Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдвард Лукас: Я хацеў бы пагаварыць з Лукашэнкам


Эдвард Лукас
Эдвард Лукас

На адрас незалежных журналістаў прагучала крытыка за іх інтэрвію з Лукашэнкам. Свабода папрасіла камэнтар у аднаго з найбольш вядомых заходніх журналістаў Эдварда Лукаса. Ён расказвае пра свой вопыт інтэрвію з палітыкамі, чые палітычныя погляды і паводзіны ён не прымае.

Інтэрвію журналістаў незалежных СМІ — Марыны Золатавай (tut.by), Валерыя Каліноўскага (РС) і Зьміцера Лукашука (Эўрарадыё) — з Аляксандрам Лукашэнкам 4 жніўня выклікала жывую рэакцыю ў сацыяльных сетках. Сярод моцна крытычных заўвагаў на адрас згаданых журналістаў адной з галоўных была такая, што, маўляў, ня варта было незалежным СМІ браць інтэрвію ў палітыка, які не адпавядае цывілізаваным палітычным стандартам і наогул гаворыць тое, што сам хоча сказаць, а ня тое, пра што яго пытаюць.

Мы папрасілі пракамэнтаваць сытуацыю з падобнага тыпу інтэрвію Эдварда Лукаса, аднаго з найбольш вядомых заходніх журналістаў сярод тых, хто асноўную ўвагу засяроджваюць на нашай частцы сьвету. Эдвард Лукас, які вучыўся ў Лёнданскай школе эканомікі і Ягэлёнскім унівэрсытэце, працуе ў брытанскім часопісе The Economist. У мінулым быў карэспандэнтам гэтага часопісу ў Бэрліне (1996-1998) і Маскве (1998-2002). Цяпер кіруе міжнародным аддзелам The Economist. У 2008 апублікаваў кнігу «The New Cold War», якая лічыцца на Захадзе адным з найлепшых паліталягічных аналізаў пуцінскага рэжыму ў Расеі.

РС: Ці здаралася вам у мінулым праводзіць інтэрвію з палітыкамі, якіх вы не пераносіце з увагі на іхныя палітычныя погляды і паводзіны?

Эдвард Лукас: А як жа! Я праводзіў інтэрвію з Лукашэнкам, я задаваў пытаньні Пуціну падчас ягоных прэсавых канфэрэнцый.


Сутнасьць журналістыкі пры інтэрвію з асобамі, зь якімі вы не пагаджаецеся, у тым, каб задаваць цяжкія пытаньні і ня менш цяжкія ўдакладненьні да пытаньняў, а калі яны даюць вам дрэнныя адказы, дык казаць ім, што вы атрымалі дрэнныя адказы. Журналістыка — гэта не фан-клуб, дзе вы гаворыце толькі зь людзьмі, зь якімі вы пагаджаецеся.


Гэта выдатная рэч, што незалежныя журналісты ў Беларусі мелі магчымасьць задаць пытаньні Лукашэнку. Розьніца паміж афіцыйнымі і незалежнымі СМІ палягае ў тым, што незалежныя СМІ могуць інтэрпрэтаваць атрыманыя адказы свабодна, скарыстоўваючы тую свабоду, якую яны маюць. Гэтага нельга сказаць, прыкладам, пра Советскую Белоруссию, якая задае простыя пытаньні і піша адказы, як быццам гэта была Божая мудрасьць...

РС: Як павінны паводзіць сябе журналісты падчас такіх размоваў? Напрыклад, ці павінны яны паціскаць руку палітыку, якую ён да іх працягвае на пачатку спатканьня? Або ці павінны яны прытрымлівацца нейкай палітычнай лініі падчас размовы?

Эдвард Лукас: Па-мойму, наўрад ці знойдзецца шмат прыкладаў на сьвеце, калі можна было б апраўдаць дэманстратыўную няветлівасьць журналіста падчас інтэрвію. Я думаю, у большасьці цывілізаваных краінаў існуе звычай падаваньня рукі, устаноўлены традыцыяй.

Я лічу, што Лукашэнка — вельмі дрэнны чалавек, ягоны рэжым забіваў людзей і разбураў шматлікія жыцьці, але калі вы апынаецеся твар у твар з такім чалавекам, вам трэба ўстанавіць зь ім нейкую супольную чалавечую плятформу. Таму вы паціскаеце руку. Ваша заданьне як журналіста — зрабіць як найлепшае інтэрвію.

Я думаю, у такіх інтэрвію найцяжэйшай праблемай зьяўляюцца абмежаваньні — калі, напрыклад, піяршчыкі палітыка кажуць вам загадзя, што нельга задаваць пытаньні пра гэта, што нельга пра тое... Часам, з увагі на падобныя абмежаваньні, ня варта рабіць інтэрвію наогул. Але калі вы ўжо зрабілі, то чытачоў трэба праінфармаваць, што былі такія абмежаваньні...

РС: Што вы думаеце пра Лукашэнку як пра суразмоўцу? Вам хацелася б узяць у яго інтэрвію?

Эдуард Лукас: Безумоўна, хацелася б!

Насамрэч, я браў у яго інтэрвію. Ягоныя адказы — незвычайна даўгія і бязладныя.

У мяне была тая перавага перад іншымі заходнімі журналістамі, што я гавару па-расейску. Я яго перапыняў, кажучы: «Точно!», а потым прасіў яго ўдакладніць тое, пра што ён гаварыў. Няма закону супраць таго, каб перапыняць палітыка. Падобнае было ў мяне і з Гарбачовым — ягоны адказы таксама былі неверагодна даўгія. Таму трэба было ўкліньвацца і казаць Гарбачову, маўляў, давайце ўсё ж гэтую лекцыю ператворым у размову...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG