Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзе гарантыя таго, што вы нас не закалыхаеце як Лукашэнка?» Тацяна Караткевіч пабывала ў Шклове


Тацяна Караткевіч першай з кандыдатаў у прэзыдэнты наведалася ў райцэнтар, зь якога пачаў сваю палітычную кар’еру Аляксандар Лукашэнка. На сустрэчы з выбарцамі кандыдатка заклікала галасаваць за яе і казала пра «Народную праграму», зь якой зьбіраецца стаць кіраўніком Беларусі.

Жыхары Шклова, зь якімі журналіст пасьпеў пагутарыць да прыезду Тацяны Караткевіч, у бальшыні сваёй вызначыліся, за каго аддадуць свой голас. Вялікай таямніцы з гэтага яны ня робяць. Іх фаварыт — Аляксандар Лукашэнка. Ён аднак з сваёй агітацыяй у Шклоў яшчэ не прыяжджаў.

Агітавала Тацяна Караткевіч у раённым Доме культуры. Абвесткі пра сустрэчу з шклоўскімі выбарцамі, паводле сяброў яе ініцыятыўнай групы, напярэдадні былі расклееныя па райцэнтры. На сустрэчу з апанэнтам Лукашэнкі прыйшлі каля сямідзесяці чалавек, пераважна сталага веку. Былі зь дзясятак маладзёнаў.

«Для мяне гонар прадстаўляць галасы тых людзей, якія хочуць пераменаў, каб жыцьцё стала лепей. Каб зьявілася надзея і ўпэўненасьць у заўтрашнім дні», — зьвярнулася да шклоўцаў Тацяна Караткевіч.

«Мы сёньня разумеем усе, — даводзіла яна, — што жывём у эканамічным крызісе. Аднак, цяперашняя ўлада не прапануе рашэньняў, як будзе будаваць далей нашу Беларусь. Улада і нічога не прапануе, і яшчэ намагаецца нас вінаваціць, што мы неяк няправільна сябе паводзім». Караткевіч казала пра зьмены ў эканоміцы, дзяржаўным кіраваньні, сацыяльнай абароне, мэдыцыне, адукацыі ды міжнароднай палітыцы.


«Эканоміка ў Беларусі не паляпшаецца, але чамусьці беларусы галасуюць за аднаго чалавека?» — запыталася жыхарка Шклова, якая назвалася Людмілай.

Кандыдатка ў прэзыдэнты адказала: «Не сакрэт, што ёсьць пытаньні, наколькі празрыста ў нас праходзіць выбарчая кампанія і як падлічваюць галасы».

«Кепска і іншае, — дадала Караткевіч, — у нас няма досьведу іншага прэзыдэнта, таму нам боязна прагаласаваць за другога чалавека. Лічу: толькі выбарамі мы зможам зьмяніць сытуацыю. Мой падыход — гэта мірныя перамены».

Тацяна Караткевіч не дала гарантыяў, што і на гэтых выбарах падлік галасоў будзе справядлівым.


«Аляксандра Лукашэнку я ведаю з 1975 году. Да прэзыдэнцкай улады ён прыйшоў, змагаючыся з эканамічнай злачыннасьцю. Лукашэнка не аддасьць уладу нікому. Ён пажыцьцёва будзе прэзыдэнтам», — уступіў у спрэчку з Караткевіч адзін з удзельнікаў сустрэчы.

«Як вы выбераце новага, калі набераце 5-10 працэнтаў? Будзем чакаць, пакуль ён пойдзе на пэнсію. Я разумею, што гэта перадвыбарчая праграма, але ўсё гэта нулявое», — настойваў іншы мужчына пэнсійнага веку.

«Дзе гарантыя таго, што вы нас не закалыхаеце як Аляксандар Рыгоравіч», — зьвярнуўся да Караткевіч з пытаньнем яшчэ адзін жыхар Шклова.

«Я выступаю за тое, каб улада мянялася. Праз пяць гадоў у вас будзе магчымасьць пераабраць Караткевіч. Можна абраць яе і на другі тэрмін, але ня болей. Мая задача выканаць свае абяцаньні, каб мяне абралі на другі тэрмін. Я хачу падзяліць уладу, каб у прэзыдэнта не было заканадаўчай ініцыятывы, як цяпер, каб адзін чалавек не рашаў, якія ў нас будуць законы. Наша канстытуцыі і воля будуць гарантыямі таго, што я вас не закалыхаю», — пераконвала аўдыторыю Караткевіч.


Пакуль Тацяна Караткевіч выступала ў залі Дома культуры, ля яго лунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Групе чыноўнікаў гэта карціна ня дужа падабалася. Нехта ціха прамовіў: «Ну навошта выставілі гэты сьцяг?»

Калі сустрэча скончылася, на пытаньне Свабоды, ці ня боязна было выступаць на радзіме прэзыдэнта, Тацяна Караткевіч адказала: «Боязна, але вы ж чулі, якія выступы былі ў залі? Тут жа я ўжо ў другі раз. За мяне ўжо тут падпісваліся, праўда няшмат. Сёньняшняя сустрэча, аднак, пацьвердзіла, што маё рашэньне вылучыцца на прэзыдэнта было слушным».

Акрамя Шклова, Тацяна Караткевіч сустрэлася з жыхарамі Бялынічаў і Магілёва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG