Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я б параіў беларускім кіраўнікам таксама падумаць пра турму» — Алесь Міхалевіч

абноўлена

Хто і як мае падтрымліваць зьняволеных? Ці шмат у Беларусі ўвогуле тых, каго б хвалявала гэта тэма? Размова ідзе не пра палітзьняволеных, за лёсам якіх так ці інакш сочыць прагрэсіўная грамадзкасьць, у тым ліку і міжнародная. А таксама — не пра прафэсійных крымінальнікаў, так званых «блатных», у якіх паводле даўняй традыцыі дзейнічае свой уласны фонд узаемадапамогі — «общак». Гаворка — пра астатніх, тых, чые імёны мы ня ведаем і пра якіх не расказваюць у навінах.

Пытаньне падтрымкі зьняволеных у нашай праграме абмяркоўваюць некаторыя з былых палітвязьняў, а таксама «людзі з вуліцы» — магілёўскія мінакі.

На думку апытаных, вязьняў маюць падтрымліваць найперш сваякі, а таксама грамадзкія арганізацыі і дзяржава.

Наўпроставы лінк

Паводле ацэнак экспэртаў, доля апраўдальных прысудаў у Беларусі мізэрная. Прыкладна як і ў суседняй Расеі — недзе да аднаго адсотку. У эўрапейскіх краінах гэты ўзровень разоў у 20 вышэйшы. Пры такім ухіле ў бок абвінавачаньня, мяркуюць адмыслоўцы, выносіцца шмат несправядлівых прысудаў, у тым ліку і заказных.

Пра тое, што ў беларускіх турмах ад траціны да паловы зьняволеных сядзіць па несправядлівых або нацягнутых прысудах, сьведчаць у сваіх інтэрвію, у тым ліку, нашай праграме і многія з былых палітзьняволеных. У выніку працяглай ізаляцыі ад грамадзтва многія з асуджаных выходзяць на волю асацыяльнымі. Яны трацяць былыя сувязі з воляй — сям’ёй, сябрамі, калегамі. За некалькі гадоў адседкі забываюцца, як карыстацца звыклымі калісьці бытавымі рэчамі — у турме адвучваюць ад элемэнтарнага самаабслугоўваньня, нават ад таго, як трымаць нож і відэлец. Чалавеку ў такім стане вельмі часта няма ні дзе працаваць, ні дзе жыць. Ня дзіва, што назад за краты вяртаецца прынамсі кожны другі.

«Ніколі ня ведаеш, калі там апынесься»

Былы палітвязень Алесь Міхалевіч — юрыст паводле адукацыі, экс-кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду на выбарах 2010 году. Днямі ён пасьля больш як чатырохгадовай эміграцыі вярнуўся на радзіму. Паводле ягоных словаў, тэма рэфармаваньня сыстэмы выкананьня пакараньняў цікавіць яго як адмыслоўца і як беларускага грамадзяніна, бо сёньня ў нашай краіне ад гэтага не застрахаваны ніхто. Прысутнічала гэтая тэма і ў ягонай прэзыдэнцкай праграме. Алесь Міхалевіч ня верыць у тое, што некалі сьвет будзе бяз турмаў. Ён лічыць пазбаўленьне волі адным з самых эфэктыўных сродкаў пакараньня, але дадае: толькі пазбаўленьне волі. А цяпер жа зьняволенага ў якасьці пакараньня пазбаўляюць права на перадачы, тэлефанаваньні, сувязь з вонкавым сьветам, зьневажаюць яго як асобу.

Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

— Гэты інстытут павінен ня толькі ізаляваць, але і выпраўляць людзей. А таму павінна быць сацыялізацыя, каб людзі маглі кантактаваць з вонкавым сьветам. У нашых жа ўмовах сацыялізацыі якраз няма, усё створана дзеля таго, каб чалавек страціў тыя сувязі, якія меў да пасадкі і набыў новыя, крымінальныя, каб выйшаў з-за кратаў воўкам... Узгадваю «Валадарку». З тымі злачынцамі, зь якімі сядзеў разам у камэры, давялося абмяркоўваць іх, што называецца, кейсы, нярэдка з гледзішча таго, у чым былі іх памылкі, з-за чаго іх затрымалі... Вельмі добра відаць: тыя, хто раней праходзіў праз турму — гэта нашмат больш прафэсійныя злачынцы, чым тыя, хто не праходзіў.

— Злачынцы ў «амэрыканцы» — што вы скажаце пра іх?

— А ў «амэрыканцы» іншы кантынгент. Там я, акрамя чалавека, якога ўрэшце пасадзілі за наркагандаль, хіба злачынцаў і ня памятаю. Усе астатнія былі тыя, каго сыстэма ламала, размолвала, каб атрымаць паказаньні супраць некага іншага. У «амэрыканцы» ўсё ж кантынгент вельмі інтэлігентны, інтэлектуальны. Напрыклад, у той час, калі сядзеў я, сядзела ўсё кіраўніцтва МТЗ, сядзелі людзі з дэпартамэнту фінрасьсьледаваньняў. Уся віна іх была ў тым, што яны воляй лёсу трапілі ня ў той клан, які цяпер кіруе Беларусьсю.

— Постсавецкая турма — беларуская, расейская — гэта вельмі закрыты інстытут. Але, адрозна ад Расеі, у Беларусі няма такіх моцных, закладзеных у савецкія часы, праваабарончых традыцыяў, дабрачыннай падтрымкі спачатку палітвязьняў, а потым, пасьля развалу СССР, проста вязьняў... То бок сытуацыя ў нас яшчэ больш закрытая. Нешта прачыняецца, калі там сядзяць палітвязьні, якія сыгналізуюць пра розныя прыцясьненьні. Але палітвязьняў пад ціскам патрабаваньняў грамадзкасьці выпускаюць, тэма становіцца ўсё менш запатрабаванай, пра яе нават забываюцца. Праблема ж застаецца...

— Лічу, што найперш гэтая тэма павінна быць адкрытай для журналістаў, для грамадзкасьці, адвакатаў і г.д. Таксама павінна быць больш праваабарончых профільных арганізацыяў. Напрыклад, у Польшчы пасьля дэмакратычнай трансфармацыі сытуацыя ў турмах стала істотна лепшай. Менавіта таму, што чалавек, які займаўся турэмным рэфармаваньнем, сам празь вязьніцы праходзіў. Ён ведаў самыя розныя нюансы. Вось на што звычайна зьвяртаюць увагу розныя назіральнікі? На нейкія вонкавыя фактары, як правіла. У якасьці прыкладу — выпадак з майго знаходжаньня ў СІЗА КДБ. Разам з намі ўтрымліваўся адзін хлопец-аўганец. І нехта зь сядзельцаў у сувязі зь нейкай нагодай сказаў: з нас тут зьдзекуюцца, але тут лепш, чым у турме талібаў. На што мы пачулі такі адказ: я быў у турме Талібану, там няма ўсёй гэта мадэрнізацыі (ён паказаў на белыя прасьціны), але да людзей там ставяцца нашмат лепш. Вось розныя вонкавыя камісіі якраз прыглядаюцца да гэтай мадэрнізацыі, абсалютна не зьвяртаючы ўвагі на тое, як ставяцца да людзей. І людзі вельмі хутка ў жывёлу ператвараюцца. А гэта адна з галоўных праблемаў цяперашніх беларускіх турмаў.

Я б параіў беларускім кіраўнікам, — кажа Алесь Міхалевіч, — таксама падумаць пра гэта. Бо ніколі ня ведаеш, калі там апынесься. Лепш пачаць праводзіць гэтыя рэформы, незалежна ад таго, хто туды трапляе. Гэтымі пытаньнямі, я ўпэўнены, трэба вельмі сур’ёзна займацца. На грамадзкім узроўні, узроўні журналістаў. Тады толькі могуць настаць зьмены.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:29 0:00
Наўпроставы лінк

«Каб насталі зьмены, гэтую тэму трэба „дзяўбці“ гадоў 50...»

У адпаведнасьці з эўрапейскімі стандартамі сапраўдная сацыялізацыя вязьня магчымая толькі ва ўмовах так званай «адкрытай турмы», калі гэтую ўстанову наведваюць як мага больш людзей звонку. Лічыцца, што грамадзтва павінна ведаць, што там адбываецца, як там усё ўладкавана, і, зыходзячы з валоданьня сытуацыяй, кантраляваць і спрыяць таму, каб сувязь вязьня з воляй не абрывалася, а захоўвалася. У гэтым сэнсе беларуская турма належыць да самых закрытых у Эўропе. Доступ у яе немагчымы для абсалютнай большасьці праваабаронцаў, назіральнікаў, журналістаў.

Лера Хоціна, жонка палітвязьня Міколы Дзядка, некалі ў інтэрвію нашай праграме (запіс быў зроблены да вызваленьня яе мужа) выказала думку, што пэўную адказнасьць за тое, каб турмы станавіліся больш «празрыстымі», нясуць і самі былыя сядзельцы, і найперш палітвязьні — як прадстаўнікі найбольш «прасунутай» часткі турэмнага насельніцтва.

Лера Хоціна
Лера Хоціна

«Мне здаецца, што нічога ня зьменіцца ў гэтай сыстэме і пасьля таго, як прыйдзе іншы прэзыдэнт, — лічыць Лера. — Бо, на жаль, я ня бачу ніякага інтарэсу да гэтай тэмы. Што асабліва расчароўвае? Як лёгка і хутка забываецца ўсё многімі з тых, якія былі арыштаваныя ў 2010 і правялі за кратамі не адзін год, якія зразумелі, што там разам зь імі сядзяць далёка не адкіды, як лічыць большасьць на волі, а такія ж, як і ўсе мы... І ніхто не ўздымае тэмы, пакуль журналісты не спытаюць. Але ж ты сам адчуў за кратамі ўсе тыя прыцясьненьні, ты сам разумееш, што там гэта і цяпер працягваецца ў дачыненьні да тваіх колішніх сяброў...Ты ж толькі зьмяніў адны краты на іншыя, больш шырокія, і ўсё. Але тут жа пра гэта і забыўся. А гэтую тэму трэба „дзяўбці“ ды „дзяўбці“. З усіх франтоў. Напэўна, недзе гадоў 50, каб дайсьці хаця б да ўзроўню Швэцыі».

Наўпроставы лінк

Ці будуць «дзяўбці» гэтую тэму муж Мікола Дзядок і ягоны паплечнік па анархісцкім руху Ігар Аліневіч, які таксама нядаўна выйшаў на волю, — пакажа час. Падчас інтэрвію «Свабодзе», дзе абодва анархісты распавялі пра сытуацыю за кратамі, прагучала, што пра гэты свой досьвед, атрыманы за пяць гадоў турмы ды зоны, яны ня маюць права забывацца.

Ва ўсім сьвеце і ва ўсе часы анархісты выступаюць супраць турмаў, нават для іх ворагаў. Яны перакананыя, што калі дзейная арганізацыя сродкаў вытворчасьці будзе разбураная, а грамадзкае багацьце будзе належаць усім, кожнаму па яго патрэбам, ад кожнага па яго жаданьні, будзе мала падстаў для супрацьстаяньня. Вязьняў у турмах анархісты традыцыйна падтрымліваюць. Напрыклад, дасылаюць ім лісты. Некаму гэта можа здацца банальным, але сябры анархісцкага руху ўпэўненыя: калі апынаесься за кратамі, то разумееш, як важна, што на волі пра цябе думаюць і што там з табой салідарныя.

«Зьняволеныя шукаюць тых, хто можа дапамагчы»

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч — двойчы палітвязень. З другой адседкі вызваліўся летась. Кажа, што пачаў па магчымасьці падтрымліваць зьняволеных пасьля свайго першага турэмнага тэрміну. З таго часу каму дапамагае грашыма, каму яшчэ нечым. Мікалай не выключае, што зможа ў будучыні займацца праваабарончай дзейнасьцю шчыльней. Ён лічыць, што на сёньня ў краіне бракуе грамадзкіх аб’яднаньняў, якія б маглі наведваць турмы і калёніі і дапамагаць зьняволеным, паляпшаць умовы.

Ці трэба змагацца ў Беларусі за лепшыя турмы, за лепшыя ўмовы? Ці, можа, у гэтым няма сэнсу, высілкі нічога не дадуць?

Такая была тэма размовы з былым палітвязьнем з Ваўкавыску.

Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

«Калі я гутарыў з супрацоўнікамі турмы, — узгадвае былы палітвязень, — я казаў: тое кепска, гэта маглі б зрабіць сваімі намаганьнямі, чаму ня робіцца? Яны мне адказвалі так: турма ці калёнія — гэта апошняе ў краіне, дзе трэба нешта рэфармаваць, рабіць новае. Зэкі і так будуць сядзець, яны злачынцы. Я кажу: турмы, як і дарогі, — гэта паказчык. Паглядзіце, у Швэцыі ці ў Нарвэгіі якія турмы. Яны: палітыка ў дзяржаве такая, што гэта нікому не патрэбна».

— А што неабходна палепшыць у турмах ужо сёньня? Што там зусім непрымальна?

Аўтуховіч адказвае: турмы на Валадарскага і ў Горадні вельмі старыя, сьцены сырыя. А некаторыя кантралёры гарадзенскай турмы казалі, што наўмысна калі тынкавалі, кідалі ў раствор соль. Гэта каб зэкам не курорт быў. Каб памяталі, што яны ў турме. Нават летам ён мусіў надзяваць кепку. А ўзімку грэлі кіпяцільнікамі ваду ў тазіках, у вёдрах, ставілі пад нары, каб цяплей было спаць. І клаліся адзетыя.

Падобная сытуацыя была і ў калёніі: у Івацэвічах быў такі атрад, дзе не працавала ацяпленьне. А прычына ў тым, што аднойчы замест кавалка трубы ў батарэю ўварылі жалезны лом, успамінае Аўтуховіч. Вязьні мусілі спаць у адзежы, браць у ложак бутэлькі з нагрэтай вадой.

Гэта азначае, што трэба мяняць будынкі і ўмовы, у якіх утрымліваюць зьняволеных. Асаблівы жах — прыбіральні, расказвае Мікалай Аўтуховіч: «на восем дзірак шэсьцьсот чалавек». «Гэта такія жудасныя ўмовы, калі чалавек інтэлігентны трапляе, можа дах паехаць у чалавека, здурэць можа».

— Але ж напэўна трэба мяняць і адносіны да зьняволеных?

Аўтуховіч: «Абавязкова. Бо там ствараецца такі клімат, такая атмасфэра, што людзей ставяць перад выбарам — ці яму стаць на калені перад адміністрацыяй, закрываць вочы на тое, што робіцца, і сядзець ціха, маўчаць, ці супраціўляцца і трапіць у няласку, не вылазіць з ШЫЗА. А гэта азначае, што ты ня будзеш хадзіць на спатканьні з роднымі. Ня будзеш атрымліваць перадачы, пасылкі. Якое выйсьце? Пісаць скаргі? Але тады цябе можа выклікаць начальнік калёніі і запытацца — навошта ты пішаш? Ёсьць яшчэ спэцаддзел, празь які скаргі ідуць».

Аўтуховічу вядома нямала выпадкаў у Івацэвіцкай калёніі, калі іх не адсылалі. А менавіта спэцаддзел вырашае пытаньні па амністыі і сам павінен зьвяртацца ў суд ці пракуратуру, калі ў прысудзе зьняволенага выкарыстаны неадпаведны артыкул, што ў спэцаддзеле павінны правяраць.

— Якога кшталту дапамога патрэбная ў калёніях найперш?

Аўтуховіч: «Юрыдычная. Можа, толькі трыццаць адсоткаў сядзіць за тое, што зрабілі, па заслугах. У астатніх — або не рабілі таго, або асуджаныя не па тых артыкулах. Даюць больш жорсткі артыкул, чым было патрэбна. Дзеля чаго? Мусіць, у іх ёсьць паказчыкі: пасадзіць больш па частцы другой і трэцяй артыкула. Вось сьледзтва і нацягвае. Можа, у іх прэмія тады большая. Я чуў, што ў іх ёсьць пляны: па такім артыкуле трэба столькі пасадзіць, па такім — столькі ўзбудзіць спраў».

У такіх выпадках вязьні імкнуцца знайсьці кантакты з праваабаронцамі альбо зь нефармальнымі групамі, напрыклад, з аб’яднаньнем маці, якія змагаюцца за перагляд спраў сваіх родных. Зьвесткі пра сябе такія вязьні стараюцца перадаць на волю праз тых, хто выходзіць, альбо на спатканьнях з роднымі, расказвае Мікалай Аўтуховіч:

Ведаю выпадкі, калі родным было забаронена праносіць паперу, сшыткі і асадкі, каб не маглі нічога запісаць

«А я ведаю, што на спатканьнях вельмі цяпер „шманаюць“ і родных, калі яны прыходзяць і калі выходзяць, каб нічога ня вынесьлі. Я нават ведаю выпадкі, калі родным было забаронена праносіць паперу, сшыткі і асадкі, каб не маглі нічога запісаць».

І зьняволеныя шукаюць тых, хто можа дапамагчы. Калі Аўтуховіч трапіў у калёнію, да яго пачалі зьвяртацца:

«Мы стварылі такую каманду ў калёніі, зьбіралі ўсю інфармацыю і пісалі скаргі. Многія былі ўдзячныя. І многія давалі дазвол, каб гэта публікавалася, каб ведала шырокая аўдыторыя, і я заўсёды даваў ім тэлефон Радыё Свабода. Калі даюць магчымасьць патэлефанаваць — ідзі і тэлефануй. Гэта было наладжана, у кожным сэктары ведалі гэты тэлефон, і як толькі што здаралася, яны тэлефанавалі. І я ведаю, што адміністрацыя гэтага вельмі баялася».

Наўпроставы лінк

«Многія ў калёніях ідуць у веру, — кажа былы палітвязень. — Рэлігійныя арганізацыі дасылаюць ім Бібліі, іншыя кнігі, нейкую дапамогу, часам на рахунак пераводзяць грошы. Звычайна прысылаюць канцылярскія прылады, некаторым — прымачы. Шмат людзей пачыналі зь імі перапісвацца, каб атрымаць дапамогу. Ня столькі яны ішлі ў веру, больш разьлічвалі на дапамогу».

Мікалай Аўтуховіч і сёньня працягвае цікавіцца тым, што адбываецца ў Івацэвіцкай калёніі, лістуецца з тымі, хто там застаўся. І сам стараецца дапамагаць ім: літаратурай, часам грашыма, што папросяць. Гэта тычыцца і юрыдычнай дапамогі. А ўвогуле, магчыма, было б добра, каб існаваў нейкі грамадзкі камітэт, які б мог наведваць турмы і калёніі і дапамагаць зьняволеным, паляпшаць умовы:

«Можа, родныя тых, хто сядзіць, там павінны быць. Але гэтага сёньня ня будзе. Па-першае, у дзяржавы няма грошай, а там патрэбна мяняць усё — будынкі, камунікацыі».

Дык, можа, менш садзіць? І пытаньне вырашыцца само сабой — будзе патрэбна менш турмаў?

Аўтуховіч: «Але гэта пытаньне палітычнае. Чаму? Таму што ў турме сядзяць людзі, якія небясьпечныя на волі. Каб яны не садзілі тых, хто не баіцца ўлады і не баіцца казаць праўду, тут даўно б штосьці зьмянілася. Людзі, якія незадаволеныя тым, што адбываецца, — яны будуць сядзець. Іх будуць садзіць па любых артыкулах і трымаць».

— Якое стаўленьне ў калёніях да палітычных?

Мікалай Аўтуховіч спасылаецца на свой прыклад: іншыя ведалі, што ён можа дапамагчы юрыдычна, з адвакатамі, таму да яго ўвесь час зьвярталіся па дапамогу. Былі такія, хто ішоў па загадзе, каб быць у гэтым асяродзьдзі. Як кажа Аўтуховіч, ён ім наўпрост не адмаўляў, вёў зь імі гульню. І падказвалі наконт іх, і сам ужо зрабіўся нядрэнным псыхолягам. Але іншым даваў кантакты сур’ёзных адвакатаў, яны тэлефанавалі альбо пісалі ім. Быў і канал, празь які пэўны час удавалася дастаўляць на волю лісты без цэнзуры.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG