Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Кашталян: Немцы далі мне магчымасьць даказаць, чаго я вартая як навуковец


Ірына Кашталян: Немцы далі мне магчымасьць даказаць, чаго я вартая як навуковец
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:19:02 0:00

У 2006 годзе маладая гісторык Ірына Кашталян напісала і абараніла ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Штодзённае жыцьцё беларускага грамадзтва: 1944–1953 гады». У ёй дасьледчыца, сярод іншага, раскрыла прычыны і мэханізмы рэпрэсіяў у БССР супраць цывільнага насельніцтва. І менавіта за гэта яна сама была рэпрэсаваная Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй: яе дысэртацыю не зацьвердзілі. Аднак Ірына Кашталян не схілілася і працягнула свае дасьледаваньні ў Нямеччыне. Некаторыя факты зь ейнай навуковай працы і высновы, да якіх прыйшла дасьледчыца, гучалі і на хвалях Радыё Свабода ў праграме «Беларуская Атлянтыда». Праз 8 гадоў Ірына Кашталян, цяпер ужо доктар гістарычных навук, каардынатарка інтэрнэт-праекту «Беларускі архіў вуснай гісторыі», зноў у студыі Радыё Свабода.

Фрагмэнт перадачы:

Вячаслаў Ракіцкі: Ірына, што адбылося ў вашым жыцьці — і асабістым, і навуковым — за гэты час? Які лёс той вашай дысэртацыі?

Ірына Кашталян: Я старалася быць пасьлядоўнай. Калі не атрымалася абараніць свой гонар у нашых судах, якія сказалі, што такая палітычна матываваная справа не падлягае іх разгляду, я падала дасьледчы праект на напісаньне дысэртацыі ў Бэрліне. Мне пашчасьціла перамагчы ў конкурсе, і мы зь сям’ёй паехалі ў Нямеччыну, дзе я ў Вольным унівэрсытэце, у Інстытуце Ўсходняй Эўропы, напісала дысэртацыю на ангельскай мове і ў 2012 годзе яе абараніла. Зь нядаўніх навінаў: у нас нарадзілася другое дзіця, гэта таксама вялікае шчасьце. І яшчэ. Калі я была ў Нямеччыне, паглядзеўшы, як працуюць з 20-м стагодзьдзем гісторыкі, якія нестандартныя тэмы бяруць, я зьвярнула ўвагу на вусную гісторыю, а таксама на тое, што ў Беларусі няма спэцыялізаванага архіву, які б захоўваў сьведчаньні часу паводле правілаў, якія б зрабілі гэтыя крыніцы вартымі даверу. І ў 2011 годзе я з групай аднадумцаў у Беларусі распачала праект, які называецца «Беларускі архіў вуснай гісторыі». З таго часу ім займаюся, я яго каардынатар.

Ракіцкі: Ці вялікая розьніца ў працы навукоўцаў на Захадзе і ў Беларусі? Ці цалкам незалежныя там дасьледчыкі гуманітарных праблемаў ад ідэалёгіі?

Кашталян: Вядома, там большая свабода. Асабліва ў маім выпадку гэта адчувалася. У Нямеччыне ніхто ня ўмешваецца ў тое, якія ты тэмы выбіраеш, наколькі яны афіцыйна падабаюцца ці не падабаюцца. Для іх незразумелы наш падыход да наватарскіх кірункаў, якія на Захадзе ўжо даўно не наватарскія. Таму я нашмат больш камфортна адчувала сябе пры дасьледаваньнях на Захадзе, тым больш што там жывуць — і ёсьць магчымасьць зь імі камунікаваць — мэтры тых кірункаў, якія мэтадалягічна былі мне цікавымі.

Ракіцкі: А што зацікавіла немцаў у вашым дасьледаваньні? Каму і дзеля чаго яно там было патрэбнае? Нарэшце — навошта фінансавалі?

Кашталян: Цікавае пытаньне, бо мая тэма не зьвязаная з гісторыяй Нямеччыны наўпрост. Вядома, у ёй ёсьць моманты, якія закраналі сытуацыю з пасьляваеннымі нямецкімі ваеннапалоннымі. Але ня гэта іх кранула. Яны зацікаўленыя даць свабоду акадэмічным дасьледаваньням, якія з пэўных прычынаў не маглі быць раней праведзеныя. У маёй сытуацыі яны пабачылі, што чалавек, які праводзіць рэальныя дасьледаваньні, мае фармальныя перашкоды, што яму трэба даць зялёнае сьвятло, магчымасьць даказаць, што ён нечага варты як навуковец. Тым болей што ў Вольным унівэрсытэце ў Бэрліне па беларускай тэматыцы нічога не дасьледавалася. Беларусь — белая пляма. Украіну, Расею дасьледуюць, а Беларусь практычна не прысутнічае там. І дзякуючы таму, што я напісала дысэртацыю і яна выйдзе асобнай кнігай па-ангельску і будзе разасланая ў бібліятэкі сьвету, інфармаванасьць у сьвеце па маёй тэме, па гісторыі Беларусі 20-га стагодзьдзя будзе большая.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG