Паэт Ігар Хадановіч, якога забілі ў 1966 годзе, быў не адзіным беларускім творцам, які загінуў у вулічнай бойцы. Праз чатыры гады, у сакавіку 1970 году, на начной вуліцы Менску быў жорстка зьбіты і памёр у шпіталі выдатны беларускі паэт Анатоль Сербантовіч. Яму было 29 гадоў.
Вось як пра гэта ў «Імёнах Свабоды» напісаў Уладзімер Арлоў:
«Аднойчы ўвечары ён, атрымаўшы неблагі ганарар і „замачыўшы“ гэтую падзею, ішоў па менскай вуліцы. На просьбу сустрэчнай кампаніі даць закурыць выцягнуў з кішэні пачак грошай: „Вось вам на цыгарэты!“ Яго завалілі на ходнік і бясконца доўга білі нагамі. Потым былі шпіталь, жорсткія прыступы галаўнога болю, інсульт і адыход туды, дзе паэту, магчыма, удалося зьдзейсьніць выказаную ў адным зь вершаў мару і разгадаць
Тайну музыкі,
Тайну крыкаў,
Тайну гукаў і нематы,
Тайну чыстага і вялікага,
Тайну злосьці і дабраты...»
Я амаль не сумняваюся, што выдатнага лірыка і аўтара вянкоў санэтаў, які меў патэнцыял разьвіцца ў найлепшага беларускага паэта другой паловы ХХ стагодзьдзя, забілі за тое самае, за што і Ігара Хадановіча — за беларускую мову або за беларускае вымаўленьне. Але разважаць з гэтай нагоды буду не пра «рускасьць» Менску, але пра беларускую ксэнафобію, жорсткасьць і лютасьць.
Гісторыя
Ва ўспамінах заходнебеларускіх дзеячаў, у тым ліку сэнатара Васіля Рагулі і некаторых яго калегаў, згадваюцца надзвычай жорсткія адзіночныя і масавыя бойкі з удзелам моладзі, якія адбываліся ў 1930-я гады ў беларускіх вёсках. Гэтыя сялянскія «войны» вельмі часта заканчваліся забойствамі і калецтвам. Польская паліцыя не пасьпявала шукаць і садзіць у турмы вінаватых. Пакрыўджаныя сваякі ахвяраў працягвалі зводзіць рахункі і ў 1940-я гады, калі пачалася Другая сусьветная вайна: адны пайшлі ў паліцыю, іншыя — у партызаны. Гэтая беларуская вендэта, як ні дзіўна, была адной з падстаў таго, што Васіль Быкаў назваў падзеі 1941-44 гадоў у акупаванай Беларусі грамадзянскай вайной. Іншая падстава — удзел у рэпрэсіях па лініі ахвяра-кат (даносчык).
Але бойкі працягваліся і пасьля вайны. Жорстка біліся на парафіяльных фэстах у Заходняй Беларусі. Мой бацька ня раз расказваў, як у канцы 1940-х гадоў у Карэліцкім раёне біліся вёска на вёску. Часам нават ужывалі прашчы, шпурляючы камяні праз рэчку. Былі і забітыя, і параненыя. У мяне самога два менскія сябры ў розныя гады памерлі ад кровазьліцьця ў мозг, якое наступіла на раніцу пасьля таго, як іх напярэдадні жорстка зьбілі. Аднаму было 19 гадоў, другому троху больш за 30.
Сёньня ўсе ведаюць, што ўлетку 1956 году, перад самай сьмерцю, Якуб Колас напісаў ліст у ЦК КПБ аб стане беларускай мовы. Лічыцца, што ён панёс гэты ліст у ЦК, там паэта не прынялі, ён вярнуўся дадому і памёр. Насамрэч Якуб Колас напісаў тады тры лісты ў ЦК, якія сталі ягоным запаветам. Адзін быў прысьвечаны стану мовы, другі — стану могілак, а трэці... вулічным бойкам. Колас адчайна прасіў ЦК КПБ зьвярнуць увагу на жорсткасьць гарадзкой і вясковай моладзі і заклікаў кіраўніцтва БССР больш рашуча і пасьлядоўна заняцца яе выхаваньнем.
Коласа не пачулі. Людзей па-ранейшаму калечылі і забівалі. Сярод ахвяраў аказаліся і два беларускія пісьменьнікі: Ігар Хадановіч і Анатоль Сербантовіч.
Прычыны
Калі мова ідзе пра перадваенную Заходнюю Беларусь, дык аўтары ўспамінаў часта пішуць пра цяжкае нацыянальнае і сацыяльнае становішча беларусаў. Гэта сапраўды так. Палякі прыгняталі беларусаў палітычна і эканамічна. Дзяржаўныя землі выдзяляліся або прадаваліся толькі асаднікам-калянізатарам, пасады раздавалі выключна католікам і г.д. Вынікам стала цяжкая эканамічнае становішча, адсутнасьць сацыяльных ліфтаў і перапоўненасьць вёсак людзьмі ў актыўным узросьце.
Гэта, аднак, не тлумачыць, чаму бойкі працягваліся і пасьля вайны, і пасьля пераезду вяскоўцаў у гарады. Я думаю, што асноўных прычын вясковых і гарадзкіх боек у Беларусі сярэдзіны і другой паловы ХХ стагодзьдзя было дзьве — ксэнафобія і малая культура.
Выглядае, што беларускі народ не такі ўжо і талерантны, як пра гэта пішуць і гавораць, спасылаючыся на шматканфэсійны статус краіны і адсутнасьць рэальных рэлігійных войнаў у мінулым. Насамрэч, як народ лясны і паўночны, беларусы даволі ксэнафобныя. Ня маючы да канца сфармаванай нацыянальнай самасьвядомасьці і таму будучы ня ўстане адчуваць салідарнасьць на агульнанацыянальным узроўні, рэальна сваім яны лічаць толькі прыватную тэрыторыю — дом і сям’ю. Іншая вуліца, іншая вёска, іншы раён — гэта ўжо чужакі. Гэта і ёсьць прычына боек.
А прычына іх жорсткасьці, нават лютасьці — поўнае бескультур’е, фактычная дзікасьць удзельнікаў тых боек. Я быў відавочцам гэтых пабоішчаў у Менску і сьведчу, што калі нехта ланцугом ад ровара раскройваў чужы чэрап, то гэта заўсёды быў ня столькі чалавек, колькі пітэкантрап з адпаведным абліччам і выразам твару. А гэта ўжо вынік доўгага каляніяльнага статусу краіны і адсутнасьці нацыянальнай эліты, якая здрадзіла свайму народу і падалася або ў палякі, або ў расейцы. Трагізм нашага лёсу ярка ілюструе фраза з аўтабіяграфіі расейскага філёзафа пачатку ХХ стагодзьдзя Мікалая Лоскага, які паходзіў зь Віцебскай губэрні: «Оба родителя были поляками, но тем не менее считали себя русскими».
Пра «рускасьць» сталіцы і бойкі з «крестами»
Беларускі акцэнт быў толькі адной з зачэпак. Насамрэч у Менску біліся ўсе — і ўчорашнія «кресты» зь сёньняшнімі (або паза-ўчорашнія вяскоўцы з учорашнімі), і «чыста гарадзкія» з «чыста гарадзкімі». Галоўнае, што адбывалася гэта пераважна на ўскраінах. Не дарма можна згадаць выпадкі, як Аўтазавод хадзіў на Чыжоўку або, проста з Карчоў, на Серабранку. Затое цяжка прыгадаць, каб вуліца Леніна ішла сьценкай на Камсамольскую або на Карла Маркса. Прычына простая: жыхары цэнтру, як і іх дзеці, мелі больш высокі адукацыйны цэнз.
А Менск Уладзімер Караткевіч, як сьведчыць поўны варыянт цытаты зь дзёньніка, фрагмэнт якой я прыводзіў раней, не любіў ня толькі за лінгвістычную апазыцыю да беларускай культуры, але і за бескультур’е ўвогуле, у тым ліку, і за разбурэньне помнікаў архітэктуры, якое актыўна працягвалася пасьля вайны рукамі саміх менчукоў, і працягваецца ў нашы дні. Усё гэта — прадукт нашага каляніяльнага становішча.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.