Напэўна, у сьпісе дзесяці найбольш тыражаваных пісьменьнікаў у Беларусі паводле Нацыянальнай кніжнай палаты адносна аднаго чалавека найчасьцей гучала пытаньне: «А хто гэта»? Сапраўды, імя Аляксандра Росіна цяпер мала каму нешта кажа.
Хіба што тым, хто вучыўся разам зь ім на філфаку БДУ. Прынамсі, мне.
Даведка
Аляксандар Росін нарадзіўся ў Сочы ў 1952. Скончыў філфак БДУ, год працаваў настаўнікам вясковай школы. У 1978-1990 — супрацоўнік часопіса «Рабочая смена» («Парус»). Аўтар кніг «Цирковое представление», «За Золотым Руном», «Волшебный круг манежа», «Розыгрыш», «Клоун без грима», кіно-, тэле і цыркавых сцэнароў. У сэзоне 1990-1991 гастраляваў зцыркам «The Big Apple» па ЗША. У 1989 часопіс «Советская эстрада и цирк» назваў А. Росіна найлепшым журналістам краіны, які піша пра цырк. У 1995 пераехаў у ЗША, друкаваўся ў газэтах і часопісах Бостана, Ню-Ёрку, Лос-Анджэлесу. З 2000 жыве ў Маямі, дзе заснаваў часопіс «Флорида». У 2009 часопіс і ягоны рэдактар сталі ляўрэатамі Фонду В. Астаф’ева. Зь лютага 2010разам з дачкой Юляй пачаў выдаваць штомесячны дадатак да часопіса «Флорида» — «Парус-FL». Жонка Ірына — дачка беларускага пісьменьніка Сяргея Міхальчука, сястра журналіста Аляксандра Міхальчука.
Паводле падлікаў аўтара, кніга «Цирковое представление» з перавыданьнямі мела наклад 3 мільёны 400 тысяч асобнікаў. Я, зразумела, ня мог не скарыстаць магчымасьць задаць колькі пытаньняў свайму аднакурсьніку, цяперашняму жыхару Маямі і рэдактару-выдаўцу часопіса «Флорида».
— Як жыхар Сочы стаў студэнтам БДУ?
Росін: Я жыў у Дагамысе. У нас, як і ў Сочы, не было ВНУ. З 32 чалавек нашай клясы паступілі ў інстытуты 26, разьехаліся ад Уладзівастоку да Калінінграду... Ехалі туды, у каго былі дзе радня ці хоць бы знаёмыя. У нас у Беларусі былі і радня, і сябры, і мама партызаніла ў Налібоках, цётка ўсю вайну была ў менскім падпольлі, беларускія кнігі, песьні і госьці зь Беларусі ў нашай дагамыскай кватэры былі заўсёды, колькі я сябе памятаю.
РС: Чым запомніўся філфак?
Росін: Пакуль сур’ёзна не заняўся замежнай літаратурай, было сумна. Лекцыі злачынна прапускаў. Але было шмат сяброў, прыгожыя дзяўчыны-сяброўкі, паўгалоднае, але вясёлае жыцьцё. Як мы сьпявалі тады: «Такое наше житие в четвертом общежитии, хошь Новый год, а хочешь Первомай. Помочишься, помучишься, авось чему научишься, Dum spiro spero, выпил — налевай!» З пэдагогаў лепшыя — Уладзімір Карабан, Ларыса Кароткая і Барыс Міцкевіч. Яны былі сапраўднымі.
РС: Ці даводзілася падчас студэнцкіх гадоў кантактаваць зь беларускімі пісьменьнікамі?
Росін: Зразумела, гэта ж філфак! У Дагамысе некалі быў такі жарт: у каго ні плюнь, трапіш ці ў шафёра, ці ў афіцыянта. Так і на філфаку: кожны другі — паэт. І сярод пэдагогаў былі людзі, якія пісалі, і сярод студэнтаў было шмат адораных людзей. Косьця Куксо некалі пазнаёміў мяне з Уладзімерам Караткевічам. І гэта было для мяне вялікай падзеяй.
— Хто зь беларускіх пісьменьнікаў табе больш па душы?
— З дзяцінства — Максім Багдановіч і Янка Купала. Потым — Караткевіч, Барадулін, Быкаў, пэўныя раманы Мележа.
— Праца ў школе, далей — «Рабочая смена»?
— Мяне не любілі кадравікі. Я быў тыповы «лятун», так гэта тады называлася. Пасьля вясковай школы некалькі месяцаў правёў у выдавецтве «Ўраджай», потым на Беларускім радыё, у бюлетэні «Мелиорация и водное хозяйство», газэце «Железнодорожник Белоруссии». Недзе яшчэ, ня памятаю. І гэта ўсяго за тры гады. Але калі трапіў у «Рабочую смену», больш нікуды не хацеў. Праца там — найбольш яскравыя гады ў маім журналісцкім жыцьці.
— Што табе дала журналістыка?
— Літаральна ўсё. У камандзіроўках я аб’ехаў увесь Саюз, быў там, дзе мала каму даводзілася бываць, пазнаёміўся зь вельмі цікавымі людзьмі і напісаў пра іх. За адно сваё жыцьцё пасьпеў прымераць на сабе «скуру» палярніка, геоляга, тыгралова, камандзіра падводнай лодкі — гэта выдатна!
— Як даўно зацікавіўся цыркам, чаму?
— Калі мама — гэта ўсё, што датычыцца Беларусі, дык тата — гэта ўсё, што зьвязана з цыркам. Да вайны ён быў гімнастам, цырк любіў неверагодна! І мне перадаў гэтую ж страсьць. Акрамя таго, яшчэ хлопчыкам я засвоіў жангляваньне, нават падрыхтаваў нумар, зь якім у складзе філярманічнай гоп-брыгады езьдзіў з канцэртамі па горных сёлах вакол Сочы і ў Абхазіі. Працаваў няблага, мне нават вялікія жанглёры таго часу Сарват Бегбудзі і Эдуард Аберт давалі рэкамэндацыі ў цыркавую вучэльню. Хапіла розуму зразумець, што найлепшым ня буду, а сярэднім быць сумна. Сярэдніх і бязь мяне хапае. Навярстаў усё, калі пачаў пісаць пра цырк. Кнігі, сцэнары тэлефільмаў і цыркавых спэктакляў, нарысы і гутаркі з выдатнымі артыстамі манэжу.
— Зь якіх прычын, калі тое не сакрэт, ты зьехаў у ЗША?
— У 1990 годзе вялікаму паветранаму гімнасту Валерыю Панцялеенку амэрыканскі цырк «Биг Эпл» прапанаваў гадавы кантракт. Гэта быў першы прыватны кантракт, заключаны з савецкім артыстам. Валера прыехаў у Менск і прапанаваў паехаць разам. Ён афармляе мяне асыстэнтам, а я за гэты час напішу кнігу ўспамінаў цыркавога гімнаста. Я пагадзіўся, узяў з сабой сына, і мы на 9 месяцаў трапілі ў зусім іншы сьвет. І не турыстамі, мы пабачылі яго знутры. Кнігу я напісаў, яна называецца «Моя опора — воздух». І палюбіў Амэрыку. Вярнуўся ў Менск, працаваў у газэце «Невероятный мир». Потым у Сочы рэдагаваў газэту «Люди риска», пісаў пра вайну ў Абхазіі, дапамагаў многім уцекачам, у тым ліку журналістам, вярнуцца ў прафэсію. А калі дачка выйшла замуж і зьехала ў Амэрыку, мы вярнуліся ў Менск. То быў адзіны пэрыяд у маім жыцьці, калі я працаваў адначасова ў 4 выданьнях. Калі ж у Бостане нарадзіўся ўнук, пытаньне пра выезд было вырашана.
— Колькі ж тваіх кніг выдадзена і якая зь іх зрабілася бэстсэлерам?
—У Саюзе ў мяне выйшла 5 кніг: дзіцячыя, кніга нарысаў, зборнік апавяданьняў і аповесьць. Неяк я прапанаваў свайму сябру мастаку Косьцю Куксо зрабіць кніжку-раскладушку «Цирковое представление». Яму ідэя спадабалася, ён зрабіў карцінкі, я напісаў вершы ў чатырох радках. Выдавецтва ахвотна ўчапілася за прапанову. Цяпер нават дакладна і ня памятаю, заплацілі мне ці то 60, ці то 80 рублёў. А потым выдавецтва пачало гнаць мільённыя наклады, а колькі было пірацкіх копій, ня ведае ніхто. Але нам з Косьцем больш нічога не заплацілі.
— Крышку пра часопіс «Флорида». Якая была ідэя выданьня, як даўно пачалося, хто фінансуе, якая аўдыторыя?
— У Бостане я працаваў на міні-аўтобусе ў гатэлі і таксістам. Але пісаў праз увесь час, друкаваўся ў расейскамоўных выданьнях. Потым мяне запрасілі ў газэту «Русская реклама», а зь яе пераманілі ў часопіс «Контакт». Я крыху пачаў разумець, як ладзіцца бізнэс. Гаспадаром «Контакта» быў Міша Зайцаў, які да ад’езду ў ЗША працаваў на радыё ў Гомелі. Ён любіў радыё, але ў справах часопіса нічога не разумеў. Папера, вёрстка, падача матэрыялаў былі ніжэй за плінтус. Я спрабаваў яму нешта тлумачыць, але ён не хацеў выдаваць грошы на паляпшэньне выданьня. І мы разьвіталіся. Я забраў жонку, унука і бацькоў і пераехаў у Маямі. Першы нумар «Флориды» выйшаў 30 сьнежня 2000 году. Потым прыехала дачка і ўзяла на сябе збор рэклямы, і жыцьцё маё зрабілася радасным, таму што займацца бізнэсам я не магу і не люблю. А ў яе гэта выдатна атрымліваецца. Пяць гадоў таму мы пачалі выдаваць газэтны дадатак да часопіса «Парус—FL». У часопісе 128 старонак, у газэце 40 палос. Жывём за кошт рэклямы і ні ад каго не залежым.
— Што ты адчуў, калі даведаўся, што трапіў у ТОР-10?
— Мне спадабалася, што я трапіў у сьпіс клясыкаў. Гэта як у Шаова: «По классикам тоскуя». Але, зь іншага боку, лічбы — рэч аб’ектыўная. Да таго ж прыемна, што я пакуль яшчэ жывы. Можна казаць, адзіны жывы клясык.
— А якім, цікава, пісьменьнікам ты сябе лічыш — рускім, беларускім, амэрыканскім?
— Хутчэй за ўсё, лічу сябе амэрыканскім аўтарам, які піша па-расейску пра Амэрыку і Беларусь.