Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 32. Жыць, каб глядзець тэлевізар


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Для чаго жыве беларус? Каб праводзіць час зь любімым другам тэлевізарам.

Некалі Караткевіч запісаў вядомае: Бог даў беларусам выдатныя землі, але каб не заганарыліся, прыставіў да іх дрэннае начальства. Сёньня высьвятляецца, што Бог стварыў самога беларуса, каб ён глядзеў у тэлевізары сваё начальства.

З глузду зьехаць, дарагія таварышы, шэсьць гадоў жыцьця падарыць свайму «яшчыку»! І гэта ў сярэднім. Значыць, некаторыя дораць яму і ўсе дзесяць, можа быць.

ня цэняць свайго жыцьця, то што ў іх у галовах? Пустата? Сечка? РТР? Нічога беларускага? Калі чытаюць усяго пяць месяцаў, ды звычайна па-расейску. Нічога беларускага. Толькі начальства. Якое таксама беларускім грэбуе. Вось і адчуй сябе часткай такога народу, пажыві з такімі суседзямі. Не жыцьцё, а цяжкая праца.

Што праўда, гарадзенцы крыху іншыя, скажу я вам. Калі Бог стварыў беларусаў, каб сядзелі перад тэлевізарам, то жыхароў Горадні ён стварыў, каб яны прадавалі тэлевізары. Вазілі, не пакладаючы рук, цераз мяжу і рабілі на іх гешэфт.

І нічога за шмат часу не памяналася, толькі напрамак паездак. Памятаю вар’яцкі год 1988-ы. Калі адкрылі мяжу з Польшчай. Польшчай, дзе пасьля вайсковага стану на паліцах не было ні тэлевізараў, ні пыласосаў. Палова Горадні рванула туды. У горадзе новы прас зрабіўся экзатычным інструмэнтам. Усё перацягнулі да палякаў. Памятаю доўгую залю на новым чыгуначным вакзале. Чаргу не з чамаданамі, а са скрынкамі з «Рубінам».

Якія сцэны бывалі на пэроне! Быццам з кіно пра грамадзянскую вайну. Вялікія скрыні з савецкімі «яшчыкамі» ня лезьлі ў дзьверы польскай электрычкі, у вокны пагатоў.

Першае несанкцыянаванае «масавае мерапрыемства» адбылося ў Горадні перад крамай «Мэлёдыя», якую абклалі прагныя займець тэлевізар, каб чым хутчэй прадаць яго палякам на другім баку мяжы. Сабралася з тысячу чалавек. Мы ўдвох з калегам рабілі фотарэпартаж для газэты. Начальнік міліцыі тады пакрыўдзіўся: як гэта міліцыя ня ведала, што рабіць? А сапраўды, міліцыянты выглядалі даволі разгублена. Першы раз у горадзе сабраўся вялізны натоўп, прычым не на мітынг каля Леніна!

Усе апошнія гады Горадня масава вазіла тэлевізары з Польшчы. Ня тыя аграмадныя, што былі некалі, а вузкія, плоскія. Поўны цягнік тэлевізараў ад палякаў, з бліжэйшай ад мяжы Кузьніцы. Іх вазілі нават школьнікі, зьбіраліся ў невялікія брыгады і гайда ў Кузьніцу. У вагоне не было дзе павярнуцца. Нарэшце начальства прыдумала нейкае абмежаваньне — каб адзін тэлевізар толькі за пэўны пэрыяд.

Аднойчы у нас дома быў ксёндз «па Калядзе», абыходзіў дамы ў калядны час. Дык ён проста няверыўся, што ў нас стары «Віцязь». Куды ён не заходзіў перад намі, паўсюль на паўсьцяны «яшчыкі». Ну, а нам ён навошта? Канечне, стары месца займае. Але дачку калісьці ўзнагародзілі за публікацыі пра пажарнікаў, вось ён у нас і стаіць.

Сяджу слухаю беластоцкае радыё. Палякі радзяцца, як аднавіць цягнікі на Горадню. Няма больш польскай электрычкі, поўнага цягніка з тэлевізарамі ня ўбачыш. Часы мяняюцца. Але што Бог стварыў беларусаў, каб глядзелі начальства па тэлевізары, а гарадзенцаў, каб забясьпечвалі імі землякоў – гэта засталося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG