Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дакладчык ААН: Вызваленьне без рэабілітацыі — усяго «паўкроку»


Сымбаль Рады ААН у правах чалавека
Сымбаль Рады ААН у правах чалавека

Спэцыяльны дакладчык Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасьці прывітаў вызваленьне шасьці беларускіх палітвязьняў.

Адначасова Харасьці папярэдзіў, што «глыбокая рэформа судовай сыстэмы і паслабленьне абмежаваньняў на грамадзянскія і палітычныя правы» зьяўляюцца неабходнымі ўмовамі для таго, каб прэзыдэнцкія выбары ў кастрычніку былі «свабоднымі і справядлівымі».

Паводле Харасьці, вызваленьне палітвязьняў — «станоўчы жэст, які застанецца паўкрокам бязь іх поўнай юрыдычнай рэабілітацыі, вызваленьня ўсіх людзей, затрыманых за іх грамадзянскую пазыцыю, і спыненьня масавых кароткатэрміновых затрыманьняў грамадзян, якія карыстаюцца правам на свабоду сходаў і свабоду слова».

Харасьці зьвярнуў увагу на тое, што ні адзін з вызваленых палітычных апанэнтаў улады ня змог балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах 11 кастрычніка.

«Само вызваленьне зьняволенага не гарантуе таго, што выбары будуць свабоднымі і справядлівымі» — адзначыў дакладчык ААН, спасылаючыся на выпадак Мікалая Статкевіча, суперніка дзейнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году, які быў выпушчаны пасьля правядзеньня чатырох з паловай гадоў у турме.

«Вызваленьне палітычных апанэнтаў, якое было зроблена з такім самым разьлікам і адвольнасьцю, як іх зьняволеньне, толькі падкрэсьлівае неадкладную патрэбу крокаў у кірунку ўмацаваньня вяршэнства права ў Беларусі» — лічыць Харасьці.

Харасьці таксама адзначыў абмежаваньні накладзеныя ўладамі на вызваленых палітвязьняў:

«Яны маюць судзімасьці, а некаторыя зь іх былі пастаўленыя пад нагляд міліцыі з су’ёзнымі абмежаваньнямі перамяшчэньня і з абавязкам рэгулярна заяўляцца ў міліцыі. Вырашальнае значэньне для кансалідацыі правоў чалавека ў краіне мае тое, каб палітвязьні ня толькі былі вызваленыя, але і цалкам рэабілітаваныя, а іх грамадзянскія і палітычныя правы адноўленыя, каб дазволіць ім рэінтэграцыю і ўдзел у грамадзкім жыцьці Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG