У сеціве накінуліся на Валера Каліноўскага, які папрасіў пра інтэрвію ў Лукашэнкі, атрымаў запрашэньне і правёў гутарку. З гледзішча прафэсіі зрабіў тое, што мог зрабіць па самым высокім рахунку – узяў інтэрвію ў таго, хто прымае рашэньні. І калі б нават не атрымаў уцямных адказаў, дык прынамсі агучыў тыя пытаньні, якімі задаецца кожны неабыякавы грамадзянін. У Беларусі, захопленай у палон расейскай прапагандай, нават простае прагаворваньне словаў «Курапаты», «Статкевіч», «Напад Расеі на Ўкраіну» для многіх суайчыньнікаў становіцца адкрыцьцём.
І пасыпалася. Навошта хадзіў? Нецікавая гутарка. Паціснуў руку дыктатару. Легітымізуе рэжым. Робіць узурпатару перадвыбарчую рэкляму…
Дзіўна, што вінавацяць журналіста калегі, якія, аказваецца, пры ўсіх сваіх імёнах і здабытках, ня маюць базавага ўяўленьня аб прафэсіі, да якой нібыта належаць. Аб тым, што задаваць пытаньні – гэта журналісцкая работа. Каму? Хоць чорту лысаму, калі ад яго нешта залежыць. Журналіст – не палітык і не піяршчык. Інтэрвію Каліноўскага не дае ні найменшай падставы падазраваць яго ў выхадзе за межы прафэсіі.
Канечне, самы моцны выпад супраць Валера – «описался». Выпад моцны роўна настолькі, наколькі няпраўда. «Описался» Хама, а засьмярдзела ад Яромы.
Але выпад сымптапатычны. Разруха ў галовах ніколі не ўспрымала журналістыку як прафэсію, асабліва сёньня, калі «кожны можа». Яна, разруха, з гэтага і пачынаецца – з раскрышэньня этыкі як «хрыбта грамадзтва» (С).