Паводле сайту pressball.by, беларускі трэнэр екацярынбурскага футбольнага клюбу «Урал» Віктар Ганчарэнка напісаў заяву па ўласным жаданьні і ўжо пакінуў каманду. Паводле кіраўніка каманды БАТЭ Анатоля Капскага, Ганчарэнка сёньня ў 5.40 раніцы ўжо прыляцеў у Менск, і Капскі яго сустракаў у аэрапорце.
Што да прычынаў сыходу Ганчарэнкі з «Уралу», Анатоль Капскі сказаў: «Калі ён прыняў рашэньне аб сыходзе, значыць, на тое ў яго ёсьць важкія падставы. Хачу толькі сказаць адразу: прычына ня ў тым, што яму паступіла больш выгадная прапанова».
На расейскіх сайтах зьявіліся вэрсіі, што, маўляў, Ганчарэнка сышоў, каб не здаваць гульні грозьненскаму «Цераку» у наступным туры чэмпіянату Расеі. У заключным матчы мінулага сэзону «Урал» даволі нечакана ў гасьцях перамог у «Церака» зь лікам 3:1. Той матч у многіх выклікаў падазрэньні, і паводле некаторых меркаваньняў, «Урал» зараз павінен вярнуць «доўг». А гэта ніяк не стыкуецца з добрай рэпутацыяй Віктара Ганчарэнкі. Пра магчымы «форс-мажор» у матчы «Урал» — «Церак» падазраюць і букмэкерскія канторы. Каэфіцыент на перамогу грозьненскага «Церака» складае 1,4 да 1, на «Урал» — 5,4, хаця каманды прыкладна роўныя.
На форумах аматары футболу падтрымліваюць Ганчарэнку. На форуме сайту sports. ru зьявіліся камэнтары кшталту: «Калі Ганчарэнка ня стаў класьціся пад „Церак“, то рэспэкт велічэзны. РФПЛ — памыйка», «Ганчарэнка чарговым разам паступіў згодна з сумленьнем, не захацеў аддаваць чужыя даўгі».
Анатоль Капскі адмовіўся камэнтаваць вэрсіі сыходу Ганчарэнкі, заявіўшы, што гэта справа самога Ганчарэнкі і кіраўніка клюбу «Урал».
Ганчарэнка займаў пасаду галоўнага трэнэра «Уралу» з 14 чэрвеня 2015 года. Пад кіраўніцтвам Ганчарэнкі «Урал» правёў у чэмпіянаце Расеі шэсьць матчаў, у якіх здабыў адну перамогу, дзьве нічыіх і тры пройгрышы.
Раней Ганчарэнка трэніраваў краснадарскую «Кубань». А першым яго клюбам быў барысаўскі БАТЭ, які Ганчарэнка вывеў у Лігу чэмпіёнаў.
У вось на афіцыйным сайце клюбу «Урал» зьявілася заява, у якой сьцьвярджаецца, што Віктар Ганчарэнка застаецца галоўным трэнэрам каманды. Футбольны клюб таксама абураецца домысламі некаторых СМІ, называе іх «паклёпам, накіраваным на тое, каб ачарніць імідж клюбу».