Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 37. Без Расеі мы не пражывем


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Гэта таракан кароткай дыстанцыі: з прыцэлам толькі на бліжэйшую будучыню. Толькі сакрэт у тым, што дыстанцыя ідзе адна за адной.

Назіраю, як у беларускім сеціве чакаюць, што цяпер будзе з расейскім рублём, і адпаведна – беларускім. Першы падыход – чым горш Расеі, тым больш шанцаў у Беларусі на разварот на Захад і эканамічныя ды сацыяльныя перамены. Другі падыход – «ды вы звар'яцелі, куды мы без расейскай эканомікі?!» Першы падыход мае на ўвазе аддаленую пэрспэктыву, другі – бліжэйшую. Тую самую кароткую дыстанцыю.

Але таракана «мы без Расеі не пражывем» я назіраў яшчэ з 90-х, калі «запускаліся заводы» за расейскія крэдыты, а пасьля расплачваліся прадукцыяй. І я разумеў дзядзьку-рабочага. На той момант якія-заўгодна эканамічныя рэформы азначалі для яго вялікую верагоднасьць вылету з працы.

Мінулі гады, і вось дзядзька-рабочы на парозе вылету. Дакладней, ён ужо амаль вылецеў – «трохдзёнка на голым акладзе». І магчымасьць звальненьня па заканчэньні кароткатэрміновага кантракту.

Таракан «мы без Расеі не пражывем» карміўся начальствам – як заводзкім, так і «агульнарэспубліканскім». Падманка была ў тым, што на бліжэйшую пэрспэктыву праблемы былі відавочнымі. «Беларусь – гэта былы зборачны цэх СССР, якім кіравала Масква, і пераарыентавацца на сусьветныя рынкі мы ня можам», – казала начальства. А вось пра аддаленую пэрспэктыву ніхто не тлумачыў.

Дзьдзка-рабочы быў зьвязаны з начальствам адным ланцугом. У выпадку эканамічных, а пагатоў палітычных рэформаў, многія начальнікі таксама выляталі з напрацаванай савецкай сыстэмы.

І вось надышла тая самая «аддаленая пэрспэктыва». Дзядзька бачыць, што вяртаецца ў нулявую кропку. І працягвае паўтараць «мы без Расеі не пражывем».

І тут я разумею, што пад «мы» ён меў на ўвазе сябе, хоць і казаў увесь час пра Беларусь. І тут, нібыта, таракан зьнікае, туман расьсейваецца.

«Мы без Расеі не пражывем», – бяз жартаў кажа ягоны кум з Оршы, і зьбірае торбы ў кірунку рынку ў Смаленску.

«А мы бяз Польшчы не пражывем», – кажа стрыечны брат з Горадні, і паркуе аўто каля гіпэрмаркету ў Беластоку.

«А мы без Літвы не пражывем», – кажа швагер з Астраўца, стоячы на літоўскай мытні.

«А мы без Украіны», – кажа сястра з Гомелю ў дызэлі на Чарнігаў.

А таракан усё роўна застаецца. І будзе заставацца, пакуль не зразумеюць, што «мы» – уся краіна. І толькі разам можам зрабіць добрую пэрспэктыву – для кожнага паасобку.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG