Расейцы згодныя з тым, што прычынай крушэньня пасажырскага самалёта на эгіпецкім Сінаі 31 кастрычніка быў выбух бомбы.
Гэта вынікае з расейскіх камунікацый, перахопленых амэрыканскай выведкай, сьцьвярджаюць дасьведчаныя крыніцы Reuters ва ўрадзе ЗША.
Вынікі перахопу зьяўляюцца часткай сьведчаньняў, на падставе якіх амэрыканскія ўлады падазраюць, што выбуховае прыстасаваньне, закладзенае ў самалёт авіякампаніі Metrojet, спрацавала неўзабаве пасьля таго, як ён паляцеў з курортнага горада Шарм-эль-Шэйх, сьцьвярджаюць крыніцы.
Усе 224 чалавекі, якія знаходзіліся на борце, загінулі, калі самалёт разьбіўся ў пустыні па шляху ў Санкт-Пецярбург.
Эгіпет і Расея пакуль не назвалі афіцыйную прычыну катастрофы. На мінулым тыдні яны адхілілі заявы ЗША і Вялікабрытаніі, што самалёт, верагодна, упаў у выніку выбуху бомбы.
Хоць спачатку Масква заявіла, што палёты ў Эгіпет будуць працягвацца ў звычайным рэжыме, на мінулым тыдні Расея адмяніла рэйсы ў Шарм-эш-Шэйх. За мінулыя выходныя расейскія ўлады вывезьлі тысячы сваіх турыстаў, якія засталіся на Сінаі пасьля адмены рэгулярных рэйсаў.
Верагоднасьць таго, што агенты «Ісламскай дзяржавы» змаглі пракрасьціся ў аэрапорт Шарм-эш-Шэйха і закласьці бомбу ў пасажырскі самалёт, узмацніла трывогі амэрыканскіх уладаў з нагоды небясьпекі, якую ўяўляе аддзяленьне групоўкі на Сінайскім паўвостраве.
«Гэта ўзмацніла заклапочанасьць», — сказаў адзін амэрыканскі чыноўнік на ўмовах ананімнасьці.
Паводле яго слоў, у якасьці асноўнай вэрсіі разглядаецца закладка бомбы ў самалёт супрацоўнікам аэрапорту.