Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інстанцыі накіраваны зварот з патрабаваньнем спыніць катаваньні Бандарэнкі


Андрэй Бандарэнка ў судзе, архіўнае фота 2014 году
Андрэй Бандарэнка ў судзе, архіўнае фота 2014 году

16 кастрычніка грамадзкая актывістка Ганна Шапуцька і Валер Бандарэнка (бацька зьняволенага праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі) аднесьлі калектыўны зварот «Спыніць катаваньні палітвязьня-праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі» у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС Беларусі. Прыём вёў намесьнік начальніка дэпартамэнту, падпалкоўнік унутранай службы Аляксандар Краўцоў. Спадарыня Шапуцька падзялілася ўражаньнямі ад гэтай сустрэчы:

Ганна Шапуцька
Ганна Шапуцька

«Ён адразу ж насьцярожыўся адносна маёй прысутнасьці, занэрваваўся, пабачыўшы вокладку майго пашпарту з выявай „Пагоні“, пачаў распытваць, кім я Андрэю даводжуся, бо прыём, маўляў, толькі для родных. Адразу неяк пасаромеўся выгнаць.

Пачаў размову з бацькам, але калі спадар Валер пачаў казаць пра правакацыі і „статусы“ ў калёніі, Краўцоў урэшце папрасіў мяне пачакаць у калідоры. Я паклала яму на стол наш зварот, ён пачытаў і незадаволена сказаў Валеру Бандарэнку: чаму вы гэты зварот падпісалі? На што бацька Андрэя адказаў: а як не падпісаць, гэта ж майго сына катуюць? Я выйшла, а бацьку Бандарэнкі параілі напісаць новы зварот пра „канкрэтныя“ парушэньні».

Паводле Ганны Шапуцькі, яны разам напісалі яшчэ адзін зварот. Падпалкоўнік Краўцоў прачытаў і параіў забраць першы, «няправільны», на што спадар Валер адказаў, што «няхай абодва застануцца, горш ня будзе».

У другім звароце падпісанты акцэнтавалі ўвагу на «парушэньнях», якія каштуюць чалавеку ня толькі фізычных, але і маральных пакутаў. У прыватнасьці, пра прагу адміністрацыі да пошука пылу ў цяжкадасяжных закутках камэры, за што Андрэю Бандарэнку і ў ІК-2, і ў ІК-17 былі вынесеныя пакараньні. Яго пазбавілі доўгатэрміновага спатканьня і ён не патрапіў пад амністыю. Да таго ж, пасьля дазволенай службы ў царкве некалькі зняволеных спазьніліся на абед, але ж пакараньне было вынесена аднаму Андрэю.

Валер Бандарэнка ў зьвязку з гэтым выказаў засьцярогу, што сыну павялічаць тэрмін зьняволеньня, бо ад пачатку кастрычніка той ужо двойчы быў у «ШЫЗА», а цяпер зьмешчаны ў ПКТ.

Адпаведныя звароты гэтаксама накіраваныя ў Генпракуратуру, МУС і начальніку калёніі ІК-17. Збор подпісаў працягваецца.

Сярод падпісантаў звароту «Спыніць катаваньні палітвязьня-праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі» — бацька вязьня Валер Бандарэнка, праваабаронца ініцыятывы «За Волю» Ганна Шапуцька, кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак, дырэктар Усходнеэўрапейскай школы палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Дабровольскі, заслужаны юрыст, экс-судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч, праваабаронца Марына Адамовіч, каардынатар праваабарончага руху «Наша Беларусь» Ігар Леднік, намесьнік старшыні руху салідарнасьці «Разам» Алесь Макаеў, сустаршыня БХД Павал Севярынец, палітык Зьміцер Дашкевіч ды многія іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG