Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трыбунал па справе MH17 могуць стварыць Украіна, Нідэрлянды, Малайзія, Аўстралія і Бэльгія


На месцы катастрофы самалёта «Боінг-777» авіякампаніі «малазійскія авіялініі» над Данбасам, 17 ліпеня 2014 году
На месцы катастрофы самалёта «Боінг-777» авіякампаніі «малазійскія авіялініі» над Данбасам, 17 ліпеня 2014 году

Міністар замежных спраў Украіны Павал Клімкін заявіў, што Ўкраіна і Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў знайшлі кампраміс адносна таго, як абыйсьці вэта Расеі ў Радзе бясьпекі і стварыць трыбунал для перасьледу вінаватых у зьбіцьці ў мінулым годзе над Данбасам малайзійскага авіяляйнэра.

Гэты трыбунал магчыма стварыць шляхам дамоўленасьці паміж пяцьцю краінамі, якія цяпер расьсьледуюць гэтую трагедыю, і тут ужо ёсьць пэўныя ідэі, сказаў Павал Клімкін у нядзелю ўвечары на ўкраінскім тэлеканале «Інтэр». Гэта Україна, Нідэрлянды, Малайзія, Аўстралія і Бэльгія.

Паводле яго слоў, ён знаходзіцца для гэтага ў пастаянным кантакце з прадстаўнікамі чатырох краінаў.

На яго думку, гэта быў бы дзейсны мэханізм, які дазволіць выкарыстоўваць магчымасьці нацыянальнай юрысдыкцыі.

Але, дадаў Клімкін, ёсьць і іншыя варыянты, і ёсьць цікавыя ідэі аб тым, што можна аб’яднаць некалькі такіх варыянтаў.

Паводле ўкраіскага міністра, гэта будзе новы прэцэдэнт, і бакі будуць шукаць новыя мэтады, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

У канцы ліпеня Расея стала адзінай, хто прагаласаваў у Радзе бясьпекі ААН супраць праекту рэзалюцыі аб стварэньні міжнароднага трыбуналу па справе аб гібелі пасажырскага «Боінга-777» у Данбасе, але яе права вэта заблякавала прыняцьце рэзалюцыі.

Авіяляйнэр «Боінг-777» авіякампаніі «малазійскія авіялініі» рэйса MH17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур быў зьбіты ў небе над часткай усходу Ўкраіны, захопленай сэпаратыстамі, якіх падтрымлівае Расея, 17 лiпеня 2014 году. Загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся ў самалёце. Каля двух трацін зь іх былі грамадзяне Нідэрляндаў, і Ўкраіна перадала расьсьледаваньне гэтай дзяржаве.

Цяпер у Нідэрляндах працягваюцца два асобныя сьледзтвы: Рада расьсьледаваньняў па пытаньнях бясьпекі вывучае падрабязнасьці катастрофы, і яе справаздача чакаецца ў кастрычніку, а пракуратура вядзе расьсьледаваньне сумеснай сьледчай групы пяці дзяржаваў па крымінальнай справе аб катастрофе, мае на мэце вызначыць вінаватых, і, верагодна, назаве падазраваных у канцы цяперашняга або ў пачатку наступнага году. Хоць фармальна яшчэ ня выключаная ніводная вэрсія, асноўнай лічаць зьбіцьцё самалёту з зэнітна-ракетнага комплексу «Бук», які дала сэпаратыстам Расея. Гэта выклікае здагадку, што сярод названых вінаватымі могуць апынуцца грамадзяне Расеі. Масква і падтрымоўваныя ёй сэпаратысты адмаўляюць любую датычнасьць да гэтага і замест гэтага спрабуюць перакласьці віну на Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG