Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быкаў напісаў верш. Ці верш быў народным?


Васіль Быкаў
Васіль Быкаў

Удава пісьменьніка кажа, што Васіль Быкаў аднойчы напісаў калядку для Ўладзімера Караткевіча. Паэт Анатоль Вярцінскі сумняецца: ці не народныя гэта калядкі?

Удава Васіля Быкава Ірына Міхайлаўна распавяла Свабодзе, што знайшла ў хатнім архіве аўдыёкасэту, на якой Васіль Быкаў чытае ўласны верш-калядку, якую на пачатку 80-х склаў як віншаваньне для Ўладзімера Караткевіча. І перадала запіс голасу Быкава:

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:46 0:00
Наўпроставы лінк

«Шчодры вечар, шчасьлівы вечар,

багаты вечар, шаноўны пан.

Гарыць на куце паўтузін сьвечак,

Хрыстос нам сьвеціць і гоніць зман.

Хрыстосу слава і славай слава,

Цярпліўцам моцы ў цярпеньні дам,

Галодным хлеба, убогім веры,

Жыцьця і шчасьця ўсім людзям»

Васіль Быкаў вядомы як адзін з самых папулярных беларускіх пісьменьнікаў. Як паэт ён вядомы хіба са словаў Лукашэнкі, які «вырас на вершах Быкава». Таксама аднойчы на школьных сшытках надрукавалі расейскамоўны верш, падпісаны імем Васіля Быкава, ды выявілася, што той Быкаў — малады расеец, а не славуты беларус.

Сястра Васіля Быкава Валянціна згадвала, што пісьменьнік усё ж пісаў вершы, але іх не публікавалі:

«Тады „Чырвоная зьмена“ такая газэта была, адаслаў у гэтую газэту. Але там нешта не надрукавалі гэтыя яго вершы. Вярнулі яму, я чытала, але ня памятаю, што ён там напісаў у тых вершах, але пасьля таго ён больш за гэтыя вершы ня браўся».

Ці сапраўды «Шчодры вечар...» — гэта першы вядомы верш беларускага пісьменьніка Васіля Быкава? Літаратар Лявон Баршчэўскі распавёў Свабодзе, што цалкам дапускае такое, хоць і ня лічыць верш Быкава выбітным фактам:

Лявон Баршчэўскі
Лявон Баршчэўскі

«Я ведаю, што ён пачынаў пісаць вершы, толькі што яны нідзе не публікаваліся. Практычна любы чалавек у пэўным узросьце піша вершы! Так што, нічога дзіўнага. Але не магу нічога сказаць за ці супраць таго, што гэтыя калядкі ягоныя. Па-мойму, калі Караткевіч быў хутчэй паэтычнага складу і пісаў прозу „паводле абавязку“, бо прозу чытаюць больш і прозай можна ўплываць на людзей, то Быкаў быў у большай ступені эпічнага складу чалавек. Я думаю, што на фоне таго, што ён стварыў у прозе, гэты верш — толькі факт у біяграфіі, ня больш».

Паэт і драматург Анатоль Вярцінскі, паслухаўшы верш, выказаў сумнеў у аўтарстве Быкава:

Анатоль Вярцінскі
Анатоль Вярцінскі

«Васіль Быкаў, вядома, мог і напісаць верш, і ня толькі. Як на нашых прэзыдыюмах-пленумах заўсёды сядзеў і маляваў нешта жартаўлівае... Але каб напісаў верш, такога я ня ведаў. Гэта ўсё-ткі народнае. Можа, недзе Васіль Уладзімеравіч перафразаваў нейкі радок. Але на маёй паліцы стаяць два тамы, прысьвечаныя Калядам, што выдавала нашая Акадэмія навук, там усё гэта ёсьць. Я думаю, гэта ня верш Васіля Быкава як такі».

Сёньня можна пачуць «альтэрнатыўную» легенду, нібы аднойчы Быкаў напісаў верш да дзяўчыны, пасьля перачытаў яго, кінуў у печ і вырашыў больш ніколі не пісаць вершы. Але Вярцінскі кажа, што такую вэрсію пачуў упершыню:

«Ніколі ня чуў такога, ён ніколі пра гэта нічога не гаварыў. Ну, вы ж ведаеце, Лукашэнка ж таксама пісаў, ледзь ня цэлую паэму сваёй жонцы колішняй прысьвячаў. Хто калі ў жыцьці не напісаў усякіх вершаваных радкоў?! Я думаю, такіх мала. Разглядаць гэты верш як адкрыцьцё, я лічу, няма рэзону».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG