Увечары 22 студзеня прайшоў фінал нацыянальнага адбору на сьпеўны конкурс «Эўравізія». У ім перамог малавядомы выканаўца Ivan зь песьняй на музыку і словы Віктара Дробыша. Дробыш нядаўна быў узнагароджаны Аляксандрам Лукашэнкам ордэнам Скарыны. Зь невялікім адставаньнем ад Ivanа ішоў гурт Napoli, трэці ж фаварыт, гурт Navi, атрымаў у чатыры разы меней галасоў.
Napoli скарысталіся адсутнасьцю абароны ад накрутак — Слуцкі
Галасаваньне было не абароненае ад накрутак, чым і скарыстаўся гурт Napoli, распавёў (архіваваная копія) у сетцы Facebook прадусар гурту Аляксандар Слуцкі:
«Першапачаткова ў адборы зьявілася адно вялікае „але“! Зьявіўся малавядомы ў Беларусі артыст з імем шырокавядомага паважанага прадусара. І мне стала зразумела, што адной агітацыяй тут не абыдзешся, — піша Слуцкі. — Таму вырашылі паспрабаваць даць бой!
Вельмі зьдзіўлюся, калі хто-небудзь з вас верыць, што за малавядомага Сашу Іванова беларусы адправілі 23 167 званкоў і SMS. Такіх лічбаў не было ў адборах, напэўна, ні ў каго. Гэта сапраўды сьмешна! Так жа, як і тое, што за Napoli на ўласным энтузіязме людзі адправілі 22 399 галасоў.
Але запэўніваю Вас, што за Napoli гэтыя галасы былі адпраўленыя! Мы не куплялі людзей! Мы паднялі ўсіх сяброў, знаёмых, сваякоў, фанаў Napoli, якіх за амаль 4 гады існаваньня гурту зьявілася нямала, і аб’ядналі іх адной ідэяй! [...] Але мы аплацілі гэтую ідэю. І будзем аплачваць яшчэ доўга.
Бо калі мы ўбачылі прамежкавыя вынікі, зваротнага шляху ўжо не было, і папрасілі нашых сваякоў працягваць галасаваць. У большасьці цяпер на тэлефонных рахунках мінус паўтара-два мільёны. У мяне асабіста мінус 2 300. [...] У нас некаторая колькасьць галасоў фактычна таксама купленая, але людзьмі не выпадковымі, а ўсімі знаёмымі паміж сабой людзьмі, аб’яднанымі агульнай ідэяй».
Перамога на адборы магла б каштаваць каля $5000 — Белавус
У падтрымку гурту Navi, выканаўцы адзінай беларускамоўнай песьні ў адборы, у сацсетках ладзілася акцыя «Мы за беларускую мову на „Эўравізіі“», якую падтрымалі многія карыстальнікі і нават некаторыя афіцыйныя старонкі камэрцыйных кампаніяў. Ініцыятар акцыі Павал Белавус пацьвердзіў Свабодзе верагоднасьць накрутак і распавёў, што падлічыў, колькі прыкладна каштавала перамога ў галасаваньні:
«Я быў на самім шоў на „Белтэлерадыёкампаніі“, у студыі. Бачна было на экранах, як мяняліся графікі. І ў мяне ад самага пачатку выклікала зьдзіўленьне тое, што калі прайшло толькі 3-5 хвілін ад пачатку галасаваньня — і адразу ж тыя Napoli вырваліся ў лідэры. У іх зьявілася 9 тысяч галасоў, калі ў іншых было тысяча-дзьве і менш. І ў таго ж Ivanа было значна менш. Адразу выклікала зьдзіўленьне, адкуль адразу 9 тысяч. Сярод тых, хто былі ў студыі, быў ужо лёгкі гул, што як такое магчыма, нейкая несправядлівасьць.
Чытаў тыя словы прадусара Napoli, у іх верыцца. Я так разумею, абмежаваньне было толькі на SMS [у сацсетках сьцьвярджаюць, што можна было і адсылаць некалькі SMS з аднога нумара. — РС], а на тэлефанаваньні не было. І нават у студыі было бачна, як тая ж вакалістка Napoli ўсе 30 хвілін галасаваньня стаяла з тэлефонам, туды тэлефанавала-тэлефанавала.
Я думаю, у Ivanа гэта адбывалася мэханічным чынам, 50 ці 100 чалавек увесь час галасавалі. Я палічыў: агулам прагаласавала каля 80 тысяч чалавек, 22 і 23 тысячы за двух выканаўцаў лідэраў. Атрымліваецца, што недзе, груба кажучы, бюджэт такога галасаваньня атрымаўся каля 5 тысяч даляраў на аднаго ўдзельніка. І мы такое маглі б зрабіць, калі б у нас былі пяць тысяч даляраў!
Я не скажу, што ў Ivana дрэнная песьня. Шчыра кажучы, яна мне нават больш падабаецца, чым песьня Napoli, якая таксама магла перамагчы. Дык хай будзе гэты Ivan — для бюджэту краіны лепш! Бо ня трэба будзе Белтэлерадыёкампаніі траціць бюджэтныя грошы, бо ёсьць чалавек, які за свае грошы зможа адаслаць выканаўцу».
На момант публікацыі зьвязацца з прадстаўнікамі «Белтэлерадыёкампаніі» не атрымалася. На сайце нацыянальнага адбору на «Эўравізію» ёсьць толькі старая вэрсія правілаў адбору, у якой апісваецца галасаваньне з удзелам журы, таму невядома, ці прадугледжваецца новымі правіламі прынцып «адзін тэлефон — адзін голас» і адказнасьць за яго парушэньне.