Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На заводзе ў Берасьці прымусова зьбіралі подпісы за Лукашэнку


Праваабаронцы заклікаюць грамадзян паведамляць пра выпадкі прымусу з боку адміністрацыяў прадпрыемстваў падпісвацца за таго ці іншага прэтэндэнта ў кандыдаты.

Праваабаронцы атрымалі ліст ад жыхаркі Берасьця, у якім яна паведамляе пра парушэньне выбарчага заканадаўства падчас збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку.

«Справа адбываецца ў г. Берасьце, ААТ „Берасьцейскі электрамэханічны завод“. Учора (27 ліпеня) усім было абвешчана, што ўсе супрацоўнікі, у якіх ёсьць пашпарты, павінны падпісацца за цяперашняга. Ініцыятыўная група разьмясьцілася ў аддзеле кадраў у пэрыяд з 14:30 да 16 гадзіны. Тыя ж, хто ня мае пры сабе дакумэнта, павінны прынесьці яго на наступны дзень. Начальнікам аддзелаў даверана даць сьпісы тых, хто адмовіўся ставіць подпіс. Такія справы...

І што цікава, пасьля таго як я адмовілася паставіць подпіс, прайшла чутка па заводзе, што ў нейкі зь дзён я выходзіла з працы ў нецьвярозым стане. Супадзеньне? Ня думаю)))))», — цытуе ліст жыхаркі Берасьця Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Праваабаронцы адзначаюць, што такія дзеяньні парушаюць ч.10 арт. 61 Выбарчага кодэксу:

«Удзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, роўна як і прымус у працэсе збору подпісаў і ўзнагароджваньне выбаршчыкаў за ўнясеньне подпісаў, не дапускаюцца. Парушэньне гэтых патрабаваньняў можа быць падставай для адмовы ў рэгістрацыі альбо адмены рашэньня аб рэгістрацыі кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь».

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» зьвярнулася да грамадзян з просьбай паведамляць пра выпадкі ціску з боку адміністрацыяў прадпрыемстваў і ўстановаў з мэтай прымусіць падпісацца за таго ці іншага прэтэндэнта ў кандыдаты, а таксама пра факты іншых парушэньняў выбарчага заканадаўства. Праваабаронцы абяцаюць аказаць прававую дапамогу ў абскарджваньні незаконных дзеяньняў адміністрацыяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG