Грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва» запрасіла прадстаўнікоў уладаў і малога бізнэсу абмеркаваць шляхі выйсьця з «крызісу пустых рынкаў», выкліканага ўказам № 222, на форуме ў менскім гатэлі «Пэкін».
Беларускія прадпрымальнікі зьбяруцца на чарговы форум у менскім гатэлі «Пэкін» 1 лютага а 12 гадзіне. Грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва» прапануе прадстаўнікам уладаў абмеркаваць на форуме шляхі крызісу, які прывёў да апусьценьня рынкаў і гандлёвых цэнтраў па ўсёй краіне.
Папярэдні форум, які прайшоў 11 студзеня ў гатэлі «Беларусь», сабраў у некалькі раз больш людзей, чым магла зьмясьціць заля. На форуме прадстаўнікі ўладаў нібы пагадзіліся разглядзець прапановы прадпрымальнікаў, але выйсьця з крызісу не знайшлі. Асабіста Лукашэнка пазьней заявіў, што «мядовыя гады» прадпрымальнікаў зь 1 студзеня скончыліся, маючы на ўвазе абавязковасьць выкананьня новых умоваў працы.
«Пэрспэктыве» ня раз адмаўлялі ў залі для наступнага форуму, дату правядзеньня якога давялося перанесьці на тыдзень. Старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка казаў, што такім чынам асабіста Лукашэнка выштурхае прадпрымальнікаў на Плошчу, пра якую прадпрымальнікі кажуць усё часьцей, тым часам як арганізатары форуму настойваюць на мірным і цывілізаваным дыялёгу. «Я разаслаў запрашэньні на форум на імя Лукашэнкі, на імя першага віцэ-прэм’ера Мацюшэўскага, у міністэрствы па падатках і зборах, эканомікі, гандлю, у дэпартамэнт прадпрымальніцтва, дзяржстандарт, усім зацікаўленым ведамствам. Будуць прадстаўнікі дыпкорпусу, прадстаўнікі многіх рэгіёнаў, — распавядае Свабодзе Шумчанка пра форум 1 лютага. — Я бы хацеў, каб заўтра, у апошні момант улады ўключылі розум і выкарысталі гэтую пляцоўку для перамоваў».
Ён згадвае, што ў нядаўняй размове з намесьніцай міністра эканомікі Ірынай Касьцевіч першае, што пачуў ад яе, было пытаньне пра тое, навошта на форум запрасілі прадстаўнікоў амбасадаў. Маўляў, прысутнасьць дыпляматаў выклікала ў яе нэрвовую і недобразычлівую рэакцыю.
Разам з тым Шумчанка просіць прадстаўнікоў партыяў і палітычных рухаў устрымацца ад агітацыі на форуме. Маўляў, «Пэрспэктыва» з павагай ставіцца да дэмакратычных сілаў, але хоча бачыць іх адзіным цэлым, а не разрозьненымі суполкамі, якія перасьледуюць кожны свае мэты.
Свабода будзе сачыць за ходам форуму і весьці трансьляцыю з «Пэкіна» на сайце і ў твітэры.