Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбар для расейскіх вайскоўцаў: У Сырыю — або ў турму


Расейскія вайскоўцы ў сырыйскім порце Латакія. Фота з сацыяльных сетак
Расейскія вайскоўцы ў сырыйскім порце Латакія. Фота з сацыяльных сетак

У найбліжэйшыя дні стане зразумелы лёс некалькіх расейскіх вайскоўцаў з Новарасійску, якія адмовіліся ад «камандзіроўкі» ў Сырыю. Яны спаслаліся на адсутнасьць пісьмовага загаду і іншыя парушэньні закону. Аднак замест абароны іх правоў вайсковае камандаваньне зьвярнулася ў Фэдэральную службу бясьпекі, па ініцыятыве якой кантрактнікаў могуць абвінаваціць па розных артыкулах крымінальнага кодэксу, ажно да дзяржаўнай здрады.

Расейскі вайсковец у Сырыі. Фота з сацыяльных сетак
Расейскі вайсковец у Сырыі. Фота з сацыяльных сетак

18 верасьня інтэрнэт-выданьне «Газета.Ru» распавяло, што ў Новарасійску на чыгуначнай станцыі Тунэльная знаходзіцца так званая зводная рота з 20 вайскоўцаў-кантрактнікаў Узброеных сіл РФ, якіх камандаваньне, як мяркуецца, рыхтуецца накіраваць у Сырыю. Іх прыслалі сюды нібыта для выгрузкі вайсковай тэхнікі. Аднак на камандзіровачным пасьведчаньні не была пастаўлена дата вяртаньня, а перад адпраўкай у Новарасійск камандзір сказаў вайскоўцам, што іх рыхтуюць да камандзіроўкі ў «гарачую краіну». Чатыры кантрактнікі на чале зь лейтэнантам Аляксеем Н. таксама паведамілі, што ва ўсёй зводнай роты ўзялі дакумэнты на афармленьне службовых замежных пашпартоў, пасьля таго як 16 верасьня яны сустрэліся з прадстаўніком Генштабу. Гэты чалавек ў цывільным адзеньні выступіў перад вайскоўцамі, заявіўшы, што загад аб камандзіроўцы за мяжу «сакрэтны». Таксама ён пацьвердзіў, што роту адпраўляюць у сырыйскі горад Латакія.

Даведаўшыся, што іх адпраўляюць у Сырыю, вайскоўцы вырашылі афіцыйна адмовіцца ад камандзіроўкі, аднак у мясцовай вайсковай пракуратуры, па іх словах, заявы ня толькі не прынялі, але і падключылі да справы ФСБ. Паводле «Газеты. Ru», тады вайскоўцы зьвярнуліся ў Савет па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі, які накіраваў запыт у Міністэрства абароны з просьбай праверыць гэтыя скаргі. Адначасова прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, камэнтуючы публікацыю «Газеты. Ru», заявіў, што ў Крамлі не валодаюць дадзенымі аб расейскіх вайскоўцах-кантрактніках, якія зьвяртаюцца са скаргамі на тое, што іх нібыта адпраўляюць у Сырыю.

Адвакат Іван Паўлаў, які ўзяўся абараняць інтарэсы гэтых вайскоўцаў, адзначае, што вайсковая пракуратура бязьдзейнічае, у той час як кантрактнікі перажываюць пэрыяд «праверак, допытаў і пагрозаў аж да крымінальнага перасьледу».

РС: Ці вядома вам, што цяпер адбываецца з гэтымі вайскоўцамі? Аб колькіх менавіта людзях ідзе гаворка?

Адвакат Іван Паўлаў
Адвакат Іван Паўлаў

Іван Паўлаў: Я не магу назваць ні колькасьць, ні імёны тых асобаў, якіх я прадстаўляю, чыста зь меркаваньняў іх бясьпекі. Магу толькі сказаць, што да мяне зьвярнулася група вайскоўцаў, якіх «наўгад», ня даўшы ім ніякай інфармацыі, спрабавалі перакінуць у адну з гарачых кропак. Яны, атрымаўшы ускосныя зьвесткі аб тым, што такая адпраўка можа адбыцца, зьвярнуліся спачатку ў вайсковую пракуратуру, якая зусім бязьдзейнічала ў гэтай сытуацыі. І замест таго, каб абараняць правы вайскоўцаў, нацкавала на іх армейскіх «асабістаў» і прадстаўнікоў ФСБ. Цяпер сытуацыя пасьля таго, як падняўся шум у СМІ, пачала, быццам бы, паляпшацца, гэтых вайскоўцаў пачалі пераводзіць назад, у месца сталай дысьлякацыі іх часткі. У дадзены момант яны знаходзяцца якраз у дарозе — але пакуль не даехалі. Таму мы ўважліва назіраем за тым, што адбываецца. І калі да гэтых вайскоўцаў будуць ужываць нейкія праверкі і допыты або накладаць на іх нейкія спагнаньні, мы юрыдычна ўвойдзем у гэты працэс і будзем адстойваць іх правы і інтарэсы.

РС: А ім пагражалі, паводле вашай інфармацыі?

Іван Паўлаў: Ім пагражалі крымінальным перасьледам. Гаворка, як яны мне растлумачылі, ішла ледзь не аб абвінавачаньні ў дзяржаўнай здрадзе.

РС: У чым складаюцца парушэньні законаў у гэтым выпадку, прычым на кожным этапе, з боку Мінабароны, з боку вайсковай пракуратуры, з боку іншых афіцыйных інстанцый?

Іван Паўлаў: У дадзеным выпадку, на мой погляд, гаворка ідзе пра ігнараваньне правоў вайскоўцаў, якія гарантаваны Канстытуцыяй і заканадаўствам аб вайсковай службе. Кантрактнікі такія ж людзі, як і мы з вамі, яны грамадзяне! Нягледзячы на тое, што яны павінны «выконваць загад». Але любы загад павінен быць выразным і зразумелым, для таго, каб яны маглі прыняць рашэньне — гэта іх вайна ці не? Калі людзей адпраўляюць у камандзіроўку, не называючы ім канчатковы пункт прызначэньня, і яны ўжо ў самым канцы пачынаюць разумець, што едуць у гарачую кропку, то гэта, вядома, парушэньне як умоваў кантракта, так і дзейнага заканадаўства.

РС: Паколькі ўсе лічаць, што гэтых людзей зьбіраліся адправіць за мяжу, за межы РФ, а менавіта ў Сырыю, то многія паказваюць на тое, што гэтыя вайскоўцы былі б абсалютна бяспраўныя потым, калі б яны вярнуліся шчасьліва з гэтай так званай «замежнай камандзіроўкі», у сэнсе нейкіх кампэнсацый магчымай шкоды здароўю, выплат і гэтак далей. А калі б яны наогул не вярнуліся, то іх сем’і ніколі не змаглі б атрымаць ня тое што нейкую дапамогу, але нават і доказаў таго, што іх сваяк загінуў, выконваючы вайсковы абавязак.

У кожнага вайскоўца ёсьць магчымасьць выбару. Ён можа проста пры нязгодзе з нейкім загадам пакласьці рапарт на стол і сказаць: «Выбачайце, але ў такіх умовах я служыць ня буду!»

Іван Паўлаў: Пры абсалютна туманных абставінах — куды іх накіроўвалі, навошта іх накіроўвалі, якія мэты перад імі ставілі — вядома, ўзьнікае урадлівая глеба для ўсякага роду злоўжываньняў з боку вайсковага камандаваньня. Гэтыя вайскоўцы пазбаўляюцца сацыяльных гарантый, чаго не адбылося б, калі б усе загады былі аформленыя належным чынам. Іх бы азнаёмілі з гэтымі загадамі і далі магчымасьць выбару. Таму што ў кожнага вайскоўца ёсьць магчымасьць выбару. Ён можа проста пры нязгодзе з нейкім загадам пакласьці рапарт на стол і сказаць: «Выбачайце, але ў такіх умовах я служыць ня буду!»

РС: У якой ступені тое, што парушаецца закон, разумеюць чыноўнікі Мінабароны, вайсковай пракуратуры, ФСБ? У краіне дзесяцігодзьдзямі існаваў адзін падыход — што вайсковец не разважае, ніколі ні пра што не пытаецца, толькі «абараняе Радзіму коштам уласнага жыцьця». І любое адступленьне, асабліва ў бок публічнай абароны ўласных правоў, агалоска, зварот ў любыя вышэйшыя інстанцыі выклікалі ня толькі ў армейскіх шэрагах, але нават у вялікай часткі грамадзтва вельмі моцнае зьдзіўленьне і непрыманьне. Вы казалі, што прагучала словазлучэньне «здрада радзіме». З пункту гледжаньня разуменьня і захаваньня законаў і разуменьня правоў вайскоўцаў, хоць нейкія зьмены з савецкіх часоў у галовах вайсковых начальнікаў адбыліся?

Іван Паўлаў: Калі і адбыліся, то мы іх не заўважаем. Таму што да людзей як у часы СССР і Савецкай арміі ставіліся як да гарматнага мяса, як да бяспраўных рабоў, так і працягваюць ставіцца. Нягледзячы на тое, што ўсім разумным людзям зразумела, што сучасную і эфэктыўную армію можна пабудаваць толькі з вольных людзей, шляхам нармальнай кантрактнай сыстэмы, калі кожны з бакоў, а ня толькі звычайны вайсковец, ведае свае абавязкі. «Бацькі-камандзіры» павінны разумець, што на іх таксама ляжаць пэўныя абавязкі перад сваімі падначаленымі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG