Група экспэртаў склала сьпіс зь пятнаццаці «тэм глябальнай важнасьці, якія застаюцца малавядомымі ў колах навукоўцаў, палітыкаў і спэцыялістаў па захаваньні і аднаўленьні біяразнастайнасьці», паведамляе ў гішпанскай газэце El Pais журналіст Хавіер Саляс.
Групай кіруе Ўільям Сазэрлэнд, прэзыдэнт брытанскага Экалягічнага таварыства.
Газэта пералічае ўсе 15 пазыцый. Пераважна гэта зьявы, паводзіны і фактары, небясьпечныя або патэнцыйна небясьпечныя для навакольнага асяродзьдзя, але ёсьць сярод іх і адназначна пазытыўныя рэчы.
1. Будаўніцтва штучных выспаў. Экспэрты папярэджваюць, што яно наносіць шкоду разьвіцьцю узьбярэжжаў, экалёгіі і рыбалоўстве, правакуе адміраньне каралаў. Таксама гэта прэцэдэнт для стварэньня новых участкаў сушы, якія стануць дапамогай для тэрытарыяльных прэтэнзій у спрэчных або міжнародных водах.
2. Штучны звышінтэлект. Складальнікі сьпісу перасьцерагаюць, што яго разьвіцьцё «можа аказаць істотны, на дадзены момант непрадказальны эфэкт» на біяразнастайнасьць і захаваньне навакольнага асяродзьдзя.
3. Лоўля рыбы тралам з ужываньнем электрычных разрадаў. Прыхільнікі мэтаду настойваюць на яго эфэктыўнасьці, але ў ЭЗ ён на дадзены момант забаронены. Экспэрты паказваюць, што пабочныя і доўгатэрміновыя наступствы гэтага мэтаду пакуль ня вывучаныя.
4. «Сынтэтычныя рогі насарога». 3D-друкаркі даюць магчымасьць ствараць штучныя органы жывёл і тым самым выратаваць гэтых жывёл ад драпежніцкага вынішчэньня ў прыродзе. Абмяркоўваецца ідэя вытворчасьці сынтэтычных рагоў насарога, хоць многія эколягі лічаць, што гэтая практыка будзе толькі падсілкоўваць непажаданы попыт.
5. Наначасьцінкі, якія ўтрымліваюцца ў таварах штодзённага спажываньня і сельгаспрадукцыі, могуць трапляць у навакольнае асяродзьдзе. Некаторыя з іх, напрыклад наначасьцінкі срэбра, могуць быць вельмі таксычнымі нават у нізкай канцэнтрацыі.
6. Асматычныя (г. зн. заснаваныя на прынцыпе дыфузіі вадкасьцяў — РС) электрастанцыі. Экспэрты перасьцерагаюць, што іх адходы могуць правакаваць перапады салёнасьці вады, небясьпечныя для падводнага сьвету, а будаўніцтва электрастанцый не праходзіць бясьсьледна для навакольнага асяродзьдзя.
7. Штучныя ледавікі. Яны ўжо створаны ў Заходніх Гімалаях, каб павялічыць запасы вады для арашэньня. Але іх будаўніцтва можа адбіцца на экасыстэмах халодных пустэльняў.
8. Тэстастэрон ў вадзе. Усё больш мужчын прымаюць прэпараты з тэстастэрону, каб нарасьціць цягліцы. Магчыма, таму расьце ўтрыманьне тэстастэрону ў марской і рачной вадзе.
9. Выкарыстаньне пчол для распаўсюджваньня пэстыцыдаў і іншых рэчываў, якія абараняюць расьліны ад хвароб. Экспэрты перасьцерагаюць: наступствы гэтага для іншых насякомых і расьлін яшчэ ня вывучаныя.
10. Неабмежаванае рыбалоўства ў Арктыцы. На думку экспэртаў, яно стане магчымым ва ўмовах глябальнага пацяпленьня і пацягне за сабой рэзкае зьмяншэньне папуляцый марскіх насельнікаў.
11. Канцэпцыя «экалягічнай цывілізацыі», прынятая ўрадам Кітаю. На думку экспэртаў, у выпадку посьпеху яна акажа вялікі станоўчы эфэкт на абарону і захаваньне навакольнага асяродзьдзя ў Кітаі, а таксама натхніць іншыя краіны.
12. Сыстэмы сачэньня за караблямі. На думку экспэртаў, гэта важны шанец для ўдасканальваньня абароны навакольнага асяродзьдзя — нагляду за рыбалоўнымі судамі, барацьбы з браканьерствам, вывучэньня выкідаў з караблёў і іх уплыву на прыроднае асяродзьдзе.
13. Акустычны маніторынг, які выкарыстоўваецца для вывучэньня дзікай прыроды. Дзякуючы новым тэхналёгіям ён стаў таньней і больш эфэктыўным і дазваляе адсочваць незаконныя высечкі лесу і браканьерства.
14. Акумуляцыя энэргіі. Аўтары адзначаюць: выкарыстаньне акумулятараў можа аслабіць размах кліматычных зьменаў, але шырокае распаўсюджваньне ветраных электрастанцый і іншых тэхналёгій аднаўляльнай энэргіі можа мець непажаданыя наступствы для навакольнага асяродзьдзя.
15. Генэтыка інвазіўных біялягічных відаў. Экспэрты зьвяртаюць увагу на выпадкі, калі, насуперак звычаю, генэтычная разнастайнасьць такіх відаў багацейшая, чым у іх першапачатковым арэале.