Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9.
Афіша:
У Шчучыне (Гарадзенская вобласьць) пройдзе сьвята Дзень беларускага пісьменства. На цэнтральнай канцэртнай пляцоўцы гораду адбудуцца, акрамя адкрыцьця і закрыцьця сьвята, урачыстая цырымонія ўручэньня «Нацыянальнай літаратурнай прэміі» ды выступы гасьцей сьвята і артыстаў беларускай эстрады. Адначасова на прылеглых вуліцах будзе разгорнутая сьвяточны гандаль. На працягу ўсяго дня будуць праходзіць прэзэнтацыі беларускіх выдавецтваў, выступы творчых моладзевых калектываў вобласьці, іншыя мерапрыемствы.
У Беларускім дзяржаўным музэі архітэктуры і побыту ў Азярцы (Менскі раён) адбудзецца фольк-фэст «Камяніца». Выступяць «Trad Attack!» (Эстонія), «Dzikie Jabłka» (Польшча), беларускія гурты «Стары Ольса», «Vuraj», «Ягорава гара», «Альтанка», «Znich». Час правядзеньня: 12.00-22.00.
У Беларусі пройдзе XII адкрыты Чэмпіянат па спартыўнай арніталёгіі. Задача каманды з 4 чалавек — убачыць як мага больш відаў птушак у Беларусі з 6-й раніцы да 6-й вечара. Можна перасоўвацца на любых відах транспарту.
У Львове адбудзецца футбольны матч Украіна-Беларусь у рамках адборачнага турніру чэмпіянату Эўропы-2016.
У гісторыі:
1580 — у часе Інфлянцкай вайны войскі Рэчы Паспалітай на чале са Стэфанам Баторыем пасьля двухтыднёвай аблогі ўзялі Вялікія Лукі.
1901 — нарадзіўся Віталь Вольскі, беларускі празаік, драматург, палітычны дзеяч.
1901 — нарадзіўся Арсен Канчэўскі, дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі.
1905 — падпісаньнем Портсмуцкай дамовы скончылася расейска-японская вайна.
1905 — нарадзіўся Артур Кёстлер, брытанскі пісьменьнік і журналіст вугорскага паходжаньня, аўтар раману «Сьляпучая цемра» пра пэрыяд тэрору ў СССР у другой палове 1930-х.
1917 — нарадзіўся Язэп Сажыч, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, старшыня Рады БНР у 1982–1997 гг.
1946 — нарадзіўся Фрэдзі Мэрк’юры, брытанскі рок-музыка, лідэр гурту «Queen».
У памяці:
2002 — памёр Артур Вольскі, беларускі пісьменьнік.
Цытата:
У верасьні,
у верасьні
хапае ўсім турбот.
Дзятва да школы
ў верасьні
сьпяшаецца штогод.
Хоць сыпле дожджык з раніцы
і ў хмарах промень згас —
хто ў першы клас
зьбіраецца, а хто -
ў апошні клас.
У верасьні,
у верасьні зрабіўся дзень малы.
Разьвітваюцца
ў верасьні
з бусьлянкамі буслы.
Артур Вольскі, фрагмэнт верша «Ў верасьні».