Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івацэвічы: Сям’і інвалідаў дазволілі выхоўваць дзіця


Анатоль Бахур
Анатоль Бахур

Улады адмянілі рашэньне аб адабраньні нованароджанага дзіцяці зь сям’і івацэвіцкіх інвалідаў Бахураў. Сёньня Ганну зь дзіцём мусяць выпісаць зь лякарні дахаты.

Урачы даслалі ліст Ганьне Бахур, у якім паведамілі, што паводле даручэньня Міністэрства аховы здароўя было праведзенае паседжаньне мэдычна-кансультацыйнай камісіі, па выніках якога было адмененае ранейшае рашэньне аб тым, што Ганна і Анатоль Бахур ня могуць выхоўваць сваё нованароджанае дзіця.

Таксама, у лісьце да Ганны Бахур лекары прынесьлі «выбачэньні за нязручнасьці».

Праваабаронцы Офісу па правах людзей з інваліднасьцю кажуць, што менавіта грамадзкі розгалас дазволіў зьмяніць сытуацыю на карысьць бацькоў-інвалідаў. Камэнтуе дырэктар Офісу Эніра Браніцкая:

«Дзякуючы агульным намаганьням быў даказаны юрыдычны бок гэтай справы. Тое рашэньне мэдычнай камісіі, якое было вынесена, было неабгрунтаванае. Яно магло быць вынесена, калі б маці адмовілася ад сваіх бацькоўскіх абавязкаў. Тады б паўстала пытаньне аб алімэнтах, і тады б яны павінны былі вынесьці гэтае рашэньне. Тое, што яно было вынесена зараз — гэта такая аўтаматычная памылка. На дадзеным этапе такога рашэньня не павінна быць».

Раней сям’і Бахураў пагражалі аддаць іх нованароджанае дзіця пад апякунства, або ўвогуле, зьмясьціць у Дом маляня. Лекары ды чыноўнікі абгрунтоўвалі гэта тым, што абодва бацькі інваліды, і ня могуць выконваць бацькоўскія абавязкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG