Беларусь заняла 64-е месца ў рэйтынгу краін з найлепшымі ўмовамі жыцьця для пажылых людзей.
Рэйтынг Global AgeWatch Index, апублікаваны 9 верасьня, штогод складаецца міжнароднай арганізацыяй HelpAge International пры падтрымцы ААН. У рэйтынгу пералічаныя 96 дзяржаў. Яшчэ 98 краін сьвету не далі інфармацыі пра якасьць жыцьця пажылых людзей у краіне і таму не былі ўключаныя ў сьпіс, паведамляе express.am.
Самыя спрыяльныя для жыцьця краіны, паводле вэрсіі Global AgeWatch Index, — Швэйцарыя, Нарвэгія, Швэцыя, Нямеччына, Канада, Нідэрлянды, Ісляндыя, Японія, ЗША і Вялікабрытанія. Самымі неспрыяльнымі лічацца Аўганістан, Палестына, Пакістан і Мазамбік.
Вышэй за Беларусь у рэйтынгу апынуліся Грузія (29-е месца), Кіргізстан (51-е), Таджыкістан (58-е), Літва (63-е). Між тым Беларусь абышла Расею (65-е месца), Украіну (73-е), Малдову (77-е).
HelpAge International ацэньвае якасьць жыцьця пажылых людзей у дасьледаваных краінах паводле паказчыка ВУП на душу насельніцтва, памераў пэнсіяў, мэдычных паслуг і наяўнасьці сацыяльнай падтрымкі. У краінах першай дзясяткі пажылыя людзі пасьля выхаду на пэнсію жывуць у сярэднім каля 26 гадоў, а ў краінах зь ніжніх радкоў рэйтынгу гэты паказчык не перавышае 16 гадоў.