Уражаньне ад учорашняга пікету за свабоду слова спэцыфічнае. «Как-то все у вас, знаете ли, друзья, не о том».
Свабода слова ў беларускіх умовах мае спэцыфічную канатацыю. Менавіта беларускае слова – несвабоднае, выгнанае зь дзяржаўных інстытуцыяў, сыстэмы адукацыі і грамадзкага ўжытку ў аазісы нефармалаў і дысыдэнтаў. Паверце, не само слова туды сябе загнала, а плянамерная дзяржаўная палітыка на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў. Фактаў гэтага – цэлыя бібліятэкі.
Ну проста ня можа ў Беларусі гаворка пра свабоду слова пачынацца ня з гэтае тэмы ці хоць бы з прысутнасьці гэтае тэмы.
«Ан нет». На пікеце – ніводнага (!) транспаранту па-беларуску. Як наўмысна. Проста Таганрог нейкі, з тым самым набліжэньнем да беларускай зямлі і нашых тут рэаліяў і праблем нашай краіны.
І вось глядзіце, што атрымліваецца.
«Без свободы слова нет честных выборов!» – фальшыва? Фальшыва. Гэта вам любы мінак на вуліцы скажа. Чалавеку з рабскай псыхалёгіяй не зразумелыя ні свабода, ні «честные выборы», яму зразумелая толькі дамінацыя над сабе падобным. Прага свабоды пачынаецца з усьведамленьня таго, хто ты такі ёсьць, каму менавіта бракуе свабоды і выбару – мне грамадзяніну Беларусі ці – мне ніхту.
«Посмотрел БТ – переключи за собой!» Крэатыўна? Не крэатыўна. Бо куды пераключы? На Первый, НТВ, РТР, ТНТ (паржаць)? Іншага проста ня дадзена. Напісаць «выключы за сабой», мабыць, духу не хапіла. Бо толькі выключыўшы і можаш сам з сабою застацца, агледзецца, раздумацца, выйсьці нарэшце са стану зомбі.
«Свободу журналистам!» – так патрабуюць, калі нехта сядзіць за кратамі, а не калі нехта атрымаў штраф за працу ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Зноў непанятка з гэтай загадкавай свабодай і правамі чалавека.
«Требуем свободы слова!» – гэта ўжо проста так, у пустату. Помніце Пурышкевіча і Радзянку, якія парай хадзілі па калідорах Дзярждумы з крыкам «Мы требуем учредительного собрания!» Доўга сьмяяліся... Ці як у старой камэдыі першая ангельская суфражыстка прыкавала сябе кайданкамі да агароджы Букінгемскага палаца з крыкамі «Свабоды і роўнасьці!» Ізноў сьмяяліся зь неадэкватнасьці і пустаты.
Ну вось вам, «друзья», пікет у цэнтры Менску і мікрафон. І аўдыторыя. І свабода слова – няхай на час і ў лякальным месцы. Гаварыце, калі маеце сказаць нешта лёсавызначальнае, што захопіць сэрцы і душы. Кажыце!.. «Да что вы уже цепляетесь, мы так, на мероприятие вышли».
Ня ведаю, для якой праформы ладзяцца такія пікеты, але выходзіць зь іх прафанацыя з той самай сэрыі, што і «дэмакратычная рыторыка» на БТ.