Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Масковію» для лекавых мэтаў не бяруць: як беларусы сьпіваюцца на расейскіх настойках


Сасьмяглыя беларусы за адну ранішнюю гадзіну дзясяткамі скупляюць настойкі глогу, календулы, сардэчніку. Аптэкары нават думаюць, што такія «лекі» вырабляюць адмыслова для алькаголікаў. Свабода наведала аптэкі, каб даведацца, чым можна напіцца ў абыход забароны на продаж алькаголю з 22.00 да 9.00.

Прыходзяць раніцай, каб перад працай «зарадзіцца»

Пятніца, 7.55 раніцы, станцыя мэтро Кунцаўшчына. Ля ўваходу ў аптэку ўжо чакаюць некалькі мужчын. Як толькі аптэка адкрываецца, кожны бярэ па два фляконы настойкі глогу — «ранішні набор». У кожным фляконе — па 50 грамаў, доля сьпірту — 70%. Кошт — 8 тысяч рублёў за шклянку. То бок, за 16 тысяч выходзіць 100 грамаў 70-градуснага напою.

«У нас пастаянна такія кліенты, — кажа аптэкарка Вольга. — Ад раніцы і да абеду штодня адныя і тыя. Каб хто ўвечары прыйшоў па глог — такіх не бывае».

Сваіх кліентаў яна ўжо ведае ў твар, і калі прыходзяць «новенькія», яна кажа, што настоек у іх няма.

«Таму што яны потым пачнуць хадзіць, а гэта ж такі пах брыдкі за імі цягнецца».

У крамах існуе забарона на продаж алькагольных напояў ад 22.00 да 9.00. На аптэкі гэты ўказ не распаўсюджваецца. Таму набыць свае сто грамаў тут можна ад самага адкрыцьця — з 7 ці 8 раніцы.

Аптэка ў бліжэйшым падземным пераходзе працуе акурат з 7 раніцы. Там таксама звычайна хапае пакупнікоў настоек.

«Штук 20 за раніцу мы ўжо прадалі (за адну гадзіну — Р.С.), — кажа аптэкарка. — Відаць, ім так таньней выходзіць. Раніцай прыходзяць, каб перад працай „зарадзіцца“ й пайсьці».

Самыя буйныя аб’ёмы — у расейскіх настоек

Правізар Алена Віктараўна з аптэкі на вуліцы Даўгабродзкай ужо 30 год стаіць за прылаўкам. Яна памятае савецкія часы, калі мэдычныя настойкі так масава не куплялі, як сёньня.

«За савецкім часам фасоўка глогу была малой — 25 мл, — кажа правізар. — Мне здаецца, не было такога захапленьня настойкамі, як цяпер».

У пасьляперабудовачныя часы ўвялі рэцэпты на ўсе лекі, якія ўтрымліваюць сьпірт. Ня толькі глог ці сардэчнік трэба было набываць па рэцэпце, а нават і валяр’янку.

Са словаў Алены Віктараўны, самыя пітныя настойкі ў аптэках — глогу, календулы, сардэчніку, «Масковія» й «Ламівіт». Ва ўсіх утрымліваецца 70% сьпірт. Першыя тры — беларускай вытворчасьці. Іх вырабляюць у Барысаве. А вось «Масковію» й «Ламівіт» экспартуюць з Расеі, а ў нас толькі фасуюць. Папулярнымі яны сталі ня так даўно.

«Вялікія фляконы ў вольным доступе гады два ўжо. Тады пачаўся ўсплёск. Напэўна, раней віно было больш таннае й якаснае».

расейскія настойкі яшчэ выйграюць за кошт вялікай долі ўтрыманьня сьпірту — 96% у кожнай

Акрамя вялікага аб’ёму і нізкай цаны, расейскія настойкі яшчэ выйграюць за кошт вялікай долі ўтрыманьня сьпірту — 96% у кожнай. Фактычна чысты сьпірт па кошце 12 тысяч рублёў за 100 грамаў. Многія аптэкары думаюць, што гэтыя лекі вынайшлі выключна для алькаголікаў.

«У лекавых мэтах „Масковію“ не бяруць, — кажа Алена Віктараўна. — Хіба якая бабуля для вонкавага націраньня возьме».

Адная з аптэкарак таксама тлумачыць «посьпех» «Масковіі» тым, што яна саладзейшая за іншыя настойкі. «Вось календула таксама танная — 6 тысяч за 50 грамаў, але горкая. Ня ўсе яе п’юць. А «Масковія» — салодзенькая. Паспрабуйце самі, вам спадабаецца«.

На форумах абмяркоўваюць, як лепш спажываць новыя настойкі

Знайсьці «Масковію» ці «Ламівіт» у цэнтры Менску амаль немагчыма. Напрыклад, у аптэцы каля Акадэміі навук кажуць, што ў іх нават на складзе няма гэтых настоек.

«У нас няма, але дзе яны ёсьць — ідуць пачкамі», — сказалі ў аптэцы.

Такая самая сытуацыя і каля плошчы Якуба Коласа. Там загадчыца мяркуе, што прадаваць такіх настоек у аптэцы ня варта.

«Што тычыцца „Ламівіта“ ці бальзама „Масковія“, у нашай аптэцы яны не патрэбныя, — сказала аптэкарка Ірына. — Мы месьцімся ў цэнтры гораду, да нас ня ходзяць ні бамжы, ні алькаголікі».

Пра гэтыя прэпараты яна даведалася ня так даўно. Шукаючы інфармацыю пра «Ламівіт» у інтэрнэце, Ірына выходзіла толькі на форумы, дзе абмяркоўвалася, як лепш спажываць гэты бальзам у якасьці алькаголю.

«Яны там абмяркоўваюць, як пазбавіцца вітаміна А, каб не было пабочнага эфэкту, — кажа Вольга. — У вялікіх дозах гэта зусім нездарова».

Аптэкарка кажа, што для ўсіх настоек можна знайсьці несьпіртавыя аналягі. Сёньня ў аптэках прадаецца шмат зёлкавых збораў і таблетак, што маюць той самы эфэкт, як і настойкі.

«За мяжой, наколькі я ведаю, больш строгі продаж лекаў. Што ў нас элемэнтарна, у іх — па рэцэптах, — кажа Ірына. — Але харчовы 90% сьпірт, там прадаецца проста ў крамах».

Настойкі прадаюць, бо электарат да іх прызвычаіўся

Калі гаварыць пра замежжа, дык некаторыя беларускія настойкі ў Заходняй Эўропе ўвогуле трапляюць у шэраг забароненых псыхатропных рэчываў.

Уладзімер Пікірэня
Уладзімер Пікірэня

«У Скандынаўскіх краінах карвалол дакладна канфіскуюць, а яшчэ могуць затрымаць за распаўсюд і перамяшчэньне наркотыкаў», — расказаў Свабодзе Ўладзімер Пікірэня, урач-псыхіятар, нарколяг.

Некаторыя настойкі, той жа карвалол, утрымліваюць фэнабарбітал. Гэта моцны барбітурат, на замену якому ўжо знойдзеныя больш бясьпечныя лекі — бэнзадыязэпіны. І яны, пры неабходнасці ўжываюцца ў нашых клініках, пры істотна абмежаваным абароце праз аптэчную сетку.

«Безумоўна, гэтыя рэчы можна ўжываць і ў лекавых мэтах, — сказаў Пікірэня. — Але справа ў тым, што ў большасьці выпадкаў яны ўжываюцца ня з мэтай лекаваньня пэўных хваробаў, а якраз з мэтай ужываньня алькаголю, альбо ўзмацненьня дзеяньня алькаголю».

На яго думку, распаўсюд гэтых лекаў можа быць зьвязаны з тым, што яны былі ў вольным доступе яшчэ з часоў Савецкага Саюзу. Таксама гэта добры бізнэс для кампаній вытворцаў, якія лабіруюць продаж сьпіртавых настоек у аптэках.

«Акрамя таго, цяперашнія пэнсіянэры, якія ўсё жыцьцё пілі карвалол ці іншую настойку, — гэта сур’ёзная частка электарату. Калі ім забараніць тое, што яны прызвычаіліся піць, гэта выкліча нэгатыўную рэакцыю».

Што рабіць з гэтымі настойкамі? Некаторыя аптэкары хоць і наракаюць на алькаголікаў, але думаюць, што лепш ім ужываць настойкі, чым іншыя таксычныя рэчы.

«Так іх шкада. Але калі забараніць, будзе яшчэ горш. Разьвядуцца таксыкаманы».

Уладзімер Пікірэня ў якасьці выйсьця бачыць увядзеньне рэцэптаў на сьпіртавыя настойкі. Ён прыводзіць у прыклад антыбіётыкі, на якія ўвялі рэцэптурную пакупку.

«Я ніякім чынам не хачу сказаць, што ўсе гэтыя лекі трэба пазабараняць, — кажа ён. — Але можна было б зрабіць рэцэптурнае набыцьцё і гэтых лекаў. Гэта істотна паменшыла б колькасьць злоўжываньняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG