Каталікі, пратэстанты, пасьлядоўнікі многіх памесных праваслаўных цэркваў сьвяткуюць 25 сьнежня Раство Хрыстова.
Папа Рымскі Францішак напярэдадні ўрачыстага набажэнства ў саборы Сьвятога Пятра ў Ватыкане ў чацьвер увечары, у калядную куцьцю, нагадаў пра тое, што Бог поўны любові да людзей. Адпаведны запіс ён разьмясьціў у Твітэры.
Падчас каляднай імшы пантыфік заклікаў усіх, хто «ап’янёны духам спажываньня і асьлеплены вонкавым бляскам», успомніць пра непарушныя каштоўнасьці жыцьця.
«У грамадзтве, так часта ап’янёным духам спажываньня і прагай асалоды, багацьця і марнатраўствам, сябелюбствам і мітусьнёй, гэтае немаўля [Ісус] заклікае нас да стрыманага жыцьця, іншымі словамі, да жыцьця ў прастаце, пасьлядоўнасьці, неабходнай для таго, каб убачыць і зразумець, што важна», — сказаў папа.
Каб паслухаць калядную імшу папы рымскага, у саборы Сьвятога Пятра ў Ватыкане сабраліся 10 тысяч чалавек.
25 сьнежня апоўдні папа Францішак выступіць з традыцыйным калядным пасланьнем Urbi et Orbi (Гораду і Сьвету) з балькону сабора Сьвятога Пятра ў Рыме.
Сьвяточныя набажэнствы адбываюцца сёньня і ў Беларусі. Апроч таго, у Менску — яшчэ некалькі калядных падзеяў.
А 16.30 пачнецца шэсьце Дзядоў Марозаў і Сьнягурачак, якой пройдзе ад плошчы Незалежнасьці да плошчы Свабоды.
Маладафронтаўцы праводзяць Калядны Фэст — імпрэзу з выступамі беларускіх музыкаў і сьвяточнымi вiктарынамi. Вечарына пачнецца а 18.00 у памяшканьні АртСядзібы (Незалежнасьці, 58).
А Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» запрашае на калядны кірмаш, які можна наведаць з 12.00 да 22.00 (Незалежнасьці 37А).