя інтанацыі гаспадарам камэрцыйных шапікаў у Менску на пачатку 90-х! Бацюхна Давідзе, дык гэта ўжо рэкет!
О, як жа былі знаёмыя гэтыя пяшчотныя інтанацыі гаспадарам камэрцыйных шапікаў у Менску на пачатку 90-х!
Так і бачу я гэтую карціну. У намёт да фэрмэраў, хмурных людзей з абветранымі тварамі, увальваецца дзесяць непаголеных «хлопчыкаў», якія млява і нібыта гуляючыся ў ножыкі, патрасаюць сваімі аграмаднымі кінжаламі, з драпежнымі ўсьмешкамі на тварах патрабуюць даніны...
Але Навал ня ўражаны — праганяе вымагальнікаў. Які такі Давід, кажа ён, кожны можа сказаць, што Гасподзь зь ім, ходзюць тут усякія-розныя...
Гэтая гісторыя, якая магла б скончыцца крывавай разборкай, не абышлася без мудрай жанчыны-ратаўніцы. Навала ад навалы выбавіла жонка Авігея. Зразумеўшы, што калі Давід паслаў дзесяць чалавек толькі каб давалачы харч для астатніх, дык тых астатніх — чортава процьма, і партызаны абавязкова вернуцца. Перад абліччам блізкага самасуду Авігея ня толькі аснашчае цэлы караван правізіі для «бацькі» Давіда. Ня думаючы двойчы, Авігея дэманстратыўна выракаецца заможнага мужа і самае галоўнае — лісьлівіць перад славалюбным генэралам. «Няхай мой гаспадар не зважае на гэтага ліхога чалавека, і вар’яцтва ягонае зь ім» — цыркаецца яна з Давідам. Дзякуючы Авігеі ўлагоджаны камандзір і яго «хлопчыкі» не вяртаюцца, каб адплаціць натурыстаму мужу.
Адным словам, нягледзячы на заклікі да сьвяшчэннай вайны з іншаземцамі, як намякае Біблія, мясцовае насельніцтва партызанам давярае не заўжды. А апошнія ў сваю чаргу не заўжды паводзяцца адпаведна высокаму званьню абаронцаў Айчыны. І ці варта тут дадаваць, што частка з чатырох соцень мужчын прызыўнага веку ўзяла і пакінула перадавую, што з гледзішча афіцыйнай улады — звычайнае дэзэртырства?
Па-другое, Біблія вучыць, што калябарацыя і братазабойства заўжды ходзяць дзесьці побач з партызанамі і досыць часта робяцца іх спадарожнікамі. Партызанскае войска Давіда, змучанае голадам і сутычкамі, ідзе на паклон да клятага ворага — пагаджаецца на калябарацыю з філістымлянамі. На службе ў філістымлян Давіду даводзіцца весьці карныя апэрацыі: выразаць мужчын і жанчын з плямёнаў, якія жывуць кампактна з габрэямі, а таксама рабаваць жыхароў Юдэі, аўтаномнай вобласьці ў складзе Ізраілю. І Біблія падрабязна дакумэнтуе іхнія злачынствы.
Потым, ужо пасьля Давіда, партызаны розных эпох мяжу маральнага поля будуць таксама пераходзіць. І што робіць справу яшчэ больш заблытанай — вяртацца назад у межы таго поля. А іх зьверствы будуць сьпісвацца на абставіны. Летапісцы будучага цара Давіда спрытна маніпулююць: маўляў, сярод цывільных рэзаў Давід толькі неабрэзаных і потым змыў ганьбу крывёю сапраўдных ворагаў — філістымлянаў і амалікіцянаў.
Давіду падабаецца ўваходзіць і выходзіць, яму да душы элегантныя перамогі.
І наастатак, Біблія разьбівае яшчэ адзін міт, які ўпарта быў пераконваў, што партызаны — людзі, узятыя на заклік часу з народнае гушчы, каб, перамогшы лютага ворага, у гэтую гушчу і вярнуцца. Давід і браты не з такіх! Калі б Давід пачуў, што герой другой сусьветнай вайны Туўя Бельскі, які выратваў больш за тысячу людзей, дажываў сваё жыцьцё звычайным нью-ёрскім таксістам, дык, пэўна, шчыра б зьдзівіўся. Давіду падабаецца ўваходзіць і выходзіць, яму да душы элегантныя перамогі. Ён ня вернецца да пастухоўства, а музыкаваць згэтуль будзе на пазалочаных гусьлях. Давід ужо скалаціў свой партызанскі клан, трыццаць франтавых таварышаў, якіх рыхтуе для будучай уладнай вэртыкалі.
Далей на далей, Давід прымаецца паразытаваць на тэме вайны. Распускае разадзьмутыя да неверагодных памераў, тыражаваныя тадышнімі СМІ, чуткі, пра свае геройствы на полі бою. Вось, да прыкладу, адзін з чальцоў яго гераічнай трыццаткі, нейкі Ісбасэт Ахаманіцянін, «падняў сваю дзіду на васямсот чалавек і пабіў іх за адзін раз». Мёртвых акупантаў не шкада.
Пасьля сьмерці Саўла Давід бярэ чынны ўдзел у палітычнай гонцы: інтрыгуе, збаўляе са сьвету канкурэнтаў. Асядае ў Хэўроне, абвяшчаючы сябе першым сакратаром Юдэйскага абкаму. Нават такі штрышок, які выяўляе ў ім хутчэй выхітраванага палітыка, чым ляснога рыцара без страху і дакору: пахаваньне членаў царскай фаміліі з саўлаўскага клану Давід расстаўляе зь нечуваным дагэтуль размахам. Мэта — за адзін добры дзень давесьці сваю недатычнасьць да палітычных забойстваў і ўмацаваць непарушнасьць царскай улады. Урэшце Давід пераяжджае ў сталічны Ерусалім і робіцца першым сакратаром ЦК Ізраілю.
Вось так. Парадаксальным чынам, Біблія, матка ўсіх мітаў, фактычна руйнуе пашыраны міт.
Павал Касьцюкевіч, перакладчык ізраільскай літаратуры