Што вы ведаеце пра канкурэнтаў Лукашэнкі на выбарах? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.
Жанчына сярэдняга веку: «Папраўдзе, то мне няма калі іх слухаць. Праўда, я і ня памятаю, хто ў нас яшчэ ў кандыдатах, ня ведаю іх прозьвішчаў. Бачыла, што выступае жанчына і яшчэ два мужчыны. У яе праграме нешта за моладзь, падвышэньне заробкаў, а астатнія, то і ня ведаю...»
Мужчына пэнсійнага веку: «А што тут каго яшчэ абіраць, выбары ўжо адбыліся...»
Мужчына перадпэнсійнага веку: «Зь іх самая разумная — Караткевіч. Яна насамрэч годная, каб яе абралі прэзыдэнтам. Астатнія апанэнты — толькі дзеля таго, каб расьцягнуць гэтую ціну. А потым яны скінуць свае галасы Лукашэнку і зьбягуць».
Мужчына сярэдняга веку: «Толкам нічога пра іх не магу сказаць. Праўда, аднаго бачыў па тэлебачаньні. Гайдукевіч, Караткевіч, а трэцяга ня памятаю. Але ніхто і праграмаў іх нідзе ня кідае, і па тэлебачаньні вельмі рэдка паказваюць».
Малады мужчына: «Нічога пра іх ня ведаю, няма нідзе ніякай інфармацыі, і па тэлебачаньні ніхто не паказвае. Прозьвішчы — так, здаецца, памятаю, але каб пачуць ці пабачыць, то не. Нават не ўяўляю, якія яны. Вось калі Жырыноўскага ў Расеі ведаю, то там ведаю. А ў нас іх не афішуюць, няма свабоды слова».
Мужчына перадпэнсійнага веку: «У мяне зьявілася цікавасьць да Караткевіч, калі яе пабачыў. Але яна зь бел-чырвона-белым сьцягам, а гэта мяне не задавальняе, хаця ўладу трэба мяняць. Пра астатніх магу сказаць простую рэч — гэта статысты, пэнсіянэры, і што тады мяняць шыла на мыла?»
Мужчына сярэдняга веку: «Бачыў жанчыну толькі, і яна будзе кіраваць сэрцам...»
Маладая жанчына: «А вось нам толькі сёньня ўлётку кінулі, будзем знаёміцца, хаця да выбараў літаральна некалькі дзён. Прозьвішчы чула, але хто яны такія, пакуль ня вывучыла».