Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў сёньня на кліматычнай канфэрэнцыі ААН у Парыжы, што Злучаныя Штаты намераны абмежаваць выкіды вуглякіслага газу ў атмасфэру на 26%-28% ад узроўню 2005 году на працягу бліжэйшых 10 гадоў.
«Я прыбыў сюды асабіста як кіраўнік найбольшай эканомікі на сьвеце і як кіраўнік краіны, якая ёсьць другой па велічыні крыніцай парніковых газаў, каб сказаць, што Злучаныя Штаты Амэрыкі ня толькі прызнаюць сваю ролю ў стварэньні гэтай праблемы, але і бяруць на сябе адказнасьць, каб нешта з гэтым зрабіць», — сказаў амэрыканскі прэзыдэнт.
Паводле Абамы, калі клімат будзе зьмяняцца хутчэй, чым спробы дзяржаваў супрацьдзейнічаць гэтаму, сьвет чакае незайздросная будучыня:
«Нашы дзеці ўбачаць затопленыя краіны, пакінутыя гарады, палі, якія болей не даюць ураджаю, палітычную дэстабілізацыю, якая даводзіць да новага канфлікту, і яшчэ большыя патокі адчайных людзей, якія шукаюць прыстанішча ў не сваіх краінах», — адзначыў Барак Абама ў Парыжы.
Напярэдадні канфэрэнцыі Беларусь заявіла, што падтрымлівае калектыўныя намаганьні па дасягненьні асноўнага арыенціру стагодзьдзя — недапушчэньня павышэньня сярэднесусьветнай тэмпэратуры больш чым на 2 градусы Цэльсія ў параўнаньні з даіндустрыяльным пэрыядам. Беларусь узяла на сябе абавязаньне забясьпечыць да 2030 году скарачэньне выкідаў парніковых газаў ня менш чым на 28% ад узроўню выкідаў 1990 году.
ЗША бяруць адказнасьць за ролю ў стварэньні праблемы пацяпленьня і змаганьне зь ёю
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1