Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіраць за Ярмошынай пагадзіліся 10 чалавек


Дзесяць палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў ужо накіравалі сваіх назіральнікаў у Цэнтральную выбарчую камісію.

Сярод іх ёсьць дастаткова вядомыя асобы. Напрыклад, былы кіраўнік дзяржаўнага канцэрну «Беллегпрам» Эдуард Нарышкін рэгулярна прыходзіць на паседжаньні ЦВК у якасьці прадстаўніка Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці. Навуковец Леанід Школьнікаў — пасланец грамадзкага аб’яднаньня «За Саюз і камуністычную партыю Саюзу». Юрась Чавусаў — вылучэнец партыі БНФ. Традыцыйна акрэдытаваны пры ЦВК і Беларускі Хэльсынскі камітэт. На гэтых выбарах яго прадстаўляе Дзьмітры Чарных.

З трох палітычных партыяў, лідэры якіх удзельнічаюць цяпер у выбарчай гонцы, дзьве — «Справядлівы сьвет» і Лібэральна-дэмакратычная партыя — таксама маюць сваіх прадстаўнікоў у ЦВК. І толькі Аб’яднаная грамадзянская партыя пакуль не скарысталася такой магчымасьцю. Яе лідэр Анатоль Лябедзька тлумачыць Свабодзе гэта так:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Мы маем свой сцэнар і рухаемся паводле яго. Тут усё залежыць ад таго, як мы ставімся да гэтага — як да выбараў ці як да выбарчай кампаніі? Мы ставімся як да выбарчай кампаніі. Таму ня ўсе пункты, якія фармальна патрэбныя, мы выконваем, бо ня лічым гэта патрэбным. Так, не адкрывалі асабісты фонд кандыдата на прэзыдэнта.

Мы ня бачым ніякай мэтазгоднасьці, каб наш чалавек знаходзіўся ў пакоі, дзе і так цяжка дыхаць. Ну, што ён там будзе рабіць? Хай, лепш праваабаронцы гэтым займаюцца. Мы ня хочам марнаваць свой час».

Юрась Чавусаў тлумачыць сваю прысутнасьць на пасяджэньнях магчымасьцю «атрымліваць апэратыўную інфармацыю, не скажоную паведамленьнямі СМІ»:

Юрась Чавусаў
Юрась Чавусаў

«Казаць, што гэта нешта вельмі важнае, не выпадае, бо статус назіральніка не дае магчымасьці ўмешвацца ў працу камісіі. Можна гаварыць, што гэта магчымасьць атрымліваць апэратыўныя дадзеныя, як і пра што прымаюцца рашэньні.

Большае значэньне мае статус сябра Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу. Але ён зьявіцца ў палітычных сілаў толькі пасьля афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатаў. Тыя ж Караткевіч і Лябедзька, калі іх зарэгіструюць, могуць накіраваць у камісію свайго прадстаўніка, які будзе сядзець ня ў залі і глядзець, як адбываецца паседжаньне камісіі, а будзе сядзець за адным сталом з камісіяй, будзе мець усе матэрыялы, будзе задаваць пытаньні пры разглядзе любых параграфаў парадку дня.

Гэты статус, канечне, большы. І калі палітычная сіла сур’ёзная, то яна імкнецца, каб ад яе ў Цэнтральнай выбарчай камісіі быў і сябра камісіі з правам дарадчага голасу, і назіральнік, які можа нечым дапамагчы і нешта параіць у часе паседжаньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG