Па дазвол на такую акцыю ў Менгарвыканкам зьвярнуўся юрыст царквы «Новае жыцьцё» Сяргей Луканін.
«Прашу дазволіць правядзеньне мерапрыемства ў выглядзе публічнага чытаньня Бібліі. Мэтай мерапрыемства зьяўляецца папулярызацыя тэкстаў Сьвятога Пісаньня, хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Дадзенае мерапрыемства ня будзе зьяўляцца набажэнствам, ня мае мэтай адпраўленьне рэлігійных абрадаў, зьдзяйсьненьне рэлігійных рытуалаў і цырымоніяў», — напісаў у заяве Сяргей Луканін.
Ён меўся 20 лістапада правесьці чытаньне Бібліі ў менскім дзіцячым парку імя Горкага, перад помнікам расейскаму пісьменьніку.
Таксама Луканін прасіў гарадзкія ўлады паведаміць парадак ўзгадненьня правядзеньня аналягічных мерапрыемстваў у парку на сталай аснове кожную нядзелю.
Аднак Менгарвыканам забараніў публічнае чытаньне Бібліі ў парку, спаслаўшыся на тое, што гэта рэлігійная дзейнасьць, дазволеная толькі рэлігійным арганізацыям. Маўляў, рэлігійныя абрады бесьперашкодна праводзяцца ў культавых будынках, а таксама ў іншых месцах, якія прадстаўляюцца рэлігійным арганізацыям.
«Хрысьціянін, памятай — чытаючы Біблію ўголас, ты парушаеш закон!», — напісаў у Фэйсбуку Сяргей Луканін.