Цікавіла толькі, як успрыме навіну і якім чынам паспрабуе перабудаваць сваё стаўленьне да ляўрэаткі беларускі нацыяналізм.
Як літаратарка Алексіевіч, безумоўна, пакліканая да жыцьця беларускай літаратурнай традыцыяй, а менавіта безбар’ернай «лейтэнанцкай прозай» Васіля Быкава і жорсткай кнігай-рэпартажам «Я з вогненнай вёскі...» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і фатографа Ўладзімера Калесьніка. Але ад самага пачатку ў прозе Алексіевіч намацвалася непрыманьне ідэалягічных дыёптрыяў. Адчувалася глухое і патаемнае супрацьстаяньне «навабранца» наяўнаму складу і ладу падкантрольнай літаратуры і ейнай міталёгіі. Вайна ўспрымалася савецкім мастацтвам збольшага як маскулінная дзея «защитников Отечества»: вусатыя і бязвусыя мужчыны бясконца ваявалі на тэлеэкранах, пасьпявалі закахацца ў санінструктарку, але неўзабаве паміралі. Крыху іншы ракурс быў у «ціхіх заранках» Барыса Васільева, дзе паміралі і жанчыны, дакладней, маладзенькія дзяўчаткі, але і там неадменна прысутнічаў побач старшы – таварыш Васкоў, які за ўсім пасьлядоўна назіраў. Кніга Алексіевіч ракурс зьмяніла кардынальна, адсекшы Окамавым лязом, амаль у фэмінісцкім ключы (наколькі гэта было магчыма пры позьнім Брэжневе, Андропаве і Чарненку), усё датычнае мужчын.
Тое самае можна сказаць пра кнігу «Апошнія сьведкі» – яшчэ адна дэканструкцыя прапагандысцкага міту саветчыкаў пра піянэраў-герояў, нашчадкаў Паўліка Марозава. У тым ліку і рэзкае адчужэньне ад беларускай прапагандысцкай кнігі «Ніколі не забудзем» 1948 году.
Новы ўдар па ідэалёгіі – Афганістан, «інтэрнацыянальны абавязак», які нават найлепшымі журналістамі Савецкага Саюзу, кшталту Баравіка, у той час рамантызаваўся. Алексіевіч зрэзала з тэмы ўвесь рамантычны флёр, паказаўшы тыя самыя жахлівыя пакуты, кроў і сьмерць тысяч людзей у імя богведама чаго. «Чарнобыльская малітва» – удар па ідэі навуковай магутнасьці Савецкага Саюзу альбо па самой ідэі вяршэнства «фізікаў» над усім. І – як заканчэньне – «Час сэканд-хэнд», пераствораны на аснове «зачараваных сьмерцю» самагубцаў. І сам Савецкі Саюз у гэтай апошняй кнізе памірае, імкнецца да скону, але ніяк ня дасьць сабе рады і канвульсыўна гаціць перад сабою ўсё целамі тысяч расчараваных.
Гэтага дастаткова, каб з упэўненасьцю казаць, што Алексіевіч сваімі кнігамі даводзіла жахлівую антычалавечнасьць савецкай ідэалёгіі, дзе жыцьцё каштавала менш за адну капейку, шанаваліся выключна гузікі ў радок. Зразумела, проста прыняць гульню ў крыжыкі-нулікі было б для Алексіевіч непрымальным, бо ўвесь ейны сусьветны посьпех і самая Нобэлеўская прэмія абумоўленыя тым, што аўтарка апэруе групамі зь вялікімі каэфіцыентамі і адкідае лякальна-нацыянальныя кантэксты.
Аднак менавіта тут магла б зьявіцца зачэпка для беларускага нацыяналізму. Рэч у тым, што ён у другой палове ХХ стагодзьдзя вызначыўся з асноўнай ідэяй. Варта пачынаць гаворку ад беларускай паваеннай эміграцыі: разасобленыя на плыні прыхільнікаў Беларускай Народнай Рэспублікі Міколы Абрамчыка і Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага, эмігранты шмат часу аддалі на ўнутранае супрацьстаяньне. Толькі адна ідэя магла аб’яднаць іх і ўрэшце аб’яднала – ідэя антыкамунізму і, пасьля абвяшчэньня незалежнасьці і распаду Савецкага Саюзу, супраціў рэстаўрацыі. Тая ж самая ідэя аб’яднала напрыканцы 1980-х і ў пачатку 1990-х Беларускі Народны Фронт. Найпершай і для эмігрантаў, і для фронтаўцаў была антыкамуністычная рыторыка, якая да 2015 году паступова выветрылася з кніжных навінак і з сродкаў масавай інфармацыі.
Сучасны культурніцкі авангард, які стварае і мадэлюе новыя сэнсы, трэнды і накірункі, скрайне рэдка схільны азірацца назад і нават навакол сябе. Дастаткова адысьці крыху ўбок ад усім вядомых кнігарняў і галерэй, каб нізрынуцца ў пафарбаваную савецкую сымболіку і ў якасны, новенькі савецкі лад, які прэ з усіх шчылінаў і гегемоніць па поўнай праграме. Найзручнейшы шлях для эстэтыкі – заплюшчыць вочы, правесьці рукой па абрусе і скінуць усё долу. Тады застаецца толькі аповед пра будучыню і мажлівае заўтра, які, ніхто не спрачаецца, неабходны. У спадзеве на тое, што спадчына камуністаў неяк сама сабою «рассмокчацца».
Актуальнасьць практыкаў Алексіевіч для беларускага нацыяналізму ў тым, што дагэтуль вольная ў айчыннай культуры «пасада» праціўніка рэстаўрацыі і дасьледчыка рэальнасьці – з насельніцтвам, захраслым у міталёгіі эпохі «застойнай» маладосьці; са школьнікамі і студэнтамі, якім дваццаць гадоў распавядалі, што такое Вялікая Перамога, Лінія Сталіна, Беларуская рэспубліканская піянэрская арганізацыя і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і якія ўпершыню прыйшлі сёлета на выбарчыя ўчасткі і без усякай задняй думкі датэрмінова прагаласавалі «за моцную і расквітнелую». Побач зь імі давядзецца нейкі час (а менавіта гадоў шэсьцьдзесят) жыць і суіснаваць у любімай сінявокай. Няхай будуць яны не чырвонымі, а чырвона-зялёнымі ўнутры, гэтыя людзі, але «паліфанічныя раманы» Алексіевіч шмат што гавораць і пра іх. Цяпер відавочна, што беларускі нацыяналізм занадта рана пахаваў антыкамуністычную рыторыку: шкілет Савецкага Саюзу тамінокерам грукае ў дзьверы: лепш яго дасьледаваць і ведаць у твар усе прыёмы, захопы і кідкі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.