Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтавалі «Мы браты» са сцэнамі Плошчы і выбуху ў мэтро. Курэйчык: «Гэта бяздарнае кіно»


Андрэй Курэйчык пра «Мы браты»: Гэта бяздарнае кіно, гэта зьдзек зь людзей
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:19 0:00
Наўпроставы лінк

Андрэй Курэйчык пра «Мы браты»: Гэта бяздарнае кіно, гэта зьдзек зь людзей

Прэм’ера адбылася 24 верасьня ў кінатэатры «Масква» з удзелам прадусара і некаторых актораў.

У фільме распавядаецца біблейская гісторыя пра Каіна і Абэля на сучасны манэр. Асноўнае дзеяньне адбываецца ў Беларусі. Ордэн Абэлітаў спрабуе вылічыць і знайсьці людзей зь пячаткай Каіна, якія нясуць зло. Дапамагаюць у гэтым супрацоўнікі Службы бясьпекі прэзыдэнта Беларусі.

Драматург і сцэнарыст Андрэй Курэйчык пасьля паказу фільму ў Менску раскрытыкаваў стужку. Паводле Курэйчыка, такія баевікі ідуць на НТВ штодня:

«Увечары ўключыце — там будзе кіно такога кшталту, практычна бесьперапынна. Я не пабачыў там (у фільмы „Мы, браты“ — РС) нічога, што зьвязвала б гэта з мастацтвам, з культурай, з нацыянальным кінапраектам, з паняцьцем „нацыянальны кінапраект“. Мне здаецца, што гэта поўная дыскрэдытацыя няшчаснай Службы бясьпекі прэзыдэнта, таму што сканчваецца ўсё тым, што супрацоўнікі службы бясьпекі езьдзяць на „Бэнтлі“ з жанчынамі па Малібу — і ў гэтым уся радасьць. Гэта дыскрэдытацыя дзяржаўных органаў, на мой погляд».

«Пра што фільм? Гэта вялікае пытаньне для гледачоў. Таму што ўсе гэтыя маштабныя сцэны, дзе вельмі роўнымі і дакладнымі зьмейкамі ходзяць пратэстоўцы па вуліцах...І ўвогуле чаго яны хочуць, і што адбываецца ў краіне, і што адбываецца на "БелАЗе", і што адбываецца ў дзяржаўных органах — я нічога не зразумеў. Апроч таго, што чалавек тэлефануе прэзыдэнту, кладзе слухаўку і гаворыць: "Плян цэнтрыфуга" ці "Плян Шчыт" ці "Плян Меч". Як у анэкдоце пра добрую і кепскую бульбу. Я не разумею ўвогуле сюжэту гэтага фільму.

Гэта проста зьдзек зь людзей. Тыя, у каго родныя ці сябры загінулі падчас выбуху ў мэтро ці пацярпелі на Плошчы, зразумеюць, што зь іх зьдзекуюцца і прычым вельмі груба. Што іх узарваў нейкі авеліт ці нехта там яшчэ, і што Плошча выглядала так, як паказана ў фільме... Слухайце, мы дарослыя людзі і мы ўсё памятаем. І тут у Менску ўсе людзі ведаюць, як гэта было. Гэта адкрыта бяздарнае кіно. Людзі рагаталі падчас кожнай другой сцэны. І гэта бяздарнае кіно зьдзекуецца з рэальных трагедыяў беларускага народу.

Я зразумеў, чаму на прэм’еры не прысутнічаў ніхто: ні рэжысэр, ні сцэнарыст, ні апэратар. Гэтым людзям сорамна глядзець у вочы беларускіх падаткаплацельшчыкаў. Таму што яны высмакталі мільёны даляраў, а паказалі вось гэта. Мне здаецца, ім было б вельмі-вельмі сорамна.

Сэнс такі. Гэта ўсё кепска. Гэта ўсё робяць кепскія людзі, якія інсьпіруюцца амэрыканцамі. Проста не атрымалася гэта данесьці. Ну, празь недахоп таленту, ці я ня ведаю, чаго яшчэ. Але думка відавочная. І напрыклад, у Расеі, здымаецца шмат ідэялягічных фільмаў з такой думкай, — маўляў, за ўсім стаяць амэрыканцы, усё яны інсьпіруюць. Але там яно робіццца больш-менш з талентам», — перакананы Андрэй Курэйчык.

Прадусар Сяргей Ждановіч
Прадусар Сяргей Ждановіч

Вячаслаў Ракіцкі ў сваім блогу піша, што фільм адпавядае статусу «Нацыянальны праект»:

Вячаслаў Ракіцкі
Вячаслаў Ракіцкі

«Нацыянальны фільм у адкрыцьці паэтычных глыбіняў беларускай клясычнай і сучаснай прозы? Не. Фільм пашырае творчыя далягляды беларускіх рэжысэраў, актораў? Не. Нацыянальную адметнасьць адшукалі ў новай кінамове, якая, дзякуючы амэрыканскім творцам, узбагаціць беларускае кінамастацтва? Не, бо ён сатканы з галівудзкіх штампаў. І кінамовай належыць да той культуры. Фільм раскажа сьвету пра непаўторнасьць беларускай душы і яе драматычны гістарычны шлях? Не. Дык у чым тут нацыянальны кінапрадукт? І ўвогуле, ці можа ён быць, калі пасьлядоўна вынішчаецца ў краіне яе мова і культура?»

У шырокі пракат фільм выйдзе 1 кастрычніка з узроставым абмежаваньнем 16+. Беларускі блокбастар будзе дэманстравацца ў кінатэатрах «Масква» і «Беларусь», па тры сэансы на дзень.

Паводле генэральнага прадусара кінакампаніі Nonstop MEDIA і фільму Сяргея Ждановіча, на верасьнёвым фэстывалі «Кінашок», дзе адбыўся першы паказ стужкі, «фільм быў прыняты добра». Наладжана і дыстрыбуцыя: дамовы заключаныя больш чым з 40 краінамі сьвету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG