У тэлефоннай гутарцы з карэспандэнтам Свабоды Ганна Бахур распавяла, што вельмі чакае выпіскі зь лякарні дахаты. Кажа: нават ня верыцца, што ўсё так добра вырашылася:
«Калі ня сёньня, то пасьля выходных... Ну, канечне, скажу, што хацелася б хутчэй дахаты сарвацца ды адпачнуць па-чалавечы ад лякарні. Дагэтуль ня верыцца. Паверу, калі ўжо дакладна дома апынуся. Але галоўнае, што вырашылася».
Спадарыня выказала ўдзячнасьць за падтрымку Свабодзе:
«Я рада, што такая шуміха ўзьнялася. І вам, канечне, дзякуй. Дзякуючы сайту Радыё Свабода аж да Амэрыкі дайшло. Нам з Амэрыкі патэлефанавалі, сказалі, што бачылі на сайце ложачак. Як туды дайшло, я аж зьдзівілася», — дзеліцца эмоцыямі Ганна Бахур.
Чыноўнікі перадумалі забіраць дзіця ў сям’і інвалідаў Ганны і Анатоля Бахураў пасьля шырокага грамадзкага розгаласу.
Лекары даслалі Ганьне Бахур ліст, у якім паведамілі, што паводле даручэньня Міністэрства аховы здароўя было праведзена паседжаньне мэдычна-кансультацыйнай камісіі, па выніках якога было адменена ранейшае рашэньне аб тым, што Ганна і Анатоль Бахуры ня могуць выхоўваць сваё нованароджанае дзіця.
Таксама ў лісьце да Ганны лекары прынесьлі «выбачэньні за нязручнасьці».
Праваабаронцы Офісу па правах людзей з інваліднасьцю кажуць, што менавіта грамадзкі розгалас дазволіў зьмяніць сытуацыю на карысьць бацькоў-інвалідаў. Камэнтуе дырэктар Офісу Эніра Браніцкая:
«Дзякуючы агульным намаганьням быў даказаны юрыдычны бок гэтай справы. Тое рашэньне мэдычнай камісіі, якое было вынесена, было неабгрунтаванае. Яно магло б быць вынесена, калі б маці адмовілася ад сваіх бацькоўскіх абавязкаў. Тады б паўстала пытаньне аб алімэнтах, і тады б яны павінны былі вынесьці гэтае рашэньне. Тое, што яно было вынесена зараз, — гэта такая аўтаматычная памылка. На дадзеным этапе такога рашэньня не павінна быць».
Раней сям’і Бахураў пагражалі аддаць іх нованароджанае дзіця пад апякунства або ўвогуле зьмясьціць у Дом немаўляці. Лекары ды чыноўнікі абгрунтоўвалі гэта тым, што абодва бацькі інваліды і таму ня могуць выконваць бацькоўскія абавязкі.