Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэры ня едуць на грады, а ідуць вучыцца на журналістаў і псыхолягаў


 Антаніна Фядосава
Антаніна Фядосава

1 верасьня пачнецца навучальны год ня толькі ў школьнікаў і студэнтаў. У гэты час распачынаюць набор унівэрсытэты трэцяга ўзросту. Чаму ў краіне, дзе шмат актыўных пэнсіянэраў, не падвышаюць пэнсійны ўзрост — высьвятляла Свабода.

Нам прапаноўвалі паступіць у звычайны ўнівэрсытэт

Антаніна Фядосава выйшла на пэнсію ў 56 год. Але мяняць, як большасьць аднагодкаў, працоўны лад жыцьця на дачны ня стала.

«На пэнсію я выйшла, каб рэалізаваць сябе, — сказала Фядосава. — Цяпер я маю шанец атрымаць веды, на якія раней проста не было часу».

Былая дзяржаўная служачая паглыбілася ў псыхалёгію. Пасьля году курсаў у Менскім унівэрсытэце трэцяга ўзросту яна пераглядзела сваё стаўленьне да блізкіх і сяброў.

На пэнсію я выйшла, каб рэалізаваць сябе. Цяпер я маю шанец атрымаць веды, на якія раней проста не было часу.

«Я знайшла адказы на шмат якія жыцьцёвыя пытаньні, — сказала Фядосава. — Мне гэта цяпер вельмі дапамагае ў стасунках зь людзьмі».

Курсы па псыхалёгіі, а таксама кампутарныя і краязнаўчыя, Антаніна Баляславаўна наведвала ў Менскім унівэрсытэце трэцяга ўзросту. Гэта праект Беларускай арганізацыі сацыяльных работнікаў. Дзякуючы фінансаваньню нямецкага фонду «Памяць, адказнасьць і будучыня» і фірмы JTI ўсе заняткі для пэнсіянэраў бясплатныя.

«Але гэта ня проста гурткі па інтарэсах, — кажа Фядосава. — Да ўсіх заняткаў трэба рыхтавацца, нам даюць хатнія заданьні. Шмат літаратуры, рэфэраты, абароны — усё як ва ўнівэрсытэце».

Пасьля такой фундамэнтальнай падрыхтоўкі Фядосава хацела б вывучаць псыхалёгію далей.

«Нам нават прапаноўвалі паступіць у звычайны ўнівэрсытэт, і потым мы маглі б працаваць як псыхолягі».

Пэнсіянэры — узорныя студэнты

Адпрацаваўшы шмат год эканамістам у дзяржструктурах, яна ведае, наколькі цяжка пэнсіі адбіваюцца на бюджэце. Але з уласнага досьведу Антаніна пераканалася ў выгодах раньняга выхаду на пэнсію. Перш за ўсё, гэта дае шанец паспрабаваць іншыя сфэры дзейнасьці.

«Чалавек у 67–70 год ня можа ўвайсьці ў соцыюм так, як у 55 ці 60. У гэты час ён прасьцей адаптуецца, яшчэ мае час на тое, каб знайсьці сабе прымяненьне, рэалізавацца ў нечым яшчэ, акрамя сваёй прафэсіі».

І ўсё ж шмат пэнсіянэраў працягваюць працаваць. Гэта вялікі патэнцыял для біржаў працы, упэўнена Фядосава. Менавіта пэнсіянэрам можна было б прапаноўваць працу, на якую не пагаджаюцца іншыя.

Антаніна Баляславаўна прыводзіць у прыклад скандынаўскія краіны, дзе пэнсіянэры штолета вяртаюцца да былога працадаўцы. Падмяняюць тых, хто сыходзіць у адпачынак. Для пэнсіянэраў гэта дадатковы заробак і падтрымка сваіх прафэсійных навыкаў, для супрацоўнікаў — магчымасьць сысьці ў адпачынак.

«Гэта яднаньне маладога пакаленьня з прафэсіяналамі сталага ўзросту», — кажа Фядосава.

І такое самае яднаньне, па яе словах, адбываецца і ва ўнівэрсытэце трэцяга ўзросту. Навучэнцам там звычайна ня менш за 60 год. Самы стары, які наведваў кампутарныя курсы летась, меў 91 год. А выкладчыкі звычайна — маладыя валянтэры.

Вольга Шышло
Вольга Шышло

«Мы, валянтэры, таксама шмат чаму вучымся ў нашых студэнтаў, — расказала Свабодзе Вольга Шышло, спэцыяліст па сувязях з грамадзкасьцю й куратар курсаў журналістыкі ў Менскім унівэрсытэце трэцяга ўзросту. — Да таго ж яны заўжды падрыхтаваныя, не прапускаюць заняткаў».

Першыя курсы па айфоне для ўзросту 55+

За два гады праз унівэрсытэт прайшло больш за дзьве тысячы пэнсіянэраў-навучэнцаў. Летась там выкладалі курсы журналістыкі, кампутарнай граматы, псыхалёгіі, краязнаўства, чатыры замежныя мовы, фітнэс і аздараўляльную гімнастыку.

«Мы першыя ў Беларусі, хто стаў навучаць сталых людзей працы на смартфонах — у сыстэмах Android і iOS», — сказала Шышло.

Менавіта кампутарныя курсы — самыя запатрабаваныя з усіх. Акрамя агульнага карыстаньня кампутарам, тут вучаць, як карыстацца рознымі інтэрнэт-браўзэрамі, скайпам і фаташопам.

На зьдзіўленьне арганізатараў унівэрсытэту трэцяга ўзросту, вельмі папулярным стаў курс журналістыкі. Першы год сюды хадзілі, каб даведацца пра працу журналіста. На другі год ужо запісаліся людзі, якія мэтанакіравана вучыліся пісаць.

«Нашы выпускнікі сталі актыўна друкавацца. Прычым часьцей не ў беларускіх, а ў расейскіх выданьнях. Па-першае, нашы газэты з пазаштатнікамі ня хочуць супрацоўнічаць. Да таго ж жанр успамінаў няшмат каму пасуе. І ганарары там вышэйшыя, чым у нас».

Ва Ўроцлаве такіх унівэрсытэтаў 40, у Менску — толькі адзін

У Беларусі адкрытыя яшчэ два ўнівэрсытэты трэцяга ўзросту — у Гародні і Берасьці. Менскі хоць і самы вялікі сярод іх, але ўсіх ахвотных прыняць ня можа.

«Мы ня можам прыняць усіх, бо праект валянтэрскі. Калі сёлета прыйдзе шмат валянтэраў, мы возьмем больш людзей на навучаньне», — кажа Вольга Шышло.

Часта бясплатныя курсы для сталых працуюць пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўваньня. Але набор курсаў і колькасьць месцаў абмежаваныя. А ўнівэрсытэты трэцяга ўзросту акурат робяць тое, на што не хапае дзяржаўных устаноў.

У нашых суседзяў яны даўно сталі практыкай. Напрыклад, у адным Уроцлаве, дзе жыве 687 тысяч чалавек, працуе каля 40 такіх унівэрсытэтаў. На двухмільённы Менск — адзін.

«Каб у кожным раёне Менску была такая ўстанова — гэта было б зручна. Бо да нас прыяжджаюць людзі з усяго гораду. Таксама нам бракуе памяшканьняў для ўсіх курсаў, таму, калі нехта можа іх прапанаваць, мы будзем удзячныя».

Як былы дзяржслужбовец, Антаніна Фядосава таксама бачыць будучыню за такімі ўнівэрсытэтамі.

Мы — нацыя, якая старэе. І трэба даваць шанец людзям атрымаць новыя веды і знайсьці сваё месца ў грамадзтве.

«Мы — нацыя, якая старэе. І трэба даваць шанец людзям атрымаць новыя веды і знайсьці сваё месца ў грамадзтве. І калі для гэтага патрэбная дапамога ад дзяржавы, яе трэба даць. У тым ліку і фінансава».

Пэнсійная рэформа непазьбежная. Але ня перад выбарамі

Калі ў краіне такі вялікі попыт на навучальныя паслугі для пэнсіянэраў, то чаму проста не падвысіць пэнсійны ўзрост? Перад выбарамі такі непапулярны крок зроблены пэўна ня будзе, кажа Свабодзе Кацярына Барнукова, дасьледчыца рынку працы, эканаміст Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC).

Дасьледаваньне Сусьветнага банку і дасьледаваньне BEROC паказваюць, што дэфіцыт, які ўзьнік летась у Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, будзе толькі павялічвацца.

Рэформа пэнсійнай сыстэмы непазьбежная. І самы эфэктыўны выхад з сытуацыі — павышэньне пэнсійнага ўзросту.

«Дэмаграфічная рэчаіснасьць прымусіць гэта зрабіць, — лічыць Барнукова. — Прагнозы паказваюць, што пэнсійная нагрузка будзе расьці, і пэнсійная сыстэма перастане даваць ёй рады. Таму рэформа пэнсійнай сыстэмы непазьбежная. І самы эфэктыўны выхад з сытуацыі — павышэньне пэнсійнага ўзросту».

Пэнсійная рэформа нясе рызыку, што ўлады пагоняць працаваць тых людзей, якія ўжо няздольныя да працы. Аднак доля працаўнікоў, якія не звальняюцца з наступленьнем пэнсійнага ўзросту, сьведчыць, што гэтая рызыка невялікая.

Ня варта, на погляд спадарыні Барнуковай, баяцца і таго, што праз большую колькасьць працоўнай сілы падвысіцца беспрацоўе. Звычайна, калі ў якой краіне павышаюць пэнсійны ўзрост, гэта робіцца паступова — па паўгода на год. Барнукова лічыць, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта аздаравіла б эканоміку.

«За 10–20 гадоў гэта прывядзе да росту працоўнай сілы і росту ВУП, — кажа эканаміст. — Акрамя таго, выраўноўваньне пэнсійнага ўзросту жанчын і мужчын спрыяе гендэрнай роўнасьці і зьменшыць дыскрымінацыю жанчын на рынку працы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG