Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івацэвічы: Немаўля забіраюць зь сям’і, бо бацькі — інваліды


Анатоль Бахур
Анатоль Бахур

У сям’і івацэвіцкіх інвалідаў нарадзілася дзіця. Аднак пасьля нараджэньня маці паставілі перад фактам, што яна мусіць знайсьці апекуна для свайго дзіцяці, або дзіця забяруць у дом немаўляці.

Доўгачаканае дзіця ў Анатоля і Ганны Бахур зьявілася праз 8 год сумеснага жыцьця. Бацькі — інваліды першай групы. У Анатоля — цэрэбральны паралюш, але ён шмат перасоўваецца па горадзе ў вазочку, па хаце ходзіць сам, робіць хатнія справы, працуе за кампутарам. У Ганны — ад нараджэньня анамалія канечнасьцяў. Але Ганна ня толькі ўпраўляецца ў хаце, а яшчэ і малюе карціны. Нядаўна захапілася фотамастацтвам, купіла люстэркавы фотаапарат.

Чаканае дзіця аддаць у дзіцячы дом?

Нараджала Ганна ў Берасьці, цяпер яна з сынам у пэдыятрычным аддзяленьні Івацэвіцкай лякарні. Карэспандэнт Свабоды зьвязаўся з Ганнай праз тэлефон. Яна распавяла, што яшчэ да родаў ёй прапаноўвалі зрабіць аборт, але яна адмовілася.

Ужо пасьля нараджэньня дзіцяці берасьцейскія лекары паставілі Ганну і Анатоля перад фактам, што ад дзіцяці яны мусяць адмовіцца на карысьць апекуноў, бо абодва бацькі — інваліды. Іначай дзіця зьмесьцяць у Пінскі дом немаўляці.

«Прыблізна 7 год у нас не было дзяцей. А цяпер атрымаўся такі маленькі цуд. Я вельмі гэтаму рада. Я вельмі ўдзячная декарам, што яны дапамаглі. Хоць пачатак і быў ня вельмі, калі прапаноўвалі перарваць цяжарнасьць. Я адмовілася, бо я для сябе так вырашыла. А тое, што перад фактам паставілі, што патрэбна апека — гэта мне стала, канечне, крыўдна.

Вясельнае фота Анатоля і Ганны Бахураў
Вясельнае фота Анатоля і Ганны Бахураў

Захворваньне можа быць у любога чалавека. Але тут трэба глядзець іншае — наколькі чалавек адэкватны ці не. Я кажу: ну чаму вы ня можаце прыйсьці ды кожны дзень праверыць? У мяне дзьверы адчыненыя, нават ня трэба мне ў дзьверы грукаць... Усе варыянты прапаноўвала, але не, учапіліся ў гэтага апекуна... Мне аж запякло ўсё ўсярэдзіне», — распавяла Ганна.

Анатоль Бахур: «П’яніцам і то даюць шанец...»

Карэспандэнт Свабоды наведаў мужа Ганны — Анатоля. Ён штодня езьдзіць у лякарню да жонкі і дзіцяці. Цалкам падтрымлівае Ганну ў намеры змагацца за сваё дзіця, дабівацца права на выхаваньне гатовы і праз суд.

Сям’я Бахураў жыве ў двухпакаёвай кватэры ў цэнтры Івацэвічаў. У хаце ўтульна, стаіць кампутар, вялікі сучасны тэлевізар. На сьценах — карціны Ганны, у іншым пакоі яшчэ нераспакаваны новы ложачак для сына, іншыя рэчы для нованароджанага.

Анатоль звычайна пакідае свой вазочак у пад’езьдзе, на першы паверх заходзіць сам, па хаце — таксама, дома шмат працуе за кампутарам. Нягледзячы на паралюш, Анатоль вельмі актыўны чалавек. У 90-х быў прадпрымальнікам, трымаў кіёск каля Івацэвіцкага вакзалу. Давялося згарнуцца, кажа, з-за складанасьцяў з падаткамі.

«Мы даўно марылі пра дзіця, але былі пэўныя праблемы. Але нарэшце ў нас атрымалася. Я меркаваў, што нейкія праблемы могуць быць. Але думаю, што яны вырашацца ў нашу карысьць. Тут няма ніякіх падставаў забіраць дзіця. Гэта каб мы былі пазбаўленыя дзеяздольнасьці. Але ж мы не пазбаўленыя. Але кажуць, што раз у нас інваліднасьць 1 групы, то мы ня можам ажыцьцяўляць бацькоўскія абавязкі на 100 працэнтаў.

Хацелася б, канечне, каб у станоўчы бок вырашылася. Хацелася б, каб засталася ад жыцьця нейкая кветачка. А дзеці — гэта нашы кветачкі. П’яніцам і то даюць хоць нейкі шанец, час на выпраўленьне», — кажа Анатоль.

Для сына ўжо набылі ложачак і іншыя рэчы
Для сына ўжо набылі ложачак і іншыя рэчы

Анатоль цьвердзіць, што не зьбіраецца здавацца. Ужо напісалі зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта.

«Нэрвы толькі падымаюць, я сам дома начамі ня сплю, ня ведаю, дзе сабе месца знайсьці», — кажа суразмоўца.

Сына бацькі вырашылі назваць Канстанцінам, 21 жніўня яму споўніцца месяц. Анатоль перакананы, што яны з Ганнай дадуць сабе рады з выхаваньнем дзіцяці.

«Прыяжджаў да нас мой пляменьнік, бегаў тут. Яна яго ад народзінаў насіла, у ваньне купала. Яна ж спрабавала гэтым займацца. У нас тут былі і дзеці нашых сяброў, давяралі нам», — кажа Анатоль.

Карціна Ганны Бахур «Сьлепата»
Карціна Ганны Бахур «Сьлепата»

Пэйзаж Ганны Бахур
Пэйзаж Ганны Бахур

Юрысты: «Ёсьць пытаньні да практыкі прымяненьня закону»

Юрыст «Офіса па правах людзей з інваліднасьцю» Вольга Трыпуцень кажа, што ёсьць пастанова Міністэрства аховы здароўя, якая раскрывае артыкул 93 Кодэксу аб шлюбе і сям’і. Гэты артыкул вызначае, што бацькі, якія ня могуць выконваць бацькоўскія абавязкі па стане здароўя на падставе заключэньня ўрачэбнай камісіі, могуць не вяртаць дзяржаве сродкі, затрачаныя на выхаваньне дзяцей у дзіцячым доме:

«У нас пытаньні да практыкі прымяненьня гэтай пастановы. Пастанова вызначае пералік захворваньняў, якія перашкаджаюць выкананьню бацькоўскіх абавязкаў. Калі мы бяром артыкул 93 Кодэксу аб шлюбе і сям’і, то чытаем пра тое, як бацькі павінны кампэнсаваць выдаткі дзяржавы, калі іх дзеці знаходзяцца на поўным дзяржаўным забесьпячэньні. У нашым выпадку было паведамлена, што ёсьць жанчына з такім захворваньнем, і ўсё пачало раскручвацца з канца — выявілі захворваньне, узялі пералік захворваньняў і вырашылі, што гэтая маці ня можа выконваць бацькоўскія абавязкі. На бяду, тата таксама мае захворваньне — значыць, вырашылі, што ёсьць падставы зьмясьціць дзіця пад апеку дзяржавы або знайсьці апекуна. Пытаньне: навошта апякун двум бацькам, якія не пазбаўленыя бацькоўскіх правоў? Навошта ім нейкая асоба, якая будзе фармальна несьці адказнасьць за дзіця?»

Кіраўнік «Офіса па правах інвалідаў» Сяргей Драздоўскі распавёў, што права дзіцяці на пражываньне ў сям’і — неад’емнае, і дзяржава павінна яго паважаць і забясьпечваць:

Сяргей Драздоўскі
Сяргей Драздоўскі

«Дзяржава павінна забясьпечыць недапушчальнасьць разлучэньня дзіцяці з бацькамі супраць іх жаданьня. У дадзенай сытуацыі Офіс па правах людзей з інваліднасьцю бачыць магчымасьць эфэктыўнага і законнага рашэньня. Для гэтага прыйдзецца прыкласьці больш намаганьняў па рэальнай ацэнцы патрэбаў сям’і Ганны, распрацаваць паўнаважкую праграму рэабілітацыі. Асновай для гэтага павінна служыць індывідуальная праграма рэабілітацыі інваліда. Калі яна будзе якасна распрацаваная для Ганны і яе мужа з улікам дзіцяці ў іх сям’і, то дазволіць вызначыць, якія віды падтрымкі і кім ажыцьцяўляць на месцы, каб забясьпечыць нармальнае самастойнае пражываньне сям’і. Але галоўнымі павінны стаяць інтарэсы сям’і — маці, бацькі і дзіцяці без разьдзяленьня».

Чыноўнікі: «Мы на баку дзіцяці»

Івацэвіцкі райвыканкам
Івацэвіцкі райвыканкам

Начальнік аддзелу адукацыі Івацэвіцкага райвыканкаму Мікалай Віньнічак кажа, што заканадаўства прадугледжвае ў гэтым выпадку толькі два варыянты, сярод якіх няма такога, каб за сям’ёй замацоўвалася нянька:

«Грамадзянскі кодэкс калі вы разгорнеце, калі ёсьць заключэньне ўрачэбнай камісіі, то ёсьць два шляхі разьвіцьця падзеяў. Альбо знаходжаньне апякуноў, або адабраньне дзіцяці і зьмяшчэньне ў дом немаўляці. Але папярэдне сацыяльныя пэдагогі, псыхолягі будуць размаўляць з маці і ўдакладняць. Яна ня хоча, каб адбіралі дзіця. Яна ня хоча апекуноў. Таму будзем знаходзіць шляхі вырашэньня. Тэрмін у нас ёсьць — месяц. Мы на баку дзіцяці павінны быць заўсёды».

Мікалай Віньнічак кажа, што найперш разглядаецца варыянт апякунства, каб не забіраць дзіця ў дом немаўляці. Паводле яго, праблема ў тым, што складана знайсьці апекуна, які б пагадзіўся ўзяць на сябе адказнасьць за дзіця.

Галоўны ўрач Івацэвіцкай цэнтральнай раённай лякарні Васіль Юзафовіч у тэлефоннай гутарцы казаў, што мэдыкі і ўлады робяць усё магчымае, каб лёс сям’і вырашыўся найлепшым чынам:

«З гэтага ўсяго ствараецца нейкі неймаверны ажыятаж. Мы, мэдыкі, разумеем, што павінна быць сям’я. І ўсё, што патрэбна, мною ў лякарні зроблена. Выканкам пранікся гэтым, ён займаецца гэтым пытаньнем. Ня трэба гэтую тэму залішне раздуваць. Усё, што трэба, робіцца. А на гэтым нейкі піяр рабіць — ну, чэсна кажучы, ня вельмі карэктна... Мэдыкі ўсё, што маглі, зрабілі, нават насуперак прыродзе. Па шчасьлівай выпадковасьці, дзякуючы мэдыкам, у яе нарадзілася, на сёньня, нармальнае дзіця. Ніхто, як мэдыкі, не разумее, што лепей за маці ніхто не выхоўвае. Але ў яе ёсьць пэўныя абмежаваньні — яна інвалід першай групы».

Спадар Юзафовіч распавёў, што «старшыня райвыканкаму зьбіраў паседжаньне і былі дадзеныя канкрэтныя даручэньні» дзеля вырашэньня праблемы.

Галоўны ўрач выказаў прэтэнзіі да СМІ і праваабарончых арганізацыяў, якія заняліся праблемай сям’і Бахураў:

«У маім разуменьні, сродкі масавай інфармацыі, розныя праваабарончыя арганізацыі ствараюць нездаровую абстаноўку вакол гэтага. Падумайце спачатку пра гэтую няшчасную жанчыну. І пра тых людзей, якія стараюцца ёй дапамагчы. А не рабіце на гэтым бонусы. Прабачце, але яно так. Да пабачэньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG