Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Бусел. Школьны настаўнік зь бел-чырвона-белай налепкай на «дыплямаце»

абноўлена

Мікола Бусел: Беларуская мова — вялікая мова
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:37 0:00
Наўпроставы лінк

Мікола Клімавіч Бусел – інтэлектуал, знаўца сямі замежных моваў, у нядаўнім – настаўнік ангельскай мовы Дуброўскай сярэдняй школы

Гэтага невысокага, моцна скроенага мужчыну зь сівай бародкай і такімі ж вусамі крыху дзіўнавата бачыць у невялічкай вёсцы Пружынішчы, што ў Акцябарскім раёне. Іншая справа — на вуліцы Акадэмічнай у Менску, дзе нямала сустракаецца і прафэсараў, і акадэмікаў.

Мікола Клімавіч Бусел — інтэлектуал, знаўца сямі замежных моваў, у нядаўнім — настаўнік ангельскай мовы Дуброўскай сярэдняй школы Сьветлагорскага раёну, беларус, які марыць пра свабодную Бацькаўшчыну пад бел-чырвона-белым сьцягам і гербам «Пагоня».

Сустракаць гасьцей Мікола Клімавіч выйшаў на сьвежае паветра. Сядзеў пад маладымі дрэвамі на лаўцы, чытаў нейкую пэрыёдыку. Завочна мы былі знаёмыя, але бачыцца давялося ўпершыню. Карцела даведацца, якім чынам шанаваны на Сьветлагоршчыне чалавек, пэдагог высокай пробы апынуўся раптам у Пружынішчах, у суседнім Акцябарскім раёне?

Мікола Бусел з жонкай
Мікола Бусел з жонкай

Выявілася, усё нашмат прасьцей, чым думалася. Вярнуўся Мікола Клімавіч з жонкай Надзеяй, настаўніцай-матэматыкам, якая таксама на пэнсіі, на бацькоўскую сядзібу — памяняўся зь сястрою хатамі.

«Тут у мяне, бачыце, падножны корм, — жартуе пэдагог. — А там, у Дуброве, — кватэрка і соткі чатыры пясочку. А пэнсія мая за сорак гадоў працы — ніжэй за сярэднюю, 2 мільёны 600 тысяч. І паколькі меншая наша дзеўка вучылася, то мы з жонкаю жылі тут на адну пэнсію, то бок, на ўзроўні паўпэраў. Мы ўсе з нашымі мільёнамі — паўпэры».

У Міколы Клімавіча і Надзеі Паўлаўны — трое дзяцей, дзьве дачкі й сын. Усё вывучыліся, атрымалі вышэйшую адукацыю, жывуць і працуюць у сталіцы. У старэйшай дачкі, якая замужам, падрастае свая дачка, унучка Міколы і Надзеі.

Меншая іх дачка толькі сёлета скончыла Белдзяржунівэрсытэт, атрымаўшы прафэсію архіварыюса. І моцна азадачыла бацькоў: на працы ёй заявілі, што стартавы яе заробак — 1 мільён 800 тысяч, а за найманую кватэру трэба аддаць у сталіцы 1 мільён 600 тысяч.

Каб падтрымаць дачку, дапамагчы ёй стаць на ногі, бацькі разьвялі хатніх птушак — курэй, індыкоў, а Надзея Паўлаўна разам зь іншымі вясковымі жанкамі, у якіх такія ж праблемы, стала хадзіць у лес у чарніцы і здаваць іх нарыхтоўшчыкам — хоць які дадатак да невялікай настаўніцкай пэнсіі:

«Трыццаць пяць гадоў адпрацавала у школе — далі пэнсію 2 мільёны 660 тысяч. Як быў нейкі пераразьлік за стаж, дык мне дабавілі 7 тысяч. Я зьвярнулася ў Міністэрства аховы працы. Адказалі, што пераразьлік зрабілі правільна. Я ім тады даслала ліст: ну, дзякуй вам і дай бог дажыць да такой пэнсіі. І вось мне трэба хадзіць у ягады ў такую гарачыню. Мы калі і ў Дуброве жылі, то там таксама настаўніца выйшла на пэнсію і зь лета ў лета сядзела ў ягадах. Іншага выйсьця не было».

Калісьці вясковым настаўнікам дапамагалі з палівам, яны мелі льготы на аплату электрычнасьці. Цяпер нічога гэтага няма. Куды ні ткніся — усё давай мільён. Хоць бы тыя дровы ўзяць, каб апальваць узімку хату:

«Мы купілі дроў два прычэпы і аддалі амаль 3 мільёны. Плюс брыкет трэба выкупіць — гэта яшчэ 1 мільён пяцьсот тысяч. Іх жа трэба ашчаджаць альбо дзесьці знайсьці».

Займець нейкую працу настаўніку-пэнсіянэру ў глухой вёсачцы ці навакольных паселішчах, каб хоць неяк падлатаць сямейны бюджэт, няма ніякай магчымасьці. Дый жаданьня асаблівага вяртацца ў школу настаўнікі ня маюць, і на тое ёсьць свае прычыны:

«Тут працы няма. У Палесьсі закрылі школу — будуць вазіць дзяцей у Дуброву. У Гарохавішчах, у Любані — базавыя школы. Застаецца толькі езьдзіць у Валосавічы. Бо калі школа базавая, то там толькі адна ставачка. Іншае: цяпер у школах дырэктарамі звычайна жанчыны, а такія жанчыны, як мне падаецца, тупаватыя. Мы працавалі ў Дуброве, там дырэктарам стала наша колішняя вучаніца. Вы што?! Яна любога настаўніка магла зьняважыць. Не!»

Буслы паказваюць сваю сядзібу. На месцы, дзе стаяла бацькоўская хата, расьце бульба. Паўз сьцежку ад працяглай сьпёкі лісьце бульбоўніку высахла і асыпалася, сьцябліны набылі буры колер — уражаньне такое, што з бульбоўнікам расквіталіся каларадзкія жукі. Аж не, сьпёка.

Баптыст і КДБ

Мікола Бусел гадаваўся ў вялікай сям’і. Для кожнага зь яго бацькоў гэта другі шлюб. Ад усіх шлюбаў мелі агулам шасьцёх дзяцей. Да таго ж бацькі былі баптыстамі, за што іх перасьледаваў КДБ. У хаце Кліма аднаверцы зьбіраліся па нядзелях на малітву. За веру Клім Бусел урэшце й пацярпеў — задняй датай яго звольнілі зь лясьніцтва, а потым яшчэ й судзілі: ён і дармаед, і баптыст.

Мікола: «Бацька трапіў пад закон пра дармаедаў, ён быў баптыстам. Гэта была хрушчоўшчына, шасьцідзесяты год. Старога зьвінавацілі ў дармаедзтве. Але на судзе пра гэта гамонка не вялася — вялася пра рэлігію. У нашай хаце зьбіраліся баптысты — тут ёсьць баптысцкая суполка. Такія годныя мужыкі былі, дзяды салідныя прыходзілі. Цяпер такіх няма — здрабнела ўсё, зьмізарнела. Старога ўзялі. Кадэбісты таемна загадалі звольніць з працы, а потым прэтэнзіі: ты ж не працуеш! Бацька: „Як жа так — не працую?“ Адказваюць: „Ужо два месяцы, як не працуеш“. Далі яму пяць гадоў высылкі, па-цяперашняму „хіміі“, у Тураўскі раён. Там бацька быў тры гады. Тады, відаць, пабачылі, што нізашто пакаралі, аформілі яму трэцюю групу інваліднасьці і адпусьцілі дадому».

Мікола ўсе гады, пакуль бацька адбываў «хімію», жыў у сястры ў Смаргоні — тая ўзяла хлапчука на выхаваньне. Там і вучыўся. А сярэднюю школу скончыў ужо ў Сьветлагорску, таксама пад наглядам сваякоў.

Лёс бацькі, набажэнствы ў доме, размовы вернікаў пра жорсткасьць і бесчалавечнасьць бальшавіцкага рэжыму, адклаліся ў сьвядомасьці хлопца.

Ніколі ён не забываў і бачаную ў дзяцінстве рэальнасьць: вясковыя жанкі і дзяўчаты кідаюць віламі ў калгасных хлявах гной, грузяць на сані і возяць на поле, праклінаючы ўсіх, хто прыдумаў для іх такую працу з аплатай палачкамі за працадзень:

«Раскідалі гэты гной з саней і пракліналі сваё жыцьцё — настолькі народ быў заціснуты бальшавікамі, загнаны ў беднасьць, растаптаны. Народ, як раб, працаваў. І гэты раб цяпер мае каравую, сьмецьцевую пэнсію»

Іншым разам апанэнты казалі настаўніку: ты ж някепска жыў, і асабліва за Брэжневым. Увесь народ тады добра жыў:

«Часам гэтыя камунякі кажуць: за Брэжневым добра жылі. Я пытаюся: пакажы мне ў такім разе свой банкаўскі рахунак, пакажы мне сваё поле, пакажы мне сваю стайню, пакажы мне свой дом. „Добра“ — гэта кавалак каўбасы, за якім ганяліся? І права ўкрасьці што-кольвек нікчэмнае?».

Сем разоў чалавек

Цяга ў хлапца да замежных моваў абудзілася акурат у школьным узросьце. Ангельская мова была адным са школьных прадметаў — Мікола пачынаў зь яе, бо вучыўся ў гарадзкой школе. У вясковых на той час традыцыйна пераважала нямецкая.

Падштурхоўвала хлопца і сытуацыя ў былым Саюзе: «Карыбскі ракетны крызыс», «халодная вайна», паўсюднае змаганьне ў савецкіх мэдыях з «амэрыканскімі ястрабамі».

«Вучыўся, мне было цікава. А потым карцела даведацца: а што ж там амэрыканскія прэзыдэнты кажуць? Вось я і засеў вывучаць ангельскую мову, яшчэ школьнікам. Няблага ведаў. Без пахвальбы, гэта рэдкі выпадак, што малады чалавек на школьнай лаве сам вывучыў мову», — лічыць Мікола Бусел.

Кажуць, колькі моваў чалавек ведае, столькі разоў ён чалавек. Нямецкую мову Мікола пачаў вучыць таксама ў школьныя гады:

«На канікулах, як прыяжджаў дадому, сябры навучылі мяне чытаць па-нямецку. Вывучыў і нямецкую. Яны тут у школе вучылі нямецкую мову, а я ў гарадзкой — ангельскую. А тады ад няма чаго рабіць партугальскую вывучыў, потым грэцкую — нават слоўнік зрабіў. У Трусава на сайце ТБМ набярыце „беларуска-грэцкі слоўнік“ — там знойдзеце. Там не багата, 12 тысяч слоў. Але гэта ключ, які адчыняе добрую браму — там можна шмат чаго прачытаць».

У моўнай скарбонцы Міколы Клімавіча ёсьць яшчэ гішпанская, французкая мовы і, вядома, свая родная — беларуская. А папаўняў свае веды паліглот з Палесься, як і большасьць беларускіх знаўцаў, у сталічным Інстытуце замежных моваў — цяперашнім Лінгвістычным унівэрсытэце, куды ён паступіў без праблемаў, але адкуль яго нават выключалі.

«Карыбскі крызыс» у Омскім завулку

У інтэрнаце Інстытуту замежных моваў у Омскім завулку вадзілася багата прусакоў. Падымай стары лінолеум — і лаві колькі заўгодна. Таму й нарадзілася ідэя зладзіць спаборніцтвы прусакоў у бегу. Бусел быў у ліку завадатараў.

Іпадромам для спаборніцтваў сталі жалабкі, зробленыя з паперы. Мікола Клімавіч да гэтага часу памятае: «Падзьмухаеш, пахукаеш на таго прусака, дык ён адразу заціхае і нікуды не бяжыць. Перастаў — пускаецца наўскач».

Тое прусачынае спаборніцтва, можа, і засталося б незаўважаным, калі б не прысутнічалі на ім кубінцы — яны вывучалі ў інстытуце расейскую мову. Меліся нават прывезьці сваіх, кубінскіх, прусакоў на спаборніцтва — у іх яны нібыта нават большыя і шпарчэйшыя. Наагул лічыцца, што спаборніцтвы прусакоў упершыню зладзілі маракі-кругасьветнікі на Ямайцы, па суседзтве з Кубай.

Праз кубінцаў і адбылася ўцечка інфармацыі — тыя нібыта з-за прусачыных спаборніцтваў ня выканалі хатняе заданьне. Здарыўся гэткі «карыбскі крызыс» у мініяцюры.

Бусел першы трапіў пад раздачу. Расквітацца зь ім было выгадна хоць зь якога боку. Мікалай ня значыўся камсамольцам — свой камсамольскі білет ён здаў, як толькі скончыў адзінаццацігодку. На сходы ў інстытуце адмаўляўся хадзіць, бо лічыў гэта змарнаваным часам. Ніколі пра аднакурсьнікаў нічога благога ня сьведчыў. Да таго ж — сын баптыста. Словам, апынуся Бусел пасьля трэцяга курсу ў вайсковым будаўнічым батальёне — у «бронетачкавых» войсках, сьмяецца Мікола Клімавіч.

Праз два гады Бусел аднавіўся ў інстытуце і хаця й меў з-за сваіх прынцыпаў і нацыянальных поглядаў праблемы з партыйнымі куратарамі курсу, але ж дыплём выкладчыка замежнай мовы атрымаў.

Настаўнік з бел-чырвона-белай налепкай на «дыплямаце»

Першыя крокі Міколы Бусла на пэдагагічнай ніве зьвязаныя акурат з Акцябрскім раёнам, з роднай Рудабелкай. Разьмеркавалі яго пасьля інстытуту ў Любанскую школу — кілямэтраў за сем-восем на захад ад Пружынішчаў. Праз колькі год Мікола Клімавіч пераехаў настаўнічаць у Дуброву, да якой ад роднай вёскі напрасткі такая ж адлегласьць, праўда, у напрамку ўсходу.

Тут ён настаўнічаў тры дзесяцігодзьдзі зь лішкам. Тут і сустрэў сваю палову, Надзею Паўлаўну, на той час завуча. Яна перавялася з Хоцімскага раёну Магілёўскай вобласьці — хацела жыць бліжэй да сястры, таксама настаўніцы, і роднага Глуску. Надзея вучылася у Магілёўскім пэдунівэрсытэце ў адзін час з Аляксандрам Лукашэнкам і Аляксандрам Радзьковым. Першага запомніла таму, што насіўся па лесьвіцах, як мэтэор, а Радзькоў быў на фізыка-матэматычным факультэце камсамольскім функцыянэрам і заходзіў на малодшыя курсы па камсамольскіх справах.

Мікола і Надзея жывуць душа ў душу ужо чацьвёртае дзесяцігодзьдзе.
«Усё жыцьцё я падтрымлівала яго. І буду падтрымліваць», — шчыра прызнаецца Надзея Паўлаўна.

У Дуброве настаўнік замежнай мовы ня раз выступаў у абарону мясцовага насельніцтва. Кажа, што як найменей дзьве сотні лістоў напісаў у розныя дзяржаўныя ўстановы — то дамагаўся ад мясцовых уладаў сплаціць дубровенцам запазычанасьці па заробках, то лазьню адрамантаваць. Аднойчы напісаў ад імя вяскоўцаў у Вярхоўны Савет ліст пра кепскія дарогі, нерэгулярную дастаўку газу, пад якім паставілі подпісы 160 вяскоўцаў.

Зьвяртаўся Мікола Бусел з пытаньнем і да міліцэйскага міністра Навумава — чаму гэта сьветлагорскія міліцыянты надзвычай кепска валодаюць беларускай мовай?

Другі напрамак эпісталярнай творчасьці настаўніка — грамадзка-палітычныя і мовазнаўчыя камэнтары ў беларускія незалежныя СМІ, у прыватнасьці, на Радыё Свабода, у «Нашу Ніву», «Народнаю волю». Выказваўся настаўнік адкрыта і шчыра, без аглядкі на ўлады, падпісваючы звычайна свае допісы гэтак: «З нацыяналістычным прывітаньнем, Мікола Бусел».

На ўроках жа ангельскай мовы знаходзіў тры-чатыры хвіліны, каб пагутарыць з вучнямі на вольныя тэмы: распавядаў пра камуна-бальшавіцкі рэжым, пра гісторыю і сучаснасьць Беларусі. Цікаўныя старшаклясьнікі маглі атрымаць ад «ангельца» кніжку Вацлава Ластоўскага «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі», іншую літаратуру, якая ўплывала на сьветапогляд маладых людзей.

Сам жа спадар Бусел па сутнасьці не глядзеў афіцыйнае тэлебачаньне, а слухаў на кароткіх хвалях па-ангельску Бі Бі-Сі, па-гішпанску радыё Мадрыд і, вядома, беларускую службу Радыё Свабода. А яшчэ выдаваў народны баявы лісток «Дуброўскі настрой».

За актыўную грамадзянскую пазыцыю і ўпартасьць настаўніка-апазыцыянэра неаднаразова выклікалі на допыты ў КДБ. Чыноўнікі ад адукацыі, бывала, упікалі яго тым, што пасьпяховасьць у асяроддзі ягоных навучэнцаў толькі 94 адсоткі, а ў сьветлагорскіх клясах яна вышэй — 96 адсоткаў.

Некаторым не падабалася, што Мікола Бусел на сваім настаўніцкім «дыплямаце» меў вялікую бел-чырвона-белую налепку. Але звольніць свабодалюбнага настаўніка яны не маглі: лепшага спэцыяліста ў рэгіёне проста не было.

Бусел: «Кожны павінен быць апазыцыянэрам — улада ня можа быць любімай. Улада — гэта інструмэнт, прылада, каб дабівацца мэтаў дзяржаўных, прыватных, каб для грамадзтва быць карыснай. А так, калі залагоджваць, падлізвацца да яе, то, лічы, што яна прапала».

Што да прэзыдэнціх выбараў, то ўдзельнічаць у іх Мікола Бусел сэнсу ня бачыць — да таго часу, пакуль ня будзе зьменена выбарчае заканадаўства, пакуль у камісіях ня будзе прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных партый, пакуль за кратамі застаюцца палітвязьні:

«Электаральным шляхам Лукашэнку ніколі ня скінеш. Таму ўдзел у гэтых выбарах абсалютна бессэнсоўны, як бы яго не абгрунтоўвалі. Ідыёцкае цьверджаньне: мы народу давядзем сваю праграму. А хто вам перашкаджае гэта рабіць паміж выбарамі? Ніхто!»

Быў настаўнікам — стаў селянінам

У прасторнай хаце Міколы і Надзеі Буслоў багата кніжак на розных мовах — купленых, падораных сябрамі, прыдбанымі дзецьмі.

Гасьцінныя гаспадары апавядаюць, што перайсьці на сялянскі лад жыцьця прымусілі абставіны.

Мікола: «Я быў настаўнікам, а стаў селянінам. Вярнуўся ў той стан, зь якога выйшаў — дэградацыя называецца. (Сьмяецца). А як бы я выжыў? Як бы мы выжылі? У нас трое дзяцей, запасаў ніякіх. Настаўнікі ж ня могуць красьці. Я ляжаў у шпіталі і страшна зайздросьціў звычайным мужыкам — усе яны пабудавалі дзецям хаты, дзеці ў іх прыладжаныя. Адкуль жа ў іх рэсурсы? Адзін расказваў, што працаваў кіроўцам у ПМК — забілі адзін цьвік, а пісалі, што забілі тры. Ён вазіў дадому ўсё, што мог. Краў патроху. Адтуль і рэсурсы. А што настаўнік? А настаўнік быў заўсёды пад прэсам, каб хоць лішняе слова не сказаў. Цягалі ж мяне! А заробак... Як гэта так, ты што — навошта табе грошы? Ты ж ідэалягічны таварыш — за ідэю працуеш. Самі яны, сабакі, не за ідэю працавалі. Калі аглянуўся я назад, зірнуў на гэтую школу, дзе працаваў, савецкую школу, якую вельмі хвалілі, то бачу, што гэтая школа канцлягернага тыпу — там усё пад прымусам».

Бусел кажа, што аднавяскоўцы добра ставяцца да яго высілкаў, калі ён выступае ў іх абарону. А за палітычныя погляды — ня надта шануюць, бо ён не такі, як яны. Але Мікола Клімавіч не крыўдуе, бо, паводле стандартаў ААН, людзі гэтыя проста непісьменныя, хаця і ўмеюць чытаць. Яны ня могуць распавесьці гісторыю свайго народу, ня ведаюць асноваў функцыянаваньня дзяржавы, сваіх правоў і выбарчага заканадаўства, ня могуць суадносіць Канстытуцыю з рэальнасьцю, не ацэньваюць уладу і не ўплываюць на яе:

«Семдзесят гадоў — гэта самая доўгая дыктатура ў Эўропе. Ня трэба на гэта забывацца. Яна зруйнавала чалавека, зруйнавала яго думкі й само мысьленьне. Дзе была самая што ні ёсьць патрэбная для пісьменнага чалавека літаратура? У спэцсховішчах! Там сядзелі кадэбісты і вырашалі, каму даваць яе, а каму не даваць. Лепей, вядома, нікому не выдаваць. І грамадзтва, па сутнасьці, аказалася дэзарыентаваным.

Ну, а цяпер Лукашэнка падарыў нам два зайчыкавых хлябы. Адзін народу — указ пра барацьбу з карупцыяй, якую сам і разьвёў, другі ўказ — для чыноўнікаў. Калі ты, дурань, два разы напішаш чыноўніку, што не задаволены адказам, то будзе прызнана, што твае звароты немэтазгодныя — плаці за марачкі, за прыезд, за абслугу».

Настаўнік кажа, што не адчувае сябе ў вёсцы надта адарваным ад жыцьця, хоць апошнім часам зь яе асабліва нікуды і не выяжджае:

«Адукаванаму чалавеку проста: у мяне ёсьць кніжкі, у мяне ёсьць занятак, сябры нават у замежжы. Яны мне часам інфармацыю скідваюць. Так што й тут камунікаваць можна. Дый патрэбы асаблівай кудысьці ехаць няма. Каб езьдзіць, патрэбны грошы, а іх бракуе. Ды куды савецкі чалавек, пэнсіянэр майго кшталту паедзе? У нас жа так задумана: быць багатым пагана, бедным добра — устаноўка ж такая».

У Пружынішчах настаўнік Бусел працягвае займацца стварэньнем слоўнікаў — дарабіў беларуска-гішпанскі, беларуска-грэцкі, каб дапамагчы школьнікам перадаць беларускую думку і на згаданых мовах.

Апошні слоўнік быў напісаны ад рукі, і цяпер Мікола Клімавіч пераводзіць яго ў электронны варыянт. Ну й, вядома, спадзяецца на фундатара, каб слоўнікі дайшлі да беларусаў і ў выглядзе паасобных кніжак. Гэта, як лічыць Бусел, дазволіць хоць неяк запоўніць прабел, які штучна быў створаны яшчэ за савецкім часам:

«Крыўдна — такі народ у нас харошы. А Масква наклала вэта — і нічога не давалі друкаваць, ніякага слоўніка пры савецкай уладзе не было. Толькі, падаецца, пры канцы 1989 году выпусьцілі ангельска-беларускі. І цяпер ужо нябожчык Іван Саламевіч — няхай яму зямля будзе пухам! — казаў, што дазволілі зрабіць яго толькі з расейскім „падхвосьцем“, то бок ангельска-беларуска-расейскі. Зрабілі неахайна, усё ўперамешку — і толькі сем тысяч слоў. Думалі наагул пяць тысяч, але занадта тоненькім атрымліваўся.

ыяўляецца, Масква лапу наклала — усё толькі праз расейскую мову. Мы наагул ад расейцаў маем толькі second hand. Чысты падман. Нават веды ўсе фільтруюць, забіраюць сабе лепшыя ідэі, а нам — суфіксы й прыстаўкі.

Літаратуразнаўства нагул не дазвалялі разьвіваць. Пра суфіксы й прыстаўкі — пішы. Гэты інстытут замежных моваў (цяпер унівэрсытэт лінгвістычны) і па сёньняшні дзень піша пра суфіксы й прыстаўкі, кажу так, вядома, абагулена».

Бярэ за душу вясковага інтэлектуала і тое, што й беларускія ўлады за апошнія два дзесяцігодзьдзі незалежнасьці ня надта дбалі пра стварэньне нацыянальнай дзяржавы:

«Расфармавалі інстытут мовазнаўства, злучыўшы з інстытутам літаратуры, зьнішчылі навукова-асьветніцкі цэнтар, які ачольваў Адам Мальдзіс, музэі ў філіялы перарабілі. Быў у нас Рыгор Пукст, Анатоль Багатыроў, Васіль Залатароў, беларускія кампазытары. Няхай яны там не геніяльныя, але яны стваралі музыку на падставе беларускага фальклёру — яна была нашая, тутэйшая. Цяпер гэтага нічога няма. Усё запаланіла аднахвіліннае, аднаразовае, можна сказаць. Ідзе мэтанакіраванае вынішчэньне. На дадатак калянізавалі радыё й тэлебачаньне, якія ўсё больш абслугоўваюць інтарэсы расейскага імпэрыялізму. Лукашэнка вельмі добра да гэтага пасуе. Ідзе вынішчэньне этнічнай асновы нацыі».

Апошняя выснова настаўніка надзвычай засмучае і непакоіць. Дык ці выжыве тытульная нацыя ў Беларусі? Як кажуць, пытаньне рубам.

«Думаю, што мы выжывем, мне так падаецца. Але дзеля гэтага трэба варушыцца. Цяперашні рэжым ня надта зацікаўлены ў існаваньні беларусаў і беларускай нацыі. Гэта відавочна хоць бы й таму, як зьдзекліва ставяцца да нашай мовы. У нас вялікая мова — я бачу гэта, бо шмат працую з моваю, кожнае слова перабіраю. Надзвычай багатая славянская мова! Гэта вялікая каштоўнасьць — і для нацыі беларускай, і для чалавецтва агулам. Зрэшты, як і любая мова. А тут пачалі з пляваньня. Разбурылі вёску — і куды падзелі народную культуру. Іхняя культура — гэта папса, а найвышэйшае дасягненьне — «Славянскі базар», — зьдзіўляецца Мікола Бусел.

Настаўнік у жыцьці не староньні назіральнік. Беларуская рэчаіснасьць яму неабыякавая, яна падкідае нямала тэмаў для роздуму.

Неяк дачка-студэнтка даслала яму ліст: бацька, перакладзі з французкай артыкул гісторыка й палеографа Шарля Ланглуа, бо ў БДУ яго чамусьці не пераклалі. Дапамог, вядома. Потым даслала артыкул на нямецкай мове, у якім згадкі пра эўрапейскія архівы Радзівілаў. Пераклаў, вядома, і нямецкі артыкул. І сеў за ліст да рэктара БДУ: варта зьмяніць сыстэму ацэнкі ведаў абітурыентаў, аптымізаваць колькасьць выкладчыкаў замежных моваў на катэдрах, усклаўшы на іх функцыі кансультантаў. Ну, калі чалавек паступае на гістарычны факультэт і ня можа прачытаць па тэме артыкул па-ангельску, то як яму выкладаць надалей тую ангельскую мову?

«І што думаеце? — рытарычна запытвае Мікола Клімавіч і сам адказвае: — Не адказалі мне на ліст ні рэктар, ні прарэктар. Бабуіны дый годзе».

Калі ж у Беларусь сталі ехаць кітайцы, каб узводзіць тут на свае інвэстыцыі то індустрыяльны парк, то хімічнае прадпрыемства, у Бусла нарадзілася гумарыстычнае апавяданьне «Хуацявы», у якім дзед расказвае ўнуку як прэзыдэнт з ханьцамі біўся, бо тыя за даўгі забралі ў арэнду ўсю Гомельскую вобласьць.

...Не пытаюся ў Міколы Клімавіча, як прыйшло да яго ад прашчураў надзвычай беларускае прозьвішча. І без таго зразумела, што ад нашай самай што ні ёсьць беларускай птушкі — бусла, які здавён шанаваўся ў Беларусі як сьвятая птушка, наш totem, абагоўленая крылатая істота. І ёсьць у гэтым свая глыбокая, сакральная повязь: душа і кроў у Міколы Бусла — беларускія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG