Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яна сьмелая. Вельмі сьмелая» — Алексіевіч наведала школу ў эмігранцкім прыгарадзе Стакгольму


«Дзякуй, што вашае маленькае сэрца можа зьмясьціць боль, пра які я распавядаю», — зьвярнулася да дзяцей Нобэлеўская ляўрэатка.

Беларускую пісьменьніцу навучэнцы школы Рынкебю чакалі зранку ў бібліятэцы. Падрыхтавалі традыцыйны канцэрт, распавялі, што думаюць пра яе творы, намалявалі да іх ілюстрацыі і партрэт Сьвятланы, які ўрачыста ўручылі ёй пасьля.

У падзеі не было нічога патаснага, хіба што для нобэлеўскага ляўрэата абралі крэсла, адрознае ад іншых. Ніякіх афіцыйных выступаў ці прамоваў ад настаўнікаў і дырэктара не было — галоўнымі героямі сапраўды былі дзеці, і было зразумела — ўсё робіцца імі і разам зь імі.

Школа ў Рынкебю звычайная і незвычайная. У прыгарадзе селяцца ўцекачы, таму шмат для каго з навучэнцаў швэдзкая мова ня родная, а іх сем’і паходзяць з зусім розных краінаў і частак сьвету. У многіх сем’ях свае гісторыі вайны і ратаваньня ад яе. Сёлета ўпершыню сустрэцца з нобэлеўскім ляўрэатам запрасілі і вучняў з клясаў з асаблівасьцямі разьвіцьця.

Чалавек ня створаны, каб забіваць іншага. Гэта барбарства, як бы прыгожа гэта не называлі.

«Канечне, нашае жыцьцё вельмі недасканалае. Па-за межамі Швэцыі шмат войнаў. Канечне, чалавек ня створаны, каб забіваць іншага. Гэта барбарства, як бы прыгожа гэта не называлі, — пасьля імпрэзы Сьвятлана Алексіевіч зьвярнулася да вучняў. — Я жадаю, каб у вас у жыцьці гэтага ніколі ня здарылася. Жыцьцё само па сабе вельмі цікавае. Не здавайцеся жыцьцю. Заўжды старайцеся дабівацца большага. Таму што гэта вельмі цікава — ісьці далей, быць моцным і добрым. Будзьце шчасьлівыя».

«Я вельмі нэрвавалася і хвалявалася, у мяне нават каленкі дрыжалі», — распавядае вучаніца Сэхэр. «Вельмі было здорава яе пабачыць», — кажа яе сяброўка Баба. На пытаньне, якім чалавекам падалася ім пісьменьніца, абедзьве дзяўчынкі адначасова кажуць «сьмелая». «Вельмі сьмелая. І адначасова і добрая».

Марыя, Сэхэр і Баба
Марыя, Сэхэр і Баба

Нобэлеўскія ляўрэаты прыходзяць у гэтую школу ўжо 27-ы раз. Праект «Нобэлеўскі ляўрэат у Рынкебю» пад слоганам «Аднойчы ты можаш атрымаць Нобэлеўскую прэмію» прыдумала пісьменьніца Гуніла Люндгрэн і кіруе ім разам зь ілюстратаркай Лотай Сыльвэрфхельм.

«Было цудоўна! — дзеліцца ўражаньнямі ад сустрэчы Гуніла. — Дзеці змаглі выказаць свае думкі, і яны паставіліся да гэтага вельмі сур’ёзна. Выдатна, што Сьвятлана вылучыла час, каб сесьці разам зь імі і пагаварыць. Гэта была сапраўдная размова. Не рытуал і не прадстаўленьне, а шчырая сустрэча».

Гуніла Люндгрэн
Гуніла Люндгрэн

Само спатканьне зь пісьменьнікам — гэта толькі кульмінацыя доўгай і прафэсійнай працы з тэкстамі.

«Мы прачыталі шмат гісторый з „Цынкавых хлопчыкаў“ і з „Апошніх сьведкаў“, — распавядае Гуніла. — Ня ўсе зь іх могуць добра чытаць, таму я спачатку чытала ім сама. Але некаторыя чыталі самі, і яны прасілі яшчэ і яшчэ. І пасьля яны рабілі ілюстрацыі да гісторый, якія абіралі самі».

Пераклады да дзіцячых прэзэнтацый зрабіла перакладчыца Лідзія Старадубцава. Паходзячы з Карэліі, Лідзія ўжо 4 гады жыве на поўдні Швэцыі і выкладае швэдзкую мову для імігрантаў:

Яны праводзяць паралелі паміж сваім жыцьцём і тым, пра што пісала Сьвятлана.

«Мне здаецца тэксты Сьвятланы Алексіевіч у такім кантэксьце вельмі добра працуюць, бо многія зь дзяцей, якія вучацца ў гэтай школе, якія прыходзяць у гэтую бібліятэку, альбо самі перажылі складаныя падзеі, зьвязаныя з вайной, уцёкамі ад вайны, ці растуць у сем’ях, дзе бацькі перажылі нешта падобнае. І гэта вельмі заўважна ў тых тэкстах, якія напісалі дзеці. Яны праводзяць паралелі паміж сваім жыцьцём і тым, пра што пісала Сьвятлана», — распавядае Лідзія.

Лідзія Старадубцава
Лідзія Старадубцава

Дырэктар школы Аніка Пінтан, на пытаньне, навошта дзецям сустракацца з нобэлеўскім ляўрэатам, кажа што гэта найлепшая адукацыя.

Гэта важна, каб дзеці разумелі, навошта ім трэба адукацыя.

«Гэта важна, каб дзеці разумелі, навошта ім трэба адукацыя. Сьвятлана сёньня знайшла для гэтага цудоўныя словы, што вы мусіце знайсьці мэту, зразумець, што вы хочаце рабіць, і тады вы будзеце шчасьлівая. А ня толькі сумная школа, дзе вас нешта прымушаюць рабіць. Мы любім гэты праект. Яны штогод так многаму вучацца ад гэтых сустрэчаў, мы бачым, як яны растуць», — кажа Аніка.

«Гэта важна найперш для гэтых дзяцей, для гэтай школы, для гэтай бібліятэкі, каб адчуць, што яны знаходзяцца ў агульным культурным кантэксьце, а не зьяўляюцца гета. Бо шмат хто ўяўляе такія імігранцкія раёны як гета, дзе нічога не адбываецца і ня можа адбывацца, — лічыць перакладчыца Лідзія. — Важна і тое, што Нобэлеўскі ляўрэат сюды прыяждждае і бачыць, што Швэцыя — гэта ня толькі Grand Hôtel, ня толькі Швэдзкая акадэмія, але абсалютна іншае жыцьцё літаральна за дзесяць кілямэтраў ад цэнтру».

Аніта Пінтан з вучнямі
Аніта Пінтан з вучнямі

Швэцыя традыцыйна прымае шмат уцекачоў, больш, чым іншыя краіны. Я пытаюся ў Лідзіі, як у швэдаў атрымліваецца даваць гэтаму рады.

«Мы паглядзім, наколькі ўсе будуць заставацца людзьмі пасьля гэтай найноўшай хвалі. У сувязі з зацяжным канфліктам у Сірыі, уцекачоў у Швэцыі робіцца ўсё больш і больш, і клімат тут у дачыненьні да іх усё больш жорсткі, — адказвае яна. — Мне здаецца, што ў Скандынавіі такія моцныя традыцыі гуманізму, дэмакратыі і людзкага стаўленьня чалавека да чалавека, што гэтага надоўга хапае. Сацыяльныя сыстэма так добра ўладкаваная, што ў чалавека ёсьць магчымасьць атрымаць неабходную дапамогу. Я працую ў сыстэме моўнай інтэграцыі і гэтая сыстэма працуе не ідэальна. Але я бачу, што большасьць людзей, якія ў гэтым удзельнічаюць, і прафэсійна і на ўзроўні энтузіястаў, гатовыя зрабіць вельмі шмат для таго, каб гэтая сыстэма працавала. Мне здаецца, на чалавечым рэсурсе можна даволі шмат зрабіць».

Рынкебю — гэта бедны прыгарад, дзе жыве шмат уцекачоў, — паўтарае Гуніла Люндгрэн. «Але Рынкебю — гэта міжнацыянальная частка Стакгольма. Тут жывуць людзі розных нацыянальнасьцяў, якія размаўляюць на розных мовах. Мы мусім ганарыцца тым, што ў Рынкебю гучаць усе гэтыя мовы. А Нобэлеўская прэмія — міжнародная, — кажа пісьменьніца. — Мы можам быць наперадзе ўсіх з такім праектам, і я кажу гэта дзецям. Мы ніколі не размаўляем пра праблемы, хаця шмат хто зь іх сапраўды ўцякаў ад вайны. Мы гаворым пра сучаснае, пра тое, як нам ствараць сусьвет, поўны ведаў».

Вы хочаце быць Нобэлеўскімі ляўрэаткамі? — пытаюся я ў Сэхэр і Бабы з дапамогай перакладу Лідзіі. «Так!» — захоплена адказваюць дзяўчаты.

— А чаму?

— Гэта весела!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG