Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 34. Фэйсбучнае гета


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

«Вы толькі і можаце, што ў сваіх фэйсбуках балбатаць».

Маецца на ўвазе ў прынцыпе сеціва, дзе беларусы вольна абменьваюцца думкамі, у кантэксьце таракана – крытыкуюць існую ўладу, і шырэй – абмяркоўваюць сытуацыю ў краіне.

«Фэйсбучнае гета» – канкрэтызаваная вэрсія. У адрозьненьне ад іншых сацыяльных сетак, у фэйсбуку прысутнічае найбольш грамадзкіх дзеячоў, экспэртаў ў сфэры паліталёгіі, права, публіцыстаў, журналістаў, артыстаў. Людзей, якія наўпрост ці апасродкавана ўплываюць на тыя ці іншыя працэсы ў грамадзтве.

Носьбіты таракана «фэйсбучнае гета» – адтуль, з названай групы. Чым яны розьняцца? На мой погляд, «фэйсбучнае гета» – таракан-«эклезіяст». Што б не адбывалася, таракан нагадае пра «марнасьць марнасьцяў» быцьця.

Таракан паўтараецца рэгулярна ў розных варыяцыях. Вось нядаўна пабачыў візуальную: усе пратэстуюць на плошчах, а толькі беларусы перад тэлевізарам. У нашым выпадку – перад экранам манітора.

Ад 2016 году правайдэры захоўваюць інфармацыю пра карыстальнікаў – хто куды заходзіў, на які рэсурс. Адпаведна спэцслужбы могуць спраўдзіць, калі захочуць, сеціўныя маршруты кожнага жыхара Беларусі. Здавалася б – навошта? Калі верыць носьбітам таракана, ва ўладаў няма неабходнасьці турбавацца: усё роўна далей за манітор карыстальнік свае настроі нікуды не панясе.

Але вось жа адносна нядаўні прыклад, калі ўвосені дзяржаўныя ідэолягі немалых рангаў стварылі цэлую канфэрэнцыю, выкліканую хваляй пратэсту ў сеціве супраць перасьледу футбольных заўзятараў і кадэтаў за публічнае выкарыстаньне «Пагоні». Альбо хваля абурэньня, зноў жа ў сеціве, дзеяньнямі міліцыі, якая ў мэтро зьбівала інваліда. Можна працягваць прыклады: не абавязкова палітычная, але нават бытавая сытуацыя здольная стварыць у сеціве шырокае абмеркаваньне. Хоць, прыгадаем 2011 год і маўклівыя акцыі пратэсту, якія вывелі людзей на вуліцы. Гэта, бадай, самы маштабны эфэкт «балбатаньня ў фэйсбуках».

Навошта рэгулярна пісаць пра «фэйсбучнае гета», накручваць сябе ды іншых? Хочацца разьдзяліць бязьвер'е ў заўтра зь іншымі? Крыўду, на тое, што «высокалобыя» не працуюць з «простым народам»? Пакрычаць чарговы раз «усё прапала!»?

Пасьля пятых выбараў першага прэзыдэнта ў 2015 годзе адна маладая ўкраінская журналістка запыталася ў мяне: «А ў вас што, няма творчых людзей, якія маглі б сфармуляваць ідэю, якая б аб'яднала ўсіх?»

Для носьбітаў таракана «фэйсбучнае гета» тлумачу сваё бачаньне: супольная ідэя можа высьпець толькі ў выніку дыскусій самых розных, у ідэале ўсіх зацікаўленых бакоў. І адзіная пляцоўка, якая сёньня існуе для дыскусій – гэта інтэрнэт наагул, і фэйсбук у прыватнасьці.

Можна крыўдаваць на лёс, які не дазволіў паўнавартасна адбыцца грамадзкай дыскусіі калісьці даўно, калі публічныя пляцоўкі былі адкрытымі. Але які сэнс скардзіцца? Улады хочуць кантраляваць усіх у сеціве: добрая навіна – значыць ідуць жывыя працэсы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG