Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падчас візыту 2 кастрычніка ў Парыж для ўдзелу ў сустрэчы лідэраў краін «нармандзкай чацьвёркі» паставіць перад Расеяй пытаньне пра адмену псэўдавыбараў на Данбасе.
Пра гэта паведаміў сёньня на брыфінгу ў Кіеве намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Канстанцін Елісееў.
«Найважнейшым пытаньнем будзе адмена расейскім бокам правядзеньня фэйкавых выбараў на Данбасе, адпаведна, 18 кастрычніка і 1 лістапада, і ў гэтым пытаньні ёсьць адзіная пазыцыя для Ўкраіны, Нямеччыны і Францыі, і гэтая пазыцыя была пацьверджана ў Нью-Ёрку ў часе двухбаковых сустрэч», — падкрэсьліў Елісееў.
Ці зможа Пятро Парашэнка разам з заходнімі партнэрамі пераканаць расейскага лідэра, каб ён адмяніў выбары на Данбасе? Сваё меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў прафэсар катэдры паліталёгіі Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей Гарань:
«На прызнаньне фэйкавых выбараў у так званых ЛНР і ДНР ня пойдзе ні Ўкраіна, ні Захад. Гэтая пазыцыя была сфармулявана вельмі дакладна. Больш за тое, фэйкавыя выбары могуць быць расцэненыя як парушэньне менскіх дамоўленасьцяў. Таму я лічу, што Пуцін толькі выкарыстоўвае ідэю з выбарамі ў самаабвешчаных рэспубліках для торгу. Але гэтая ідэя ня ёсьць выйгрышнаю для яго. З улікам таго, што галоўная мэта Пуціна — дасягнуць паслабленьня ці нават зьняцьця санкцый, больш шанцаў быць зацьверджанай мае ідэя выбараў у Данбасе паводле ўкраінскага заканадаўства. Тым больш, што такі пункт прапісаны ў менскіх дамоўленасьцях. Таму я не выключаю, што ў выніку Пуцін пагодзіцца, каб выбары ў ЛНР і ДНР прайшлі паводле ўкраінскага заканадаўства. Іншая справа, што на Данбасе могуць застацца расейскія войскі і будуць працягваць існаваць сэпаратысцкія анклявы. Пуцін хутчэй за ўсё будзе імкнуцца прадаць ідэю такіх выбараў Захаду. І вялікая небясьпека палягае ў тым, што Захад можа клюнуць на гэтую прынаду.
Выгандлёўваючы адмену санкцый, Пуцін можа пайсьці на саступкі што да выбараў у Данбасе. У Сырыі, куды Расея адпраўляе ваенна-паветраныя сілы, ён дэманструе моц і важнасьць, лічыць Аляксей Гарань:
«Пуцін штучна паднімае стаўкі ў Сырыі. Выкарыстоўвае сваю там прысутнасьць у торгу з Захадам. Хоча паказаць, які ён вялікі і моцны, і што зь ім трэба лічыцца. Безь яго ніяк нічога ня вырашыцца. Калі ў пытаньні Данбасу ён паказвае гатоўнасьць да выкананьня дамоўленасьцяў, то ў Сырыі — палохае, паказвае моц. Але мэта адна — адмена ці паслабленьне санкцый».