Зьміцер Колас нарадзіўся 29 сьнежня 1956. Перакладчык, літаратуразнаўца. Скончыў перакладчыцкі факультэт Інстытута замежных моваў (1979). Удзельнічаў у маладзёвым грамадзкім аб’яднаньні «Беларуская Майстроўня» (1979-1984).
Працаваў паводле кантракту перакладчыкам у Альжыры і Сырыі. Выкладаў і 2 гады вёў курс мастацкага перакладу на перакладчыцкім факультэце Інстытуту замежных моваў. Загадваў выдавецтвам пры Беларускім гуманітарным ліцэі, з 1998 працаваў галоўным рэдактарам прыватнага выдавецтва «Энцыклапедыкс».
Займаецца выдавецкай справай, кіруе ўласным выдавецтвам. Пераклаў на беларускую мову творы А. Камю, Ж.-П. Сартра, А. Роб-Грые, Г. Дэ Мапасана, Н. Саро, Л. Арагона, Ш. Пэро, Э. Ёнэска і многіх іншых.
1. Для каго вы перакладаеце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Для беларусаў і ўсіх, хто хоча/ўмее чытаць па-беларуску, без падзелу па рэлігійнай і партыйнай прыналежнасьці, полу, узросту і колеру скуры.
2. Дзе вам найлепш перакладаецца, і калі?
Там дзе няма залішняга шуму, які перашкаджаў бы засяроджанасьці, і тады, калі на гэта ёсьць час. На жаль, найчасьцей гэта даводзіцца рабіць у цэйтноце і на выходныя, калі суседзі ў суседнім доме напоўніцу ўрубаюць папсу.
3. Перакладчыкам якой ужо перакладзенай кнігі вы хацелі б быць?
Хапае неперакладзеных кніг, каб хацець іх перакласьці. А калі нешта ўжо перакладзена іншымі, я толькі радуюся. Абы толькі пераклад быў добры.
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Мабыць, збоку гэта відаць лепей. А сам я не атаясамліваю сябе ні зь якім пэрсанажам, хоць у многіх ёсьць тыя ці іншыя рысы, уласьцівыя і мне. Памятаю, у юнацтве адчуваў вельмі многа агульнага з героем Гесэўскага «Стэпавага воўка». Але я ў гэтым не адзіны.
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Не магу назваць некага аднаго ці нават дзясятак. Іх шмат. Ну, з клясыкаў, напрыклад, Гётэ, Рабле, Дзідро... і далей па сьпісе. З сучасных — Быкаў, Маркес, Камю... (гэта толькі напрыклад, бо пералічаць можна доўга — узяць таго ж Ергавіча!).
6. Што вы цяпер чытаеце?
Па-за працай? Бо яна ў мяне якраз заключаецца галоўным чынам у тым, каб чытаць. Па-за выдавецкай працай у гэты момант чытаю цікавую кніжку майго сябра Юрася Несьцярэнкі «Звычайны шоў-бізнэс».
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
Са слоўнікам — напэўна, на ўсіх, якія выкарыстоўваюць кірылічны або лацінскі алфавіт (праўда, не спрабаваў — ці, дакладней, чытаў і перакладаў з украінскай, польскай, францускай, італьянскай, ангельскай, швэдзкай). Зусім бяз слоўніка магу чытаць, бадай, толькі на францускай.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга зь перакладзеных вамі?
Цяжка сказаць, дый пытаньне не зусім канкрэтызаванае — улюбёная з пункту погляду ўдаласьці перакладу ці якасьці арыгінальнага тэксту? Што да тэксту перакладнога — пра яго ўдаласьць меркаваць ня мне і я дарэшты не бываю ўпэўнены, што ўсё выйшла так, як я мог і хацеў (але ж цэйтнот прымушае ставіць кропку), а што да ўлюбёнасьці ў арыгінальны тэкст, то калі такі тэкст не падабаецца, брацца за яго пераклад, па-мойму, ня варта.
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца перакласьці?
Першым чынам мару калі-небудзь дарабіць няскончанае: «Гарганцюа» і «Песьню пра Ралянда». Пакуль ня бачу, калі на гэта будзе час...
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?
Калі я дакладна інтэрпрэтую сэнс пытаньня, правільны адказ на яго: «калі маю магчымасьць перакладаць»?