Беларускія і ўкраінскія футбольныя фанаты здалі сёньня кроў для людзей, пацярпелых ў зоне баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Сумесную акцыю яны правялі раніцай у дзень матчу нацыянальных зборных па футболе ў Львове.
Ініцыятыва здаць кроў паступіла ад беларускіх фанатаў. Тарас Паўлаў, лідэр фан-руху львоўскай футбольнай каманды «Карпаты», расказаў пра гэта ў інтэрвію Свабодзе:
— Яны (беларусы) самі патэлефанавалі ды прапанавалі, сказалі, што будуць здаваць кроў. Сказалі нам, каб далучаліся. Так і атрымалася сумесная акцыя.
Саламія, 19-гадовая фанатка зь Львова:
— Гэта супольная акцыя фанатаў, падтрымаць нашых байцоў, якія зараз параненыя, якім патрэбная наша дапамога. Здача крыві — гэта ня так і шмат. А да беларусаў заўжы ставілася як да сапраўды брацкага народу.
Беларускі фанат Уладзімер зь Менску:
— Я прыехаў на футбол падтрымаць беларускіх футбалістаў, але і ўкраінскія футбалісты для мяне таксама браты. Я маю жаданьне нешта зрабіць для незалежнай Украіны.
Пасьля абсьледаваньня й аналізу кроў зь львоўскай станцыі пераліваньня будзе перададзеная для патрэбаў Львоўскага вайсковага шпіталю.
Стасункі беларускіх і ўкраінскіх футбольных фанатаў не заўсёды былі сяброўскімі. Яшчэ ў 2008-м годзе ў Львове гаспадары зьбілі беларусаў на аўтавакзале, у 2001-м у Кіеве былі бойкі на Хрэшчаціку.
Аднак пасьля апошняга Майдану беларускія і ўкраінскія фанаты займелі агульныя каштоўнасьці й аб’ядналіся.
«Пуцін меў для нас іншую мадэль, — кажа Паўлаў. — Калі пачаўся Майдан, паказальна было, што адной зь першых ахвяраў быў беларус. Пасьля таго ніякіх пытаньняў (да беларусаў. — РС) не ўзьнікала».
Перад матчам зборных Украіны і Беларусі фанаты таксама маюць зладзіць сумесны марш па вуліцах Львова.