Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляцеў з аблокамі ён побач...


Вы, пэўна ж, бывалі ў полацкай Сафіі: захапляліся віленскім барока ХVIII стагодзьдзя, спускаліся ў сутарэньні храму часоў Усяслава Чарадзея, слухалі арганы... Блукаючы па Полацку, вы спыняліся каля ягоных старадаўніх мураванак, наведвалі Богаяўленскі і Крыжаўзьвіжанскі саборы. Вы ведаеце, хто аўтар праектаў рэстаўрацыі гэтых сабораў і рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру патрыярха нашых гарадоў?

Вандроўныя дарогі маглі прывесьці вас у магілёўскі касьцёл сьвятога Станіслава і ў кармэліцкі касьцёл у Мсьціславе, да муроў Каложы і падмуркаў Ніжняй царквы ў гарадзенскім Старым замку, у сядзібу-музэй Францішка Багушэвіча ў Кушлянах... Вы ведаеце, хто праектаваў аднаўленьне гэтых знакавых помнікаў, якія, набыўшы другое жыцьцё, самі адбудоўваюць нашу гістарычную памяць?

Аўтар усіх праектаў (а пералік іх значна даўжэйшы) — Валеры Сьлюнчанка. Адзін зь першых беларускіх архітэктараў-рэстаўратараў, які ў гэтым жніўні мог бы адсьвяткаваць 70-годзьдзе. Мог бы, каб ягонае сэрца не спынілася яшчэ ў 1992-м.

У іншых краінах такім людзям ставяць помнікі, іхнімі імёнамі называюць вуліцы. У нас — нарэшце выйшла доўгачаканая кніга.

Аднойчы студэнт трэцяга курсу архітэктурнага факультэту Беларускага політэхнічнага інстытуту Валеры Сьлюнчанка знайшоў у паштовай скрынцы ліст, зваротны адрас на якім прымусіў сэрца біцца мацней.

«Даруйце незнаёмаму чалавеку, што ён піша да Вас. Я — літаратар. Спадзяюся, гэта вытлумачыць маю гарачую зацікаўленасьць... На нядаўнім сэмінары маладых работнікаў мастацтва на возеры Сьвіцязь мяне асабліва ўразілі Вашы ідэі: кавярні „Павуціна“ і „Эскімос“. Я ўбачыў у іх тое, чаго нам так пакутліва і доўга не ставала: арыгінальнасьць думкі, сьмеласьць яе, мудрагелістую мэтазгоднасьць будовы. І яшчэ найвышэйшае з уменьняў — мысьліць глыбокімі аналёгіямі...

Ледзь не забыў пра самае важнае. Ваша клаўзура „Абсурд“. Бог ведае, як Вам удалося, але гэта сьцьверджаньне нашае адзіноты ў жыцьці і спадзяваньне — надзейная заруку таго, што з адзіноты ёсьць выйсьце. Людзі часам занадта самотныя, і ім трэба ведаць, што нехта здагадваецца пра гэта. Ад гэтага разрываецца Ваша „павуціна“ і нараджаецца невідочная сетка, якая лучыць душы ўсіх сапраўдных — ад краю да краю зямлі — дзе б яны ні жылі. Таму я ўзяў у Вашага выкладчыка Алега Хадыкі адрас і вось раблю гэты неабдуманы крок.
Разумееце, мяне проста скруха агортвае ад нашага беларускага заняпаду. І калі я раптам бачу, што жыцьцё наша ўсё ж раптам прарываецца ў добрай кнізе, карціне, проста накідзе, клаўзуры, — мне робіцца радасьней жыць. І лягчэй верыць. Што прыйдзе час, калі дыктаваць будуць розум і талент... Шлях любога таленту — крыжовы шлях. Працуйце, дзеля Хрыста, і няхай дасьць Вам Бог сілы.»

Нават калі б пад гэтым лістом, напісаным у траўні 1968-га, не было подпісу, відаць, можна здагадацца, хто ў той час так думаў, пісаў і пакутаваў. Правільна, Уладзімер Караткевіч.

Ягоны ліст, паводле неспасьцігальных законаў лучнасьці блізкіх душаў, прыйшоў якраз тады, калі ў ім была найбольш вострая патрэба: пакутуючы і ад прыроджанага пароку сэрца, і ад казённай факультэцкай атмасфэры, Валеры ўжо вырашыў быў кінуць інстытут.

Урэшце ён абараніў дыплём і прыйшоў на пасаду архітэктара Навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў Міністэрства культуры. Быў абраны той самы абяцаны Караткевічам крыжовы шлях.

На гэтым шляху, вядома, чакалі ня толькі церні. Малодшы Валераў калега і аўтар прадмовы да кнігі Вадзім Гліньнік згадвае, што ў 1970-1980-я гады Рэстаўрацыйныя майстэрні сабралі цэлае сузор’е творчых асобаў і — у тым ліку дзякуючы Сьлюнчанку — ператварыліся ў выспу інтэлектуальнай свабоды, дзе нараджаліся і ажыцьцяўляліся бліскучыя ідэі, скіраваныя ў будучыню. (Пра гэта ў невялікім разьдзеле «Ўспаміны» згадваюць у кнізе калегі і сябры Валерыя — Алег Трусаў, Вячаслаў Дубінка, доктар архітэктуры Армэн Сардараў.)

Апроч ужо згаданых праектаў Валеры стварае знаёмыя кожнаму прыдарожныя знакі ў купалаўскай Вязанцы і коласаўскай Мікалаеўшчыне, праектуе будынак хрысьцільні для царквы Аляксандра Неўскага на менскіх Вайсковых могілках... Ён піша навукова-папулярныя кніжкі і эсэ, прысьвечаныя помнікам беларускага дойлідзтва, займаецца графікай, арыгінальна працуе ў жанры выцінанкі.

Лёс падараваў мне пятнаццаць гадоў сяброўства з Валерам. Са старонак кнігі, што яшчэ чароўна пахне друкарскай фарбаю, цёплымі хвалямі наплываюць успаміны.

Канец 1970-х. Суботнікі, якімі полацкая інтэлігенцыя дапамагала рэстаўратарам, нязьменна завяршаліся бліскучымі Валеравымі лекцыямі пра беларускія готыку, рэнэсанс ці барока, пасьля якіх з рыштаваньняў раптам пачынаў гучаць «Князь Усяслаў» нашчадка ліцьвінскага роду Бунікоўскіх Івана Буніна або вершы Восіпа Мандэльштама.

Пачатак 1980-х. Адкрыцьцё першай выставы ў адрэстаўраваным і аддадзеным пад карцінную галерэю Богаяўленскім саборы. Полацкае начальства, што прывыкла бачыць з вокнаў сваіх недалёкіх кабінэтаў іржавыя купалы ды брудныя сьцены з надпісамі, што сьведчаць пра культурныя заваёвы савецкага народу, разгублена і нават спалохана глядзяць на белыя муры адноўленага храму. Здаецца ж, зусім нядаўна было іншае: сапёры, выбухі, узнагароджаньне «герояў» ганаровымі граматамі, 40 тысяч рублёў з гарадзкога бюджэту на вываз «мусора» — руінаў сабора сьвятога Стэфана.

Першы канцэрт у адноўленай Сафійцы. Цёплыя водсьветы жырандоляў на пазалоце ракайлю, беларуская музыка барока, засяроджаны і крыху журботны позірк Сьлюнчанкі. Ён адзіны прамаўляе па-беларуску.

Сафійскі сабор у Полацку
Сафійскі сабор у Полацку

1987-мы. Палата віленскай кардыялягічнай клінікі. На століку кнігі Басё і Ўнамуна. Два дні таму Валеру ўжывілі штучны сардэчны кляпан. Ён хвалюецца, ці ня будзе той ўплываць на ягонае сьветабачаньне і сьветаўяўленьне.

Валеру заставалася пяць гадоў. Калі архітэктура — гэта застыглая ў камені музыка, то ён да свайго апошняга дня захаваў бездакорны музычны слых і да апошняга заставаўся рэстаўратарам усім ладам сваёй душы, якая шукала суладнасьці і паўставала супраць разбурэньня ў любой сфэры духоўнага быцьця — ад мастацтва да чалавечых дачыненьняў.

У тым, што ён быў менавіта такім, вас пераканае кніга, асноваю якой ёсьць нарысы, артыкулы і эсэ Валерыя, напісаныя нібыта сёньня (рэдактарам, па гамбурскім рахунку, давялося адно памяняць назвы полацкіх вуліц, якія, на шчасьце, вяртаюць старадаўнія найменьні або набываюць імёны славутых землякоў). Упершыню надрукаванае эсэ «Фрэскі Мсьціслава» абавязкова раю прачытаць перад падарожжам у горад, што «празрыстай этымалёгіяй назвы лёгка абуджае ўяўленьне і неверагоднай сілай супраціўляецца спусташальнай дзейнасьці часу».

Выдатным дапаўненьнем да гэтых тэкстаў сталіся фотаздымкі самога Валерыя, Вадзіма Гліньніка і зь сямейнага архіву Сьлюнчанкаў, а таксама малюнкі і выцінанкі Майстра.

І — вершы. У іх вам яшчэ глыбей адкрыецца сусьвет чалавека, што зазіраў у недаступныя многім глыбіні.

Матуля, на наканаваны лёс
Ты наракаць мяне не навучыла,
І ў гэтым невуцтве была ўся тая сіла,
Зь якой па сьвеце я душу пранёс.

Радок аднаго з Валеравых вершаў і даў кнізе назву. Ён заўсёды прыходзіць мне на памяць, калі сачу аблокі над вежамі сьвятой Сафіі. Магчыма, там мая душа некалі сустрэнецца зь ягонай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG