Амаль два дзясяткі гадоў таму невялікі горад Русэларэ (Roeselare) у бэльгійскай правінцыі Заходняя Фляндрыя стаў прытулкам для папулярнага выканаўцы, стваральніка англамоўнага гурту «Rouble Zone» («Рублёвая зона») Алега Мінакова і ягонай жонкі Вольгі. Чым сёньня жыве трыюмфатар «Рок-каранацыі-1996»?
Хачу, каб мая музыка была максымум на пяці акордах
Алега «Джагера» Мінакова ва ўтульным бэльгійскім 50-тысячніку, які ён пяшчотна называе «малымі Асіповічамі», ведае бальшыня жыхароў. І ня дзіва: гэта адзіны ў горадзе прафэсійны музыка, да якога па ўрокі ігры на гітары ці барабанах ідуць і дзеці мясцовых чыноўнікаў, і музыкі-пачаткоўцы. Уваход у ягонае жытло лёгка пазнаць па фірмовай эмблеме культавага гурту «Rolling Stones» — налепцы з нахабна высунутым языком на паштовай скрыні. Зрэшты, гэты атрыбут каманды Міка Джагера ў кватэры бэльгійскага беларуса паўсюль.
Апошнія гады Алег Мінакоў працуе кансультантам у спэцыялізаванай музычнай краме, а таксама рэалізуе новы праект — funky-blues-pop-rock-бэнд «Moonshine». Калектыў атрымаў добрыя рэцэнзіі ад крытыкаў і ўжо ад верасьня мае заняцца студыйным запісам. Да таго ж Алег прадусіруе маладую беларускую сьпявачку пад складанай абрэвіятурай NaTtA.
Пад сумесны выхад на знакамітае бэльгійскае піва Алег надзяе апошні трэнд сьвядомых беларусаў — «вышымайку», прэзэнт зь Беларусі. У такім прыкідзе яго ў горадзе яшчэ ня бачылі: пераўвасабленьне для мясцовых мала зразумелае, але выклікае выключна станоўчую рэакцыю. Успаміны пра былое льюцца піўным патокам...
Наколькі зьмяніўся сам Алег Мінакоў за 20 гадоў, што прамінулі ад пачатку ягонага выбуховага праекту «Рублёвая зона»? Ці заінтрыгаваў заходнюю публіку джаз-рок «барысаўскага замесу»?
«Мабыць, скажу так. Раней, у 1990-я, я граў музыку больш для музыкантаў, чым для непасьвячоных людзей. Хацелася зрабіць так, каб усе пабачылі якасьць тэхнікі музычнага выкананьня, усю складанасьць музыкі. А з гадамі я проста перастаў за гэтым гнацца, стаў больш вытрыманы, калі можна так сказаць. Цяпер люблю больш зразумелыя рэчы, намагаюся рабіць так, каб найперш было даходліва. Гэта, напэўна, з усімі адбываецца, калі людзі маюць магчымасьць азірнуцца назад ды ацаніць зробленае».
Карэспандэнт: «Гэта жаданьне стаць больш зразумелым для слухача?»
«Не зусім нават так, бо цяпер увогуле размова не пра публіку, а асабіста пра мяне, пра тое, што ў мяне на душы. Я паступова адыходжу ад складанасьці, мяне ўжо больш не цікавіць, наколькі хутка могуць граць гітарысты, наколькі віртуозна ўпраўляюцца з палачкамі барабаншчыкі ці выкаблучваюцца басісты, лупячы пальцамі па грыфе. Для мяне гэта ўжо не прынцыпова, усё гэта я ўжо праехаў, як кажуць. Музыка павінна быць зразумелая для ўсіх, бо ня ўсе разумеюць складаны джаз-рок, ня ўсе разумеюць нейкія там замудроныя запілы. Я хачу, каб мая музыка была максымум на пяці акордах, усё, досыць. Мінімалізм — вось гэта цяпер самае галоўнае. Я ўцякаю ад складанасьцяў».
Бэльгія прымала без папярэдніх умоваў, сюды і прыехаў
Лягічнае пытаньне — ці запатрабаваная «музыка без наваротаў» у Эўропе? Ці гатовая да мінімалізму публіка, якая вырасла на рэвалюцыйных экспэрымэнтах? Алег Мінакоў лічыць, што якраз само вірлівае жыцьцё і дыктуе новую моду — прыпыніцца і расслабіцца:
«А як жа? У Бэльгіі ўсё добрае запатрабавана. Наогул, пра паняцьце падзелу на тэрыторыі цяжка гаварыць у прынцыпе. Што Бэльгія, што Нямеччына, што Францыя — так, розныя краіны, але рынак адзін. Я аналізую тое, што цяпер адбываецца на музычным рынку, і гэта ўсё больш зводзіцца да мінімізацыі. Новае пакаленьне адназначна грае менш складаную музыку. Шукаюць нейкія формы, якія спадабаюцца і тым, хто любіць джаз, і тым, хто любіць дэнс. Гэта нешта такое пасярэдзіне. І ўсе мае новыя працы, песенькі, якія я цяпер пішу, у тым ліку і для Наты (NaTtA), ня вельмі складаныя, яны простыя. Я хачу наагул выпусьціць акустычны альбом, які можна было б назваць спакойным, памяркоўным. Каб ён быў больш набліжаны да традыцыйнага блюзу, чым да нечага наварочанага. Адным словам, з гадамі становісься больш мудрым, больш памяркоўным — выдатнае, проста залатое беларускае слова, люблю яго вельмі. Адбылася нейкая стомленасьць ад усяго, хочацца чагосьці простага, адэкватнага».
Калі ў 1996 годзе, на самым піку папулярнасьці «Рублёвай зоны», сасьпела рашэньне разьвітацца зь Беларусьсю, з падачы эўрапейскага імпрэсарыё перад Алегам Мінаковым замаячылі тры варыянты — ЗША, Нямеччына і Бэльгія. Як расказвае сам музыка, Амэрыка палохала сваёй аддаленасьцю, немцы разьлічвалі на ўзмацненьне мэтал-сцэны (а трэсьці патламі жаданьня ўжо не было), а Бэльгія прымала без усялякіх папярэдніх умоваў. Так быў зроблены канчатковы выбар, і на наступны год Мінаковы пераехалі ў Русэларэ, недалёка ад якога жыў іхні прадусар. Зрэшты, закулісьсе музычнай міграцыі аказалася нашмат больш складаным, чым можна было сабе ўявіць, але на гэтым Алег стараецца не засяроджвацца.
Мультыкультура не працуе, час зрабіць перазагрузку
Тым часам, кажа Алег, за прамінулы час Бэльгія адчувальна зьмянілася — прынамсі, гэта не зусім тая краіна, у якую яны прыехалі з Вольгай пад канец 1990-х:
«Вельмі зьмянілася, і, на жаль, ня ў лепшы бок. І ўсё ад таго, што 20 гадоў таму была абвешчаная мультыкультура. Тады ўсе спадзяваліся, што гэтая мультыкультура зробіць больш багатым, разнастайным жыцьцё краіны. Але ж гэтага ня здарылася, і гады тры таму нават у парлямэнце было заяўлена: мультыкультура не працуе! Пры гэтым „матэрыял“, на які рабіўся разьлік, калі думалі, што ўсё будзе працаваць, застаўся. І ніхто не жадае прыбіраць сьляды няўдалага экспэрымэнту. Магу патлумачыць гэта як музыкант. Скажам, я пішу нейкую песьню. Дык вось у галаве ты ўяўляеш нешта адно, а потым накладаеш на гукі — і яно табе не падабаецца. Што тады робіш? Delete, пум — і ўсё. І як не працуе мультыкультура, што трэба рабіць? Прыбраць, зрабіць перазагрузку, сказаць: „Так, хлопцы, усё: алах акбар не праходзіць — дадому“. Зразумела, будуць абурацца. Таму тыя, хто адпавядае эўрапейскаму мэнталітэту і культуры, могуць тут жыць, астатнія — соры, мэханізм не працуе. Але ж не, яны ўсе тут засталіся і точаць на нас нажы, навязваюць сваю культуру і свае парадкі. Нават у Беларусі ўжо ходзяць дзеўкі ў доўгіх сукенках. Ёў! Дзеўкі, хлопцы чакаюць лета, каб пабачыць вашы ногі, а ня доўгія чачэнскія сукенкі!»
А ці прыходзіць постфактум разуменьне, што, магчыма, занадта пасьпешлівым было рашэньне ад’ехаць зь Беларусі? Пасьля трыюмфальнай «Рок-каранацыі» ў 1996 годзе, дзе каманда Алега «Джагера» Мінакова за альбом «Put Your Money... Now!» сабрала калекцыю адразу з чатырох каронаў, наўрад ці хто мог зраўнацца з трыюмфатарамі ў папулярнасьці. Здавалася, што проста застаецца здымаць пенкі. Дарэчы, крышталёвую карону «рок-караля» Мінакову ў Бэльгію сябры прывезьлі зусім нядаўна. Цяпер яна на пачэсным месцы сярод іншых артыстычных артэфактаў:
«Не, не, я ж усё ў Беларусі атрымаў, што толькі можна сабе ўявіць. На што яшчэ трэба было разьлічваць? Я атрымаў усе кароны, узяў усе намінацыі, усё самае лепшае. Які наступны крок? У Беларусі, у беларускім шоў-бізнэсе гэта ўжо была столь — усё, далей няма куды рухацца. І гэта вялікая праблема, бо такая столь у краіне існуе дагэтуль».
Карэспандэнт: «Зьяжджаў, у пэўным сэнсе, ад беспэрспэктыўнасьці?»
«Ну, як? Так, ад беспэрспэктыўнасьці таксама. Зьяжджаў ведаеш чаму? Мая мара была, каб беларускі сьцяг узьняць вышэй на эўрапейскім узроўні, была мара рэалізавацца тут. Адпачатку думаў, што прывязу сюды сваіх музыкантаў, і мы пачнём працаваць. Але так здарылася, што гэта ўжо было немагчыма, і я застаўся адзін. Увогуле магу сказаць, што такое столь шоў-бізнэсу ў Беларусі — яна пачынаецца там, дзе настае расейскі шоў-бізнэс. Калі ты дабіўся нечага ў Беларусі, то next step — трэба ўжо ехаць на Маскву, нешта рабіць там, тады цябе будуць любіць больш. Мяне запрашалі ў Маскву, аднак я вырашыў, што з маёй музыкай лепш ехаць на Захад. Перадусім я не хацеў сьпяваць на расейскай мове, таму што яна не сугучная з рок-культурай. Ну, а атрымалася як атрымалася».
Калі ў музыкі добры інструмэнт — хутчэй за ўсё, граць ён ня ўмее
На паддашку сваёй кватэры дзеля аўтаномнай працы Алег абсталяваў студыю — балазе, сучасныя тэхнічныя магчымасьці дазваляюць дыстанцыйна падключаць для студыйнага запісу музыкаў хоць зь Беларусі, хоць зь іншых краінаў. На невялікай плошчы кампактна разьмясьціліся пульты, маніторы, цэлая шарэнга гітараў, нават барабанная ўстаноўка. Праўда, нават самай прасунутай тэхнікай жывых людзей не заменіш, і Мінакоў сьмела ўзяўся за праект «Moonshine». Новыя калегі і аднадумцы — мясцовыя музыкі-аматары:
«Так, усе мясцовыя, нядрэнныя музыкі. Праблема толькі ў тым, што ніхто зь іх музыкай не займаецца прафэсійна. У іх свае кампаніі, свой бізнэс, а творчасьць — як хобі. Шчыра кажучы, досыць цяжка ўзаемадзейнічаць зь людзьмі, якія музыку адчуваюць як хобі. У нас адзін раз на тыдзень рэпэтыцыя, і калі яны прыходзяць праз тыдзень, то ўжо ні фіга ня памятаюць, што было мінулым разам. Па вялікім рахунку, так працаваць немагчыма — пры тым, што ў нас вельмі добрая „точка“, проста афігенная, усё паводле апошняга слова тэхнікі. Уяві: я са свайго тэлефона магу рабіць балянс у навушніках, проста чума. То бок — хлопцы „запакаваныя“, наш барабаншчык — гаспадар гэтай студыі, там усё добра. Але ў чым розьніца? Калі я рабіў „Рублёвую зону“, мне трэба было ўсім купляць інструмэнты, бо гэта ж беларусы — у нас нічога няма, шукай. Даводзілася хадзіць па бізнэсоўцах, клянчыць, выпрошваць грошы, заказваць інструмэнты, усё набываць, у рукі ўкладаць. Гэта быў галаўны боль. А тут у чым кайф? Ты нават яшчэ не падумаў, а ў іх ужо ўсё ёсьць».
На камэрцыйны посьпех праекту Алег Мінакоў асабліва не разьлічвае, рухае ім толькі прага да творчасьці. Але калі ў свой час ён мусіў задавольвацца інструмэнтам, якасьць якога залежала ад шчодрасьці спонсара, то цяпер ягоны рыштунак набліжаецца да бездакорнасьці:
«Увогуле, цікава паназіраць. Нехта калісьці сказаў: калі ў музыканта вельмі добры інструмэнт — хутчэй за ўсё, ён ня ўмее граць. У сапраўдных талентаў, як правіла, добрых інструмэнтаў няма. А вось той, хто мае грошы, але ня вельмі добра грае, можа сабе дазволіць самыя крутыя і дарагія інструмэнты з усімі апошнімі прымочкамі. У наш час нават уявіць сабе такое было немагчыма. У дадзеным выпадку ўзровень, мякка кажучы, таксама не адпаведны тэхніцы. Магчыма, будзем прапаноўваць вакансіі, каб ад верасьня засесьці і пачаць усё дарабляць. Накідаў зроблена шмат, дзесьці песень 12–15 ёсьць, практычна альбом, трэба толькі сесьці і добра запісацца. Проста на ўсё патрэбныя грошы і час. Бо ўсе цудоўна разумеюць, што гэта ніколі не прынясе ніякага прыбытку. Сам ведаеш, што такое CD — тое, што было пасьля вінілу і перад інтэрнэт-крадзяжом. Шоў-бізнэс, на жаль, перастаў быць тым, якім ён некалі быў».
Мы 20 гадоў таму акрэсьлілі: апроч «рублёвай» зоны ёсьць і іншая
Цікаўлюся ў Алега Мінакова, ці арыентуецца ён у сваёй музыцы на беларускага слухача, або ягоная публіка цяпер сканцэнтраваная выключна ў Эўропе?
«Ня толькі Эўропа. Вядома ж, беларускі слухач — ён таксама мой. Мала таго, ён для мяне заўсёды на першым месцы. Калі я нешта пішу, то сам сабе ўяўляю менавіта беларускага слухача. Уяўляю, як гэта будзе гучаць на радыёстанцыях у Беларусі, як гэта будзе выглядаць, калі, магчыма, здыму на гэтую музыку нейкі кліп, як усё гэта будзе падавацца і прымацца. Бязь лішняй сьціпласьці, цяперашнія свае песьні я спакойна ўяўляю на любой беларускай FM-станцыі».
Карэспандэнт: «А радыёстанцыі ўяўляюць цябе ў сваім плэй-лісьце?»
«А як жа? Яны мяне любяць, усе гэтыя гады. Я нават ня ведаю, чаму так. Напэўна, усё ж была ў мяне добрая пласьцінка, што песьні да гэтага часу гучаць на ўсіх радыёстанцыях. Вельмі прыемна, што тут казаць? Два тыдні таму ў мяне быў дзень нараджэньня, і я атрымаў проста сотні ўсялякіх віншаваньняў. У іх пісалі такія рэчы, што я сабе нават не ўяўляў, што мог такое зрабіць для людзей. Нават былі тыя, хто пісаў, што ў іх цалкам зьмянілася разуменьне і адчуваньне ўвогуле рок-культуры пасьля таго, як яны паслухалі маю пласьцінку. Асэнсаваньне гэтага вельмі прыемнае — значыць, нейкі ўнёсак у мастацтва я сапраўды зрабіў».
На ўнутранай вокладцы дыску «Put Your Money... Now!» музыкі «Рублёвай зоны» зьнятыя анфас і ў профіль, у турэмных шапках і робах. Дызайн амаль 20-гадовай даўнасьці, але для Беларусі, здаецца, актуальны дагэтуль:
«Ну так, бо мы надавалі гэтаму слову канкрэтнае значэньне, якое мае сам ведаеш які сэнс і ў беларускай, і ў расейскай мовах. Таму атрымалася, што мы адпачатку акрэсьлілі, у якім месцы жывём — што апроч „рублёвай“ ёсьць зоны і іншага кшталту. Прычым, заўваж, гэта ў лепшыя гады: 1995–96, калі здавалася, што ўсё гэта жарты, што ўсё яшчэ можна зьмяніць. То бок акурат 20 гадоў таму альбом пісаўся, у 1996-м ён выйшаў, пачаў заваёўваць папулярнасьць. Калі яшчэ была газэта „Имя“, калі яшчэ было правільнае „Радыё Рокс“...»
У Беларусі Алег Мінакоў па-беларуску не сьпяваў, але ў бэльгійскім Русэларэ гэта зьмянілася — якраз даводзіцца да ладу лірычная кампазыцыя «Душа-пустэча». Аўтар тэксту — журналіст Алесь Сіліч, які ў сярэдзіне 2000-х выехаў зь Беларусі і таксама жыве ў Бэльгіі.
___________________________________________
Алег Мінакоў нарадзіўся ў 1964 годзе ва Ўзьдзе на Меншчыне. Зь дзяцінства займаўся музыкай, але пасьля школы паступіў у вайсковую вучэльню на спэцыяльнасьць «вайсковы псыхоляг». І ўсё ж галоўнае захапленьне жыцьця перамагло армейскую кар’еру. Пры канцы 1980-х ён дэбютаваў у гурце «Праспэкт» пры філярмоніі, ад 1990-га пачаў працаваць з камандай Віктара Смольскага «Inspector», зь якой выехаў у першы замежны ваяж па Эўропе. У 1993 годзе заснаваў джаз-блюз-рокавы калектыў «Rouble Zone» з англамоўным рэпэртуарам. У 1996-м гурт з альбомам «Put Your Money... Now!» стаў сэнсацыяй беларускага шоў-бізнэсу, здабыўшы чатыры «Рок-кароны». Неўзабаве каманду запрасілі ў Кіеў выступіць на разагрэве ў легендарных «Deep Purple». У 1997-м на хвалі папулярнасьці эмігруе ў Бэльгію. Там дае прыватныя ўрокі музыкі, працуе ў студыі, выступае сольна і ў складзе гурту «Moonshine».